Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 траўня нарадзіліся Андрэй Капуцкі, Бэнджамін Спок, Кацярына ІІ


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 1 і 2 траўня

Спачатку – пра каляндар учорашняй нядзелі.

Распавядаючы пра дзень 1 траўня, нашыя продкі сказалі б: на Кузьму. На Кузьму сеялі моркву і буракі.

За савецкім часам першага траўня было афіцыйным сьвятам салідарнасьці працоўных. Але сваім паходжаньнем яно ня мае дачыненьня ні да Беларусі, ні да Савецкага Саюзу. Пачынаючы з 1890 году першамайскімі дэманстрацыямі адзначаецца ў сьвеце страйк амэрыканскіх работнікаў у Чыкага, які адбыўся чатырма гадамі раней. Той страйк запомніўся, бо паліцыя адкрыла па дэманстрантах агонь, і шмат людзей загінула.

1 траўня 305-га году рымскі імпэратар Дыяклецыян дабраахвотна адмовіўся ад улады. Два гады перад тым гэты імпэратар-паганец задаўся мэтай канчаткова зьнішчыць хрысьціянства, але безвынікова. Расчараваны ўладца пакінуў пасад і адправіўся на пэнсію, каб рэшту жыцьця прысьвяціць вырошчваньню капусты.

Высокія дзяржаўныя чыноўнікі па-рознаму разьвітваюцца з уладай. Вось зусім іншы прыклад: 1 траўня 1945 году, калі савецкія войскі ўваходзілі ў Бэрлін, нацысцкі шэф прапаганды Ёзэф Гэбэльс зрабіў самагубства – разам з жонкай і шасьцю дзецьмі. Ідэоляг бесчалавечнасьці і скончыў сваё жыцьцё па-зьвярынаму.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

2 траўня 1729 году – дзень нараджэньня расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Менавіта зь яе імем і цараваньнем зьвязаны пачатак паднявольнага становішча Беларусі на працягу наступных двухсот гадоў. Бо гэта за часоў Кацярыны адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай і народы Вялікага Княства Літоўскага надоўга патрапілі пад расейскую калянізацыю.

2 траўня 1897 году ў Маладэчне нарадзіўся Андрэй Капуцкі. Ён быў дзеячом рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, гэта значыць, за панскай Польшчай. Падступныя палякі перасьледавалі камуніста, і ў 1927 годзе ён перабраўся ў Менск. Думаў Андрэй Капуцкі, як і сотні такіх, як ён, заходніх беларусаў, што ўцякае да сваіх. І сапраўды, нейкі час яму далі папрацаваць у газэце “Зьвязда”, у часопісе “Полымя рэвалюцыі” і нават у ЦК КПБ, але неўзабаве, у 1934 годзе, расстралялі.

2 траўня 1903 году прыйшоў на сьвет вядомы ўсім маладым бацькам ва ўсім сьвеце доктар Бэнджамін Спок. Амэрыканскі лекар-пэдыятар Спок напісаў самую папулярную кнігу пра догляд дзіцяці ад самага нараджэньня. І шмат якім бацькам гэтая кніга замяніла дапамогу цешчы і сьвякрухі.
XS
SM
MD
LG