Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная воля" друкуе ліст КХП-БНФ да Лукашэнкі з патрабаваньнем ягонай адстаўкі


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Народная Воля” на першай паласе зьмясьціла матэрыял, прысьвечаны Зьмітру Завадзкаму. Юрыст Гары Паганяйла сьцьвярджае, што парэшткі журналіста можна знайсьці на могілках недалёка ад Крупак. Менавіта там сьведкі бачылі Ігнатовіча, якога абвінавачваюць у выкраданьні Зьмітра Завадзкага, 7 ліпеня – у дзень, калі зьнік журналіст. Рэдакцыя ставіць пытаньне: “Ці памыляўся Гары Паганяйла, калі даваў інтэрвію швэдзкаму тэлебачаньню?” Менавіта гэта стала прычынай крымінальнай справы за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Справу спынілі, а фармулёўку “за паклёп” зьмянілі на “памылку”.

Чытачы “Народнай Волі” могуць даведацца прозьвішчы лаўрэатаў прэміі імя Ігара Герменчука. А таксама прачытаць заяву БАЖ аб тым, што ў Беларусі прафэсія журналіста небясьпечная. На Гарадзеншчыне зачыненыя амаль усе незалежныя выданьні.

Газэта надрукавала ліст сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем ягонай адстаўкі. Яны заяўляюць аб тым, што пасаду прэзыдэнта ён займае незаконна. Выбары 2006 году мусяць адбыцца без ягонага ўдзелу.

Рэдакцыя “НВ” засьцярагае чытачоў аб тым, каб яны не набывалі адказы на пытаньні тэстаў у розных махляроў. У Берасьці затрымалі такога чалавека, які праз інтэрнэт прадаваў адказы, палова зь якіх былі з памылкамі.

“Комсомольская правда в Белоруссии” распавядае пра жудасны выпадак – У Сьветлагорску парадзіха падкінула немаўлятка ў пад’езд дома, дзе яно праляжала ўсю ноч. Дзіця не загінула. Цяпер супрацоўнікі дзіцячага дома прыдумляюць імя, а міліцыянты шукаюць маці-"зязюлю".

Жыхары Чырвонага Бора ў Менску змагаюцца з будаўнікамі за дзіцячы садок. “КП” распавядае аб тым, як цягам году жыхары пратэстуюць супраць будаўніцтва двух шматпавярховых дамоў на тым месцы, дзе заплянавана будаўніцтва дзіцячага садка і басэйна. Яны перамаглі на нейкі час, але тыдзень таму сытуацыя зноў абвастрылася.

У адмысловым дадатку “Здароўе” чытачы могуць прачытаць парады мэдыка наконт таго, што алергікам у траўні лепш гуляць ноччу. У траўні квітнеюць дубы, вольха, клён ды іншыя дрэвы, а таксама розныя травы. Гэта выклікае моцную алергію. Калі яе своечасова не лячыць, то можна захварэць на астму.

“Курьер из Борисова” паведамляе аб тым, што з ваенна-гістарычнага музэя ў вёсцы Іканы невядомыя скралі нямецкі мотапед ваенных часоў. Такія ровары з маторчыкам выкарыстоўвалі фашысцкія часткі. Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што калгасьніку такі ровар не патрэбны. Пакуль яго кошт ацанілі ў 5 000 даляраў. Магчыма, ён падвысіцца пасьля таго, як яго ацэняць менскія экспэрты з музэя Вялікай Айчынай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG