(Арэхава: ) “Так, Савет міністраў накіраваў дакумэнт на канчатковае ўзгадненьне. Але, прыкладам, калі мы будуем дом, то пакуль ня будзе зацьверджаная дакумэнтацыя, мы ня зможам закладваць падмурак. Ёсьць пэўны парадак працы і ў дадзеным выпадку. Таму нешта канкрэтна з гэтай нагоды сказаць наўрад ці магу”.
Крыніцы ў Акадэміі навук сьведчаць, што рэальныя паўнамоцтвы ў найбольш важных пытаньнях дзейнасьці тэхнапарку бярэ на сябе Аляксандар Лукашэнка. Так, у праекце пазначана, што асабіста прэзыдэнт прымае рашэньне наконт прызначэньня кіраўніцтва парку і вызначае прэфэрэнцыі асобным яго ўдзельнікам. Акадэмік Аляксандар Вайтовіч лічыць, што, ня маючы перадумоваў да разьвіцьця інавацыйных тэхналёгіяў, нават у тэорыі разьлічваць на прыток замежных тэхналёгіяў, альбо экспарт беларускіх “ноў-хаў” за мяжу не выпадае.
(Вайтовіч: ) “Усё гэта патрабуе ад нас вельмі добрых, партнэрскіх стасункаў з замежнымі фірмамі. Самім вельмі цяжка прабіцца на замежны рынак, нашыя фірмы, на жаль, ня маюць досьведу працы на зьнешнім рынку. Гэта стрымлівае разьвіцьцё інавацыйнага працэсу ў Беларусі; не відаць, каб асабліва інавацыйныя кампаніі імкнуліся ў Беларусь. Але чаму дзівіцца? Пастаянна мяняецца інавацыйная база, указы, дэкрэты адзін за адным ідуць, адзін адменьвае другі…”
Супрацоўнікі Акадэміі навук прызнаюць, што мала хто з навукоўцаў сур’ёзна прымае пэрспэктыву працаўладкаваньня ў беларускай “Крэмніевай даліне”. Кіраўнік цэнтру маніторынгу міграцыі НАН Міхаіл Арцюхін кажа, што “мазгі” па-ранейшаму зь Беларусі ўцякаюць. Іншага працэсу не назіраецца. І ў гэтым кірунку ўсё больш прыцягальнай робіцца Расея.
(Арцюхін: ) “Моладзь традыцыйна імкнецца на Захад. Больш сталыя ўсё часьцей атрымліваюць запрашэньні з Расеі, і менавіта Расея робіцца краінай-рэпіцыентам: мы ў значнай частцы ёсьць для яе донарам. Але гэта лёгка растлумачыць: заробкі ў Маскве, у Піцеры непараўнальна вышэйшыя, і доктар навук мае там больш магчымасьцяў”.
Адказны за рэалізацыю праекту “Парку высокіх тэхналёгіяў” у прэзыдэнцкай адміністрацыі — памочнік Аляксандра Лукашэнкі Валеры Цапкала. Нядаўна ён стаў ляўрэатам штогадовай інтэрнэт-прэміі “Тытанік Байнэту”. “Тытанікам” паводле вынікаў галасаваньня адзначаюць найгоршыя рэсурсы беларускага інтэрнэту. Народны выбар выпаў на інтэрнэт-сайт “Парку высокіх тэхналёгіяў”.