Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пазбаўляюць волі за падтрымку арыштаваных у Менску ўкраінцаў і беларусаў<b/>


Алесь Дашчынскі, Менск Басманны суд Масквы працягваў разгляд справаў удзельнікаў мітынгу каля амбасады Беларусі ў Расеі. Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі вызваленьня арыштаваных у Менску падчас “Чарнобыльскага шляху” грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны.

Удзельнікаў акцыі пратэсту каля беларускай амбасады вінавацяць у “непадпарадкаваньні законнаму распараджэньню міліцыянта”. Сёньня паводле гэтага артыкулу судзілі Сямёна Бурду. З залі суду паведаміў актывіст моладзевага руху “Яблоко” Іван Бальшакоў:

(Бальшакоў: ) “Толькі што вынесьлі вырак Сямёну Бурду. Вырак такі ж самы, пад капірку, пратакол судовага паседжаньня пад капірку як было ўчора. Сямёну Бурду гэдак сама далі шэсьць сутак”.

У чацьвер за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню міліцыянта Басманны суд Масквы ўжо прысудзіў шэсьць сутак арышту Дзьмітрыю Кокараву. Цяпер ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары на Пятроўцы, 38. На спатканьне зь ім не пускаюць бацькоў, і ён абвясьціў галадоўку.

Другую ўдзельніцу мітынгу Ірыну Вараб’ёву зьвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня вулічных акцыяў. Паводле рашэньня суду яна павінна заплаціць штраф — 500 расейскіх рублёў. Сёньня ўвечары Басманны суд разгледзіць справу яшчэ аднаго дэманстранта. Судзьдзя заявіла, што справы будуць разглядацца нават у сьвяты.

Яшчэ чакаюць разгляду сваіх справаў Вадзім Рэзвы, Ягор Шалаеў, Віталь Рэзьнікаў, Пётар Карнавухаў ды Іван Бальшакоў. Бальшыня зь іх — удзельнікі “Чарнобыльскага шляху” у Менску. Актывіст моладзевага руху “Яблоко” Іван Бальшакоў быў сярод арыштаваных у Менску.

(Бальшакоў: ) “Расея рухаецца ў бок Беларусі, прынамсі ў гэтым. Хутка ў нас гэдак жа будуць даваць суткі за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Калі мы сядзелі ў Менску, то была нейкая дамоўленасьць паміж Расеяй і Беларусьсю пра тое, каб нам давалі адпаведна 15 і 10 сутак ў Менску. Ва ўсіх гэтых дзеяньнях Уладзімера Пуціна, у ягонай палітыцы ў Расеі па ператварэньні краіны ў аўтарытарную дзяржаву, у яго ёсьць падтрымка з боку Беларусі. Ёсьць на каго глядзець”.

Акцыю пратэсту каля беларускай амбасады ў Маскве зладзілі актывісты моладзевых рухаў “Яблоко”, “Союз правых сил” і “Идущие без Путина”.

Сярод дэманстрантаў былі непасрэдныя ўдзельнікі “Чарнобыльскага шляху”, якія разам зь беларусамі і ўкраінцамі некалькі дзён адседзелі ў менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку. Удзельнікі акцыі ў Маскве зь бел-чырвона-белымі сьцягамі спрабавалі перадаць у беларускае дыппрадстаўніцтва турэмную робу і баланду для Аляксандра Лукашэнкі. Аднак мітынг быў разагнаны ўжо празь дзесяць хвілінаў пасьля пачатку. Згадвае актывіст моладзевага руху “Яблоко” Іван Бальшакоў:

(Бальшакоў: ) “Калі мы падыходзілі да беларускай амбасады, там ужо стаяў амонаўскі аўтобус, было вельмі многа амонаўцаў і міліцыянтаў. Былі таксама супрацоўнікі ФСБ, якія нас потым дапытвалі ў аддзеле міліцыі”.

Маладзёнаў адпусьцілі на волю “пад слова гонару” ўпаўнаважанага ў правах чалавека ў Расеі Ўладзімера Лукіна, які паабяцаў, што наступным днём удзельнікі мітынгу зьявяцца ў суд. Адміністрацыйныя справы былі заведзеныя адносна васьмі жыхароў Масквы і Маскоўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG