Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамог у Віетнамскай вайне?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 30 красавіка спаўняецца 30 гадоў з дня завяршэньня Віетнамскай вайны. Як узгадваюць яе ў Злучаных Штатах? Ці маюць сэнс яе ўрокі сёньня?

30 красавіка 1975 году паўночна-віетнамскія войскі ўвайшлі ў Сайгон. Яшчэ за два гады да гэтага амэрыканскія войскі пакінулі краіну, і ў амбасадзе ЗША заставаўся зусім нешматлікі пэрсанал, які ў апошні момант быў эвакуаваны вайсковымі гелікаптэрамі.

Адначасна дзесяткі тысячаў паўдзённых віетнамцаў, якія былі ў хаўрусе з амэрыканцамі, спрабавалі на лодках дабрацца да амэрыканскіх караблёў, якія знаходзіліся ў адкрытым моры. Гэта змаглі зрабіць каля 45 тысячаў чалавек...

Цяпер падзеі 30 красавіка 1975 году ўзгадваюцца ў Віетнаме і ў ЗША як заключны момант доўгай і цяжкай вайны. Аднак, і Вашынгтон, і Ханой кажуць, што стасункі паміж краінамі імкліва паляпшаюцца. У Віетнаме, якім кіруюць камуністы, актыўна дзейнічаюць амэрыканскія інвэстары. Ханой экспартуе каля 40 адсоткаў арэхаў кэшу – сваёй самай важнай сельскагаспадарчай культуры – ў ЗША. І гэта часам выклікае зьдзіўленьне: дык хто ж перамог у канфлікце, які называлі барацьбой паміж камуністычным і капіталістычным сьветамі?

Амэрыканскі гісторык Марк Клодфэлтэр кажа, што вайну выйгралі камуністы, але капіталізм можа перамагчы нават мір.

(Клотфэлтэр: ) “Цяпер Сайгон стаў Хашымінам. І калі вы прыедзеце ў Хашымін, то знойдзеце там Кока-Колу, Х''юлэт-Пакард, Баскін-Робінс. Так, цяжка сказаць, хто быў канчатковым пераможцам у тым канфлікце”.

І ўсё ж жарсьці вакол той вайны не сьціхаюць. Ханой называе яе “амэрыканскай вайной” і разглядае яе як частку нацыянальна-вызвольнай барацьбы, уключна з ранейшай паразай францускіх каляніяльных сілаў у 1954 годзе. Тады мірнае пагадненьне раскалола краіну на камуністычную Поўнач і празаходні Поўдзень. У разгар віетнамскай вайны – у 1968 годзе – там знаходзіліся прыблізна 549 тысячаў амэрыканскіх вайскоўцаў. Каля 58 тысячаў амэрыканцаў загінулі.

У Злучаных Штатах віетнамская вайна сёньня ўзгадваецца ня толькі як факт гісторыі, але й з нагоды цяперашняй інтэрвэнцыі ў Ірак. Дэніэл Элсбэрг – колішні актыўны змагар супраць вайны ў Віетнаме – нядаўна скрытыкаваў амэрыканскую палітыку ў Іраку.

(Элсбэрг: ) “Мы паўтараем той жа досьвед, толькі зь невялікай розьніцай. Цяпер мова, якой мы не валодаем, арабская, а не віетнамская. І гэта зусім ня значыць, што амэрыканская палітыка завершыцца посьпехам”.

Але ёсьць у Амэрыцы і людзі, якія менавіта віетнамскі досьвед бяруць у якасьці аргумэнту на карысьць палітыкі ў Іраку. Так, аналітык Доналд Кірк напісаў нядаўна ў газэце “The Wall Street Journal”, што ўрок Віетнаму ў тым, што нельга здраджваць сябрам і саюзьнікам, якія да цябе зьвяртаюцца, каб выжыць, і што нельга здраджваць уласным вайскоўцам, пасылаючы іх на вайну бяз поўнай упэўненасьці ў перамозе”.
XS
SM
MD
LG