Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП распрацоўвае “Праграму бачаньня будучыні Беларусі”


Алесь Дашчынскі, Менск Аб''яднаная грамадзянская партыя прыступіла да распрацоўкі “Праграмы бачаньня будучыні Беларусі”. Яе мэта – стварыць прывабны вобраз Беларусі для выбарцаў, своеасаблівы плян дзеяньняў у выпадку перамогі апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. “Бачаньне” павінна стаць паводле кіраўніцтва АГП пазытыўнай альтэрнатывай курсу, які праводзіць цяпер беларускае кіраўніцтва.

Экспэртнай групай кіруе намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Яго я і папрасіў расказаць пра пазытыў стратэгіі дэмакратычных сілаў.

(Раманчук: ) “Лукашэнка гаворыць пра нейкіх ворагаў, пра нейкія канфлікты, ён заўжды робіць акцэнт на тым, што Беларусі трэба рыхтавацца да вайны, да нейкіх канфліктаў, да абароны. Мы ж робім акцэнт на тым, што трэба рыхтавацца да працы, да партнэрства з усімі, а не да абароны, таму што мы лічым, што бліжэйшыя 50 гадоў ніхто вайной на Беларусь ня пойдзе”.

Замест палітыкі самаізаляцыі, якую прапануюць сёньняшнія ўлады, дэмакратычныя экспэрты стаяць за адкрытую, эўрапейскую Беларусь, інтэграваную ва ўсясьветную эканоміку. Натуральна, што праграма будзе ахопліваць усе сфэры жыцьцядзейнасьці грамадзтва – эканоміку, палітыку, кіраваньне дзяржавай, разьвіцьцё культуры, адукацыі, мэдыцыны і гэтак далей.

Паводле Яраслава Раманчука, альтэрнатыўная канцэпцыя будзе распрацавана хутчэй, чым зьявіцца адзіны кандыдат на прэзыдэнта. Менавіта ёй, мяркуе спадар Яраслаў, і зможа карыстацца прадстаўнік апазыцыі. Але праграма ня будзе мець пэўнай партыйнай прыналежнасьці, своеасаблівага брэнду “Зроблена ў АГП”, проста яна ініцыяваная там. Над дакумэнтам працуе вялікая колькасьць экспэртаў зь вядучых інтэлектуальных цэнтраў Беларусі, у тым ліку і дзяржаўных. Частка гэтых спэцыялістаў увойдуць у склад Нацыянальнага камітэта, “ценявога ўраду”, які мяркуецца аднавіць бліжэйшым часам.

(Раманчук: ) “Той урад, якім кіраваў Генадзь Карпенка ў 1997-1998 гг., таксама будзе рэанімаваны, і мы думаем над тым, як надаць яму нейкую легітымнасьць. Тыя людзі, якія будуць працаваць над гэтым “Бачаньнем” Беларусі, большая частка з іх увойдзе ў ценявы урад, які будзе аналізаваць цякучую палітыку нашага ўрада і прапанаваць свае альтэрнатыўныя рашэньні існуючых праблем”.

Ці можна спадзявацца, што праграма, якую ініцыявалі сябры АГП, будзе адзінай для ўсіх? Кіраўніцтва АГП вядзе кансультацыі зь іншымі аналітычнымі групамі, якія займаюцца распрацоўкай стратэгіі для Беларусі на выпадак прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў. Мэта гэтых кансультацый – выйсьці на адзін узгоднены праект. Кіраўнік групы беларуска-расейскага фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў таксама гаворыць, што ён запрашае ўсіх зацікаўленых да супрацы.

(Лявонаў: ) "Любая партыя, АГП і камуністы, хто лічыць патрэбным, мы будзем вельмі рады. У тым ліку мы запрашаем і экспэртаў, калі нейкія пытаньні ёсьць".

Паводле спадара Лявонава, ён з калегамі да канца траўня падрыхтуе сваю канцэпцыю будучыні Беларусі. Ці будзе яна своеасаблівай контрпраграмай той палітыцы, якую выклаў Лукашэнка ў нядаўнім пасланьні да парлямэнту і народу?

(Лявонаў: ) "Мы ні з кім у альтэрнатыву не ўступаем, мы нават запрашаем уладу: калі ласка, хадзіце, будзем абмяркоўваць, як лепш зрабіць нашую дзяржаву, каб яна была нармалёвай дзяржавай. Ні з кім, ні ў які супраціў мы не ўступаем. Мы запрашаем для абмеркаваньня праекта "Наша будучая дзяржава пасьля Лукашэнкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG