Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаньне думак чалавека – не фантастыка, а блізкая будучыня


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Навука падыходзіць усё бліжэй да моманту, калі стане магчымым чытаньне думак чалавека – гэта вынікае з вынікаў дасьледаваньняў, якія надрукаваў напярэдадні часопіс "Nature Neuroscience".

Нярэдка здараецца, што чалавек нешта бачыць, але не ўсьведамляе, што ён гэта бачыць. Адпаведныя дасьледаваньні пры дапамозе мэтаду магнітнага рэзанансу могуць дапамагчы выкрыць, што чалавек бачыць, калі сам гэтага не ўсьведамляе – гэта, паводле навукоўцаў з University College у Лёндане, шлях да таго, каб навучыцца чытаць думкі чалавека.

Доктар Джэран Рыз і доктар Джон Дылан Хэйнс паспрабавалі запісаць актыўнасьць кары галаўнога мозгу ў раёне зрокавай кары – гэта частка мозгу, якая адказвае за расшыфроўку сыгналаў, якія ідуць ад вачэй. Ахвотныя ўдзельнікі экспэрымэнту глядзелі на розныя аб’екты, якія зьяўляліся на маніторы кампутара.

Мэтад магнітнага рэзанансу дазваляе рэгістраваць адпаведную рэакцыю мозгу на аб’екты, што з’яўляюцца на кампутарным маніторы, нават калі чалавек іх не заўважае. Напрыклад, калі хутка зьмяняліся дзьве карцінкі, то ўдзельнік экспэрымэнту звычайна заўважаў і разумеў толькі адну зь іх, у той час як мозг аднолькава рэагаваў на абедзьве – гэта заўважалі адпаведныя прыборы.

Паводле навукоўцаў, гэта сьведчыць аб тым, што калі працягваць працу, дык пры дапамозе мэтаду магнітнага рэзанансу і адпаведных кампутарных праграмаў можна будзе насамрэч чытаць думкі чалавека – напрыклад, даведвацца пра нашы схаваныя страхі, прычыны тых ці іншых дзеяньняў чалавека ці ўспамінаў, якія знаходзяцца ў нашай падсьвядомасьці. Першыя пасьпяховыя спробы ў гэтай справе ўжо зрабілі японскія навукоўцы.

У рамане “1984” Джорджа Оруэла ёсьць тэрмін “думка-злачынства”, а ў фантастычных апавяданьнях робаты патралююць гарады ў пошуках патэнцыйных злачынцаў, якія выношваюць у думках пляны будучых супрацьзаконных дзеяньняў.

Як сьведчаць вынікі дасьледаваньняў, гэткая фантастычная літаратура ў наш час становіцца ўсё менш фантастычнай, а хутчэй навуковай.
XS
SM
MD
LG