Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія грамадзяне, затрыманыя падчас акцыі 26 красавіка, пакінулі Беларусь


Любоў Лунёва, Менск 14 расейскіх грамадзянаў, арыштаваных у Менску падчас Чарнобыльскага шляху 26 красавіка, пакінулі Беларусь. Старшыня гарадзкога суду згодна з пратэстам пракуратуры прызнаў, што прысуды ў раённых судах былі вынесеныя незаконна. Амонаўцы прывезьлі расейцаў у амбасаду. Адтуль самі супрацоўнікі амбасады адвезьлі сваіх грамадзянаў на чыгуначны вакзал да цягніка Брэст – Масква.

Раніцай старшыня суду вынес пастанову аб тым, што расейскіх грамадзянаў арыштавалі незаконна: усім расейцам далі падпісаць паперу, паводле якой 27 красавіка яны мусяць быць на волі. Амонаўцы прывезьлі расейцаў на аўтобусе на тэрыторыю расейскай амбасады за гадзіну да цягніка. На кожнага быў квіток на цягнік Брэст – Масква, які адыходзіў у 15.15. Фінансаваньне ладзілі паплечнікі арыштаваных з палітычных партыяў "Оборона", "СПС" і "Идущие без Путина".

Толькі калі цягнік ужо спыніўся на вакзале, расейцаў выпусьцілі з аўтобусаў. Іх сустракалі паплечнікі, журналісты, прадстаўнікі маладзёвага руху "Зубр", АГП, лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. Расейцы былі вельмі ўсхваляваныя.

(Галасы: ) "Жыве Беларусь! Долой лукашизм!"

Актывістка партыі "Идущие без Путина" Ганна Калабіна падзялілася сваімі ўражаньнямі:

(Калабіна: ) "Жахліва было. Першыя двое сутак мы спалі на ільдзяной падлозе, ахоўнікі на нас лаяліся матам. У некаторых хлопцаў астма, але нікога не слухалі. Давалі гэтую баланду. Мы патрабавалі консулаў. Суд цягнуўся добра калі пяць хвілінаў. Хто прасіў адваката, таму давалі болей. Адзін з нашых спытаў, ці маё ён грамадзянскія правы, яму адказалі: "Так, але за сьмеласьць, хлопчык, мы дамо табе яшчэ 12 сутак". Поўнае бязьмежжа. Нікому не давалі адвакатаў. Толькі праз два дні нам прывезьлі цёплыя рэчы і ежу".

Сярод арыштаваных былі расейскія журналісты. Аляксей Амётаў з расейскай вэрсіі часопіса "Ньюсуік" не чакаў, што трапіць за краты за асьвятленьне апазыцыйнай акцыі.

(Амётаў: ) "Дзякуй усім журналістам, якія заступаюцца за сваіх калегаў у любой кропцы сьвету. Журналісты, якія здолеюць дзейнічаць разам, здолеюць і зламіць таталітарны рэжым, у тым ліку і ў Беларусі. Мне суд вынес прысуд абсалютна беспадстаўна. Калі я казаў судзьдзі, што яна судзіць журналіста за ягоную прафэсійную дзейнасьць, а гэта ёсьць парушэньнем свабоды слова, то яна толькі ўсьміхнулася. У Беларусі ўжо ўсе разумеюць, што далей ужо няма куды. Тут нешта будзе, калі людзі будуць дзейнічаць разам, а ня будуць кідаць адзін аднаго. Свабодныя людзі, свабодныя журналісты абавязкова перамогуць".

Расейцы распавялі аб тым, што ў камэрах яны ўбачылі надпісы на сьценах: "Малады фронт", "Зубр". Расейцы дадалі да іх свае надпісы. Гаворыць лідэр "Молодого Яблока" Ільля Яшын:

(Яшын: ) "Мы надрапалі ў камэры "Далоў лукашызм", і зрабілі б зноў тое самае. Мы гатовыя адказваць за свае словы".

Мікола Статкевіч сказаў некалькі словаў Радыё Свабода.

(Статкевіч: ) "Вельмі важна што гэтыя маладыя людзі прынялі ўдзел у акцыі. Вельмі важна, што беларуская моладзь сёньня адчула, што моладзь Расеі – яна за дэмакратыю і за Беларусь. Бо калі гэтая калгасная дыктатура нарэшце зваліцца, дык гэта будзе гарантыя таго, што паміж нашымі сапраўды братнімі народамі захаваюцца брацкія адносіны. Па сутнасьці, маладыя людзі зь "Яблока", з СПС захавалі гонар Расеі ў вачах беларусаў".

Такім чынам, 8 грамадзянаў Беларусі і 5 грамадзянаў Украіны застаюцца за кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка. Іх справы гарадзкі суд не разглядаў, і наконт іх пракуратура пратэсту не выносіла. Сёньня ў Менск прыехалі некалькі сяброў "Нацыянальнага альянсу" з Украіны. Яны паведамілі, што будуць аказваць маральную падтрымку сваім суайчыньнікам.

Увечары каля спцэпрыёмніка-разьмеркавальніка адбудзецца адпаведная акцыя салідарнасьці, у якой возьмуць удзел сябры моладзевых апазыцыйных рухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG