Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“26 красавіка я пераканаўся, што “аранжавай” рэвалюцыі ў Беларусі ня будзе”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з найбольш адметных падзеяў мінулага тыдня ў Беларусі — спроба апазыцыі нагадаць 26 красавіка ўладзе аб адказнасьці за Чарнобыль і яго наступствы. Гэтая спроба, які і ўсе грамадзкія пратэсты апошняга часу, была жорстка спынена на самым пачатку. Зноў быў гвалт: затрыманьні, арышты, хуткія суды з аднолькавымі прысудамі. Некаторыя нашы слухачы былі відавочцамі тых падзеяў і падзяліліся ўражаньнямі ад убачанага. Вось які электронны ліст даслаў на “Свабоду” Ўсевалад Васілеўскі зь Менску:

“26 красавіка ўвечары я выпадкова апынуўся на Кастрычніцкай плошчы. Нейкі час назіраў за натоўпам апазыцыянэраў, а потым ледзь уцёк ад міліцыі. На свае вочы пераканаўся: “аранжавай рэвалюцыі” ў Беларусі ў блізкім часе не прадбачыцца. Лукашэнка зрабіў высновы з грузінскіх і ўкраінскіх падзеяў. Ня веру, што ён можа спыніцца перад ужываньнем сілы супраць дэманстрантаў. Тактыка простая: жорстка задушыць любы пратэст яшчэ на той стадыі, пакуль да яго не далучыліся вялікія масы людзей. І такая тактыка спрацоўвае. Дзесяткі тысяч людзей, якія ў іншых умовах ахвотна прыйшлі б на акцыю (згадайце масавыя “чарнобыльскія шляхі” сярэдзіны 1990-х гадоў) сёньня элемэнтарна баяцца. І гэтыя страхі зусім апраўданыя: баяцца ёсьць чаго.

Запалохаць чалавека даволі проста. Напрыклад, можна папярэдзіць студэнта, што не атрымае стыпэндыі альбо ўвогуле “выскачыць” з унівэрсытэту. Настаўніку можна прыгразіць звальненьнем, на прадпрымальніка наслаць падатковую інспэкцыю, на школьніка націснуць праз бацькоў… Такая сыстэма ўжо створана і даволі эфэктыўна дзейнічае… І нішто пакуль ня сьведчыць пра тое, што яна можа даць збой. Я зьдзіўляюся аптымізму тых апазыцыйных і замежных дзеячоў, якія заяўляюць, што зьмена ўлады ў Беларусі адбудзецца ўжо праз год-два. Іх сьцьвярджэньні ні на чым не грунтуюцца”.

Аўтарытарныя рэжымы, сапраўды, бываюць устойлівымі. Згадайма, як некаторыя вядомыя і ўплывовыя ў апазыцыйным асяродзьдзі асобы прадказвалі хуткі крах рэжыму Лукашэнкі ў 1996 ці ў 1999 гадах… На дзесяцігодзьдзі расьцягвалася ўладараньне аўтарытарных лідэраў у многіх краінах Лацінскай Амэрыкі (можна назваць хоць бы чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта, які заставаўся пры ўладзе 15 гадоў, а потым, каб засьцерагчыся ад суду, прызначыў сябе пажыцьцёвым сэнатарам). Пажыцьцёвымі прэзыдэнтамі абвешчаныя некаторыя дыктатары ў азіяцкіх і афрыканскіх краінах.

Але для сучаснага эўрапейскага кантынэнту такая форма дзяржаўнага ўладкаваньня — анамалія, нонсэнс. Аўтарытарныя камуністычныя і посткамуністычныя рэжымы на працягу апошніх пятнаццаці гадоў былі зьмеценыя народнымі пратэстамі амаль у двух дзесятках краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. І наўрад ці выпадае чакаць, што гэтая шматразова даказаная заканамернасьць не распаўсюдзіцца на Беларусь.

Ліст ад нашага даўняга сябра Максіма Бярэзінскага зь Менску. Як удзельніка мінулай вайны, партызана, улады нядаўна запрасілі яго на ўрачыстасьць з нагоды хуткага юбілею Перамогі. Некаторымі ўражаньнямі ад імпрэзы Максім Бярэзінскі падзяліўся ў сваім лісьце на “Свабоду”:

“Нам уручылі мэдалі, гаварылі цёплыя словы. Падарылі кветкі, запрасілі пабыць на канцэрце, які падрыхтавала мясцовая менская школа. І ўсё б нічога, але зь першага ж слова вядучага я пачаў азірацца наўкол: дзе ж гэта я знаходжуся — у сваёй горача любімай Беларусі, ці дзе-небудзь у Цьвярской губэрні? Вэтэраны-то наўкол — мае аднапалчане, а вось усё іншае было ня надта родным. Уручаны мэдаль, аказалася, адчаканены на Маскоўскім манэтным двары для расейскіх вэтэранаў, аб чым сьведчыць расейскамоўны тэкст на ім. І ўзнагароджаны я невядома кім — толькі атрымліваў з рук прадстаўніка Партызанскага райвыканкаму.

За канцэрт можна толькі падзякаваць. Ды вось бяда: ні прадстаўнікі ўлады, ні вядучыя ня ўспомнілі ніводным слоўцам, што Беларусь самым актыўным чынам удзельнічала ў той бойні: змагалася на франтах і ў партызанскіх атрадах, гінула і ў буйнамаштабных франтавых апэрацыях, і ў родных лясах і вёсках ад рук карнікаў. І наглыталіся мы таго гора не ў апошнюю чаргу таму, што не па сваёй ахвоце Беларусь стала месцам, дзе сутыкнуліся лбамі два дыктатарскія рэжымы. А ў Расеі таго гора поўна і цяпер. І нягледзячы на гэта, у тую самую Расею ўжо адзінаццаты год так натхнёна і настойліва цягне Беларусь наш першы прэзыдэнт”.

Вы і самі, спадар Бярэзінскі, ведаеце, што афіцыйная ацэнка гісторыі другой сусьветнай вайны засталася ў Беларусі амаль такой жа, як была ў Савецкім Саюзе. Такімі ж засталіся і сьвяткаваньні — са шматлікімі камуністычнымі сымбалямі, з дэманстрацыяй вайсковай магутнасьці, зь дзяжурнымі дакладамі, у якіх шмат словаў пра подзьвігі і самаахвярнасьць, і амаль нічога пра сапраўдныя прычыны катастрафічных стратаў і вялікай трагедыі беларускай нацыі, якая пацярпела і ад гітлераўскага фашызму, і ад сталінскага камунізму. У другую сусьветную вайну быў уцягнуты фактычна ўвесь эўрапейскі кантынэнт. Але адны краіны пацярпелі больш, іншыя — значна менш. Чые страты былі меншыя? Невялікіх краінаў, якія не далучаліся да вайсковых блёкаў, імкнуліся захаваць нэўтралітэт, не прэтэндавалі на дамінаваньне ў рэгіёне, ня мелі прэтэнзіяў да суседзяў. Пра гэтыя ўрокі вайны ў сёньняшняй Беларусі ўвогуле ня згадваюць, працягваючы і пра вайну, і пра перамогу гаварыць так, нібы Беларусь усё яшчэ застаецца часткай вялікай імпэрыі з прэтэнзіяй на сусьветную гегемонію.

Анатоль Жэрдзеў з Гомелю ў сваім лісьце разважае пра адраджэньне беларускасьці. Да развагаў яго падштурхнула выказваньне паэта Рыгора Барадуліна наконт таго, што вёска ня можа быць лідэрам у справе нацыянальнага адраджэньня, паколькі яна заўсёды ішла ўсьлед за горадам. Слухач з гэтай нагоды згадвае свой досьвед вясковага жыцьця. Ён піша:

“Калі выйшаў на пэнсію, дык сутыкнуўся з праблемай: як на тую пэнсію жыць? Можна было ўладкавацца на нейкую лёгкую работу (вахцёрам, ахоўнікам), але амаль за сорак гадоў стажу мне дужа абрыдла мець справу з савецкімі ды постсавецкімі кіраўнікамі і адміністратарамі, якія ніяк ня могуць кіраваць так, каб не парушаць правоў чалавека. А мірыцца з парушэньнем сваіх правоў я ніколі ня ўмеў. Я выбраў нетрадыцыйны варыянт: купіў хату ў вёсцы і пасяліўся там. Паблізу ад Гомелю дамы даражэзныя, таму я апынуўся ў Буда-Кашалёўскім раёне. Пражыў там пяць гадоў. Першы год вяскоўцы трохі дзічыліся мяне. Ды і я, ня схільны да выпіўкі, ня змог зь імі блізка пасябраваць.

Я быў упэўнены, што зямелька беларуская пракорміць таго, хто не лянуецца — і не памыліўся. Ужо праз два гады я прадаваў на Буда-Кашалёўскім базары адных толькі памідораў прыкладна на 250 даляраў у год. Пакрысе наладзіліся адносіны з суседзямі. Вось тады я і даведаўся, што яны лічылі мяне за высланага ўладамі з гораду. Бо ўявіць, што можна добраахвотна адмовіцца ад усіх гарадзкіх выгодаў, яны не маглі”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомелю апісвае, як трапіў на адно сямейнае сьвята ў вёсцы:

“Калі госьці ўжо крыху расслабіліся, пасьпявалі любімыя песьні, гаспадары зьвярнуліся да мяне, каб што-небудзь распавёў. Я ня быў гатовы да такога павароту, але і адмовіцца было няёмка. Тады вырашыў прадэклямаваць ім частку паэмы “Курган”: “На гары, на крутой, на абвітай ракой…” На жаль, ня памятаю ўсёй паэмы, але і гэтага было дастаткова. Я заўважыў, як пацяплелі вочы маіх слухачоў. Некаторыя пачалі размаўляць са мной па-беларуску. Потым дзьве жанчыны (гадоў 70—75) засьпявалі задушэўныя песьні беларускія, якіх да таго я ніколі ня чуў. Пашкадаваў, што ня меў з сабой дыктафона”.

На падставе гэтых ды іншых сваіх назіраньняў Анатоль Жэрдзеў зрабіў наступныя высновы:

“Для вяскоўцаў беларускасьць — гэта ня толькі мова і культура. Гэта яшчэ і ўспамін пра маладосьць, пра лепшыя гады свайго жыцьця. І таму, калі зьявяцца ўмовы для адраджэньня, то найлепшая глеба для гэтага пакуль усё ж — вёска. А па-другое, у асяродзьдзі вяскоўцаў захоўваецца пакуль што вялікі пласт нацыянальнай культуры, які можа быць страчаны, калі ня зьявяцца ўмовы для яго захаваньня. Зьнішчэньне помнікаў дойлідзтва для ўсіх відавочнае, а вось зьнішчэньне фальклёрнай культуры адбываецца спакваля і незваротна”.

Дзякуй за цікавыя назіраньні, спадар Жэрдзеў. Вашы зусім слушныя высновы, як мне падаецца, зусім не супярэчаць таму, пра што разважаў Рыгор Барадулін. Вёска стагодзьдзямі была калыскай і захавальніцай нацыянальнай мовы беларусаў. Цяпер, ва ўмовах заняпаду і ўрбанізацыі, выконваць гэту функцыю ёй становіцца ўсё больш складана. Беларусь сёньня — краіна пераважна гарадзкіх жыхароў, якія, аднак, сваімі каранямі зь вёскай трывала зьвязаныя. І нясуць маральную адказнасьць за тыя духоўныя каштоўнасьці, якія захоўвалі для іх дзесяткі пакаленьняў іх прашчураў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG