Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Расеі і Ўкраіны ў Беларусь завозіцца шмат падробленых мэдычных прэпаратаў


Міхал Стэльмак, Менск З прэсы вядома, што на постсавецкай прасторы ценявы лекавы рынак вельмі пашыраны. Праблема стаіць так востра, што пра яе ўголас кажуць ня толькі прадстаўнікі грамадзкасьці, але і ўлады. А ў Беларусі?

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя прызнае, што аб''ём фальсыфікаты сярод лекаў даволі высокі – ад 6 да 8 працэнтаў. Больш за ўсё падрабляецца антыбіётыкаў – каля 40 працэнтаў, на другім месцы псыхатропныя прэпараты, каля 20 працэнтаў. Аднак у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі заяўляюць: беларускі рынак лекавых прэпаратаў удалося зьберагчы ад наплыву падробак, і такім чынам міжнародная статыстыка, справы суседзяў беларусаў не асабліва тычацца. У прыватнасьці, вось што паведаміла начальнік упраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і лекавага забесьпячэньня Людміла Рэўцкая:

(Рэўцкая: ) “У нас досыць добрая сыстэма кантролю. “Пасэрыйны” кантроль: той, які быў у час існаваньня Савецкага Саюзу. Кожная партыя, кожная сэрыя – усе яны праходзяць кантроль у нашых лябараторыях. На гэтай стадыі яны, як правіла, і выяўляюцца. Былі тэндэнцыі ня надта добрыя. Але летась быў толькі адзін выпадак. А сёлета ніводнага”.

Спадарыня Рэўцкая, якая ўзначальвае фармацэўтычную інспэкцыю ў Міністэрстве аховы здароўя, кажа пра поўную адсутнасьць лекавых фальсыфікатаў у Беларусі. А ці пагаджаюцца зь ёй шарагоўцы, хворыя людзі, якія часта карыстаюцца лекамі?

Што тычыцца грамадзкай думкі, дык у цэлым яна зводзіцца да наступнага: на жаль, падробленыя лекі ёсьць і ў Беларусі. Той, хто ўжывае прэпараты рэгулярна, не аднойчы заўважаў: адны зь іх сёньня маюць добры эфэкт, а заўтра амаль нулявы... А то яшчэ горш: уплываюць на здароўе адмоўна. І хоць мэдыкі кажуць пра шэраг аб''ектыўных тлумачэньняў гэтага, апытаныя мною жыхары сталіцы робяць іншыя высновы:

(Карэспандэнт: ) “Ці лічыце Вы магчымым існаваньне ў Беларусі фальшывых лекаў?”

(Спадарыня Любоў: ) “Вядома, дапускаю”.

(Спадарыня Алена: ) “Хто яго ведае”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Адзін вып’еш лек – добра, а іншы п’еш-п’еш – і нічога. Значыцца, розныя”.

(Спадарыня Святлана: ) “Я прымаю нафтазін украінскага вырабу, дык ён нейкі падроблены: ніяк не дзейнічае”.

(Спадарыня Галіна: ) “Які прэпарат дапамагае, а які – не. Яшчэ колькі бывае гэтых падробак”.

Думкі мэдыкаў і хворых пра якасьць лекаў істотна разыходзяцца. Ці ёсьць у гэтай дыскусіі нейкі своеасаблівы "трацейскі" бок з аўтарытэтным меркаваньнем? Сёлета ў Менску праходзіла буйная нарада фармацэўтаў краінаў Садружнасьці на тэму барацьбы з лекавымі “фальшыўкамі” на постсавецкай прасторы. Там і прагучала прызнаньне: у Расеі і ва Ўкраіне, адкуль у Беларусь завозіцца асноўная частка імпартных лекаў, вельмі шмат так званых "левых" прэпаратаў.

Між тым, у краіне няма ні незалежных спэцыялістаў-фармацэўтаў, якія б аналізавалі падзеі на рынку лекавых прэпаратаў, ні незалежных кантрольна-аналітычных лябараторыяў. Дарэчы, многія фальсыфікаты так якасна падроблены, што іх не заўжды можна выявіць пры дапамозе цяперашняга абсталяваньня беларускіх кантрольна-аналітычных лябараторыяў.

З другога боку, зноў жа дзяржава кантралюе толькі легальныя пастаўкі фармацэўтычнай прадукцыі. Але праўда жыцьця ў тым, што ёсьць яшчэ і нелегальныя. Пра тое, ці трапляюць у Беларусь лекавыя падробкі праз гэты канал, гаворыць прадстаўнік адной з фармацэўтычных фірмаў, які, па зразумелых прычынах, не захацеў называць свайго прозьвішча:

(Спадар: ) “Могуць, калі нейкія “фірмачкі”, якія завозяць у валізках. Была такая фірма “Авіцэна”. Яна як: заяўкі прымала па тэлефонах. І нават завозіла прэпараты, якія не зарэгістраваныя ў Беларусі. Але ж попыт ёсьць, людзям патрэбна. Кожны дзень цягніком перадаваліся гэтыя лекі. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў злавіў іх на гэтым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG