Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў першую ў Эўропе Канстытуцыю


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 траўня

Трэцяга траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў Канстытуцыю – першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Тагачасныя беларусы жылі паводле гэтай канстытуцыі да захопу беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй. Праўда, сёньня ў нас мала хто ведае пра гэтую дату і зьмест колішняй канстытуцыі. А вось у Польшчы памяць пра тую канстытуцыю і сёньня ўшаноўваецца на дзяржаўным узроўні.

3 траўня 1469 году нарадзіўся Нікола Макіявэлі, італьянскі мысьляр, гісторык і палітык часоў эўрапейскага Адраджэньня. Гэта Макіявэлі замацаваў у якасьці нормы тэзу пра тое, што ў палітыцы мэта апраўдвае сродкі.

3 траўня ў 1877 годзе нарадзіўся беларускі фальклярыст і кампазытар Антон Грыневіч. Яшчэ ў 1906 годзе ў Пецярбургу ён стаў сябрам выдавецкае суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а пасьля стварыў сваё прыватнае выдавецтва. Грыневіч укладаў і друкаваў зборнікі беларускіх песень, рабіў фальклёрныя запісы па ўсёй Беларусі. А ў 1937-м быў прызнаны ворагам народу і расстраляны.

3 траўня 1892 году прыйшоў на сьвет Аляксандар Вальковіч, пра якога варта сказаць некалькі словаў, бо мала хто з нашых сучасьнікаў чуў гэтае імя. Родам Вальковіч зь Менску. Ваяваў прапаршчыкам у 1-ю сусьветную, далучыўся да беларускіх эсэраў, быў прадстаўніком ураду БНР у Грузіі, а пасьля – міністрам фінансаў БНР. У 1925-м вярнуўся з-за мяжы ў БССР, працаваў у наркамаце фінансаў. У 1930-м арыштаваны й сасланы на 5 гадоў у Башкірыю, а ў 1937-м “двойкай” НКВД Башкірыі прысуджаны да расстрэлу і расстраляны.

3 траўня 1968 году ў Парыжы адбываюцца сутычкі паліцыі са студэнтамі Сарбонскага ўнівэрстэту. З гэтых сутычак пачалася студэнцкая рэвалюцыя, якую яшчэ называюць сэксуальнай або рэвалюцыяй кветак, якая пракацілася па ўсіх разьвітых краінах сьвету, несучы пратэсты супраць спажывецкага ладу жыцьця.

Дзьве знакамітыя жанчыны нарадзіліся 3 траўня ў розны гады. Гэта прэм’ер-міністарка Ізраілю Голда Мэір, юначыя гады якой прайшлі ў Пінску, і грузінская грасмайстарка, чэмпіёнка сьвету ў шахматах Нона Гапрындашвілі.
XS
SM
MD
LG