Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзешчанка


Віталь Сямашка, Дзешчанка, Узьдзенскі раён (эфір 25 красавіка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

“Да нас — на 37-мы кілямэтар па Слуцкае шашы”. Запрашаючы да сябе, самі месьцічы найчасьцей ужываюць гэтую візытоўку, чым уласна назоў мястэчка — сьвежаму чалавеку ён, лічыцца, не зусім зразумелы ды рэжа вуха. З гэтым пагаджаецца нават спэцыяліст у ідэалягічнай працы тутэйшага экспэрымэнтальнага ўнітарнага прадпрыемства імя Суворава Надзея Сомава.

(Сомава: ) “Як прыехала сюды, увогуле не магла яго запомніць па тэлефоне — Дзешчанка, Дзешчанка…”

Дзешчанкаўская краязнаўца ды былая дырэктарка школы Сьвятлана Маляўка дагэтуль абураецца, што ў Кнізе памяці Узьдзенскага раёну не знайшлося мейсца для ейнага досьледу, і папрасіла хоць “Свабоду” запоўніць белую пляму. Калі ласка…

(Маляўка: ) “У літоўскім геаграфічным слоўніку за 1871 год пра сядзібу Чапскага ў Станькаўскай акрузе такія зьвесткі: “У Озеры царква, а капліца ў Дзешках”. А ў дужачках напісана — “Дзешчанка”. Адсюль выснова: вёска раней называлася Дзешкі. Старажылы расказалі легенду пра тое, што некалі тут сярод лясоў пасяліўся добры майстра, рабіў цабэркі, бочкі, дзешкі. Да яго прыяжджалі, куплялі, і мясцовасьць сталі называць Дзешкі, Дзяшкі. А Дзешчанка — ужо пры савецкай уладзе павярнулі. Хаця ёсьць тут адна жанчына з прозьвішчам Дзешчыц…”

Зрэшты, у астатнім, працягвае спадарыня Сомава, усё — лепш не прыдумаеш…

(Сомава: ) “Ну а чаму б і не жыць?! Месцазнаходжаньне мястэчка — амаль на асфальце. Побач шаша Менск—Слуцак, таму многія працуюць у Менску. У нас добры Палац культуры, праз дваццаць мэтраў фізкультурна-аздараўленчы комплекс, празь пяцьдзясят мэтраў — гандлёвы цэнтар, праз вуліцу — дзіцячы садок, тут жа — новы будынак школы. І тут жа кантора. У выходныя дыскатэкі, моладзі шмат. Ёй можна заняцца спортам, пяць аматарскіх аб’яднаньняў у Палацы культуры, клюб для пажылых людзей “Надзея”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым ваша ідэалягічная праца заключаецца — за прэзыдэнта агітуеце?”

(Сомава: ) “Выключыце мікрафон, бо я хацела штосьці сказаць…”

Асьцярожная Надзея Андрэеўна, аднак, параіла зьвярнуцца да ўсё той жа спадарыні Маляўкі, якая ад савецкага часу лічыцца самай “палітычна актыўнай”. Кажа, што рэгулярна чытае газэту “7 дзён” ды глядзіць навіны БТ.

(Маляўка: ) “Добра, што ў нас ціха-спакойна, не баімся дзяцей адпраўляць. З другога боку, гляджу гэтыя навіны, чытаю, што робіцца ў Кыргызстане, ва Ўкраіне…”

(Карэспандэнт: ) “А ў нас — пра лёс Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара чулі?”

(Маляўка: ) “Чула, канечне. Але не настолькі ўсё ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Апазыцыйная думка да Дзешчанкі не даходзіць?”

(Маляўка: ) “Ну чаму — я супраць. Навошта гэта выводзіць на плошчу і ў нас, у Менску 25 сакавіка моладзь, напаіць яе?! Мой унук вучыцца ў Акадэміі МУС — усю ноч дзяжурылі. І ён гаварыў — падбягаюць, плююць у твар гэтыя маладзёны…”

Тым часам стары аднапавярховы будынак Дзешчанкаўскай сярэдняй школы даўно не зьмяшчае 190 вучняў, палова зь якіх вымушана займацца ў дзіцячым садку. Восем гадоў доўжыцца будаўніцтва новай школы. У часе майго прыезду нарэшце дах быў пакрыты цёмна-ружовай кахляй. Гутару з заўгасам Людмілай Рымашэўскай.

(Рымашэўская: ) “Я пяць год тут, і пяць год рамонтнікаў ніякіх не было”.

(Карэспандэнт: ) “У вас ёсьць спадзеў, што даўгабуду ня будзе?”

(Рымашэўская: ) “Так, засталося паставіць дзьверы і пафарбаваць. Сантэхніку падключаць, мы спадзяемся, да 1 верасьня…”

Галаўны боль сацыяльнага пэдагога Натальлі Чаркас — вучні зь сямі так званых “недабранадзейных” сем’яў. Прапаную патлумачыць, што гэта значыць.

(Чаркас: ) “Напрыклад, сям’ю Чэрнік, калі ўзяць. Бацькі злоўжываюць сьпіртным, дзеці ня ходзяць на заняткі, у хаце брудна, халодна. Сям’я Ладзік пераехала нядаўна да нас з Капыльскага раёну. Жывуць яны ў старым доме, печка ў аварыйным стане. Калі ў сакавіку былі вялікія маразы, не тапілася. Маці чакае чацьвертае дзіця, а жывуць у адным пакоі, што перагароджаны шафай. Цяжка прапісацца — тут няма мэтражу ды няма ў каго. Дзеці непрапісаныя — і ня маем права навучаць гэтых дзяцей”.

У часе размовы ідэоляг Сомава не прамінула ўхваліць зрэалізаваную, па ейных словах, у Дзешчанцы гучную ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі — тут пабудаваныя шэсьць і ў стане даводкі яшчэ пяць “прэзыдэнцкіх” катэджаў. Як вядома, каб іх прыватызаваць, трэба безь перапынку дзесяць гадоў адпрацаваць у гаспадарцы. З шэрагу заселеных будынкаў абіраю апошні. Мяне сустракае гаспадыня — 27-гадовая, цяжарная на другое дзіця Наталья Крывалевіч. Маладая маці словаў не выбірае: маўляў, добра, канечне, што газ ды вада праведзеныя, але…

(Крывалевіч: ) “Вельмі шмат кралі матэрыялаў — і дамы даюць трэшчыны. Падлогі рыпяць-скрыжацяць, бо ўсе дошкі былі мокрыя, сырыя, патрэскаліся. А цяпер пасохлі, і ўсюды шчыліны. Наш дом апошнім будаваўся, і, відаць, усе грошы патрацілі — дык у нас 1970 году клямкі, выключальнікі — ды брудныя! Гумно, наагул, я ня ведаю! Людзі, што зьбіраюцца трымаць карову, сьвіней — якія трэба катушкі рабіць, каб гэта ўсё паставіць?! У нармальных людзей такое гумно толькі на адну карову разьлічана. Ну, канечне, хаця ёсьць дзе спаць. Будзем заставацца, ужо вымушаныя…”

* * *

(Гусарава: ) “Як Лойка-стары працаваў, ён гэтых п’яніц павыганяў, дык яны хто куды — а зараз вяртаюцца…”

Пэнсіянэрка Марыя Яўхімаўна Гусарава ведае, пра што гаворыць. Вадзім Вікенцевіч Лойка трыццаць гадоў узначальваў тутэйшую экспэрымэнтальную базу вырошчваньня насеньня элітных гатункаў бульбы ды зерневых. Тады іх прадавалася дзяржаве аж да паўтары тысячы тон за сэзон. Але апошні дзясятак гадоў кадравыя ператрусы, рэарганізацыі ды скарачэньні рынкаў збыту пайшлі не на карысьць дзешчанкаўскіх аграрыяў.

(Вадзім: ) “Апошнія гады і маёй дзейнасьці мы да нуля скарацілі рэалізацыю элітнага насеньня”.

Мабыць, таму толькі траціна працаздольных з шасьцісот жыхароў працуюць сёньня на базе. І хоць сярэдні заробак пакуль удаецца трымаць на ўзроўні 70—100 даляраў, а па ўраджайнасьці гаспадарка займае першае месца на Узьдзеншчыне, ейны стан галоўны аграном Васіль Крывалевіч ацэньвае як крытычны.

(Крывалевіч: ) “База знаходзіцца ў крытычным стане. Не хапае сродкаў, за што купляць тэхніку. Тая, што была, 1970-х гадоў, сваё адпрацавала. А новага нічога няма. Моладзі шмат, але горад паблізу, усе імкнуцца туды”.

(Карэспандэнт: ) “А сам не жадаў бы ў фэрмэры пайсьці?”

(Крывалевіч: ) “Я малады, таму, можа, вышэй, у кіраўнікі калі-небудзь. А там пажывём-пабачым”.

Свой жа выбар старэйшы Лойка зрабіў шэсьць гадоў таму, калі ўгаварыў сына Юру, выпускніка агратэхнічнага ўнівэрсытэту, пайсьці-такі ў фэрмэры. Але гэта цяпер сямейства Лойкаў мае 210 гектараў зямлі, два камбайны, чатыры трактары і чатыры аўтамабілі, пяцёра пастаянных ды ад 10 да 50 сэзонных рабочых. Малады Лойка шмат вагаўся, перш чым з галавой кінуцца ў фэрмэрскую справу.

(Юры: ) “Многія страцілі давер да фэрмэрства — спадзяваліся, што зямля зь лёту ўзбагаціць чалавека ды памыліліся, збанкрутавалі. А цяпер пачаткоўцу-фэрмэру складаней”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, зь якімі гаварыў па краіне, кажуць — проста немагчыма”.

(Юры: ) “Чаму? Мы ж пачалі”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, адна справа пачынаць сыну дырэктара экспэрымэнтальнай базы — тым больш, разам з бацькам, і другая справа — інжынэрам МТС, якім не дадуць ні тэхнікі ў лізінг, ні крэдыту ў банку”.

(Юры: ) “Ну правільна, дапамога бацькі і прафэсійны вопыт яго вялікія…”

(Карэспандэнт: ) “Каб ты заставаўся інжынэрам МТС, ты б застаўся ў Дзешчанцы?”

(Юры: ) “Верагоднасьці мала. Працаваць ва ўсю сілу і бачыць, што цябе трымаюць за дурня, што ўсё роўна атрымаеш гэтую капейку, як і яны, б’ючы лынды, для мяне ўвогуле цяжка зразумець. У нашага народу ёсьць грэх за душой — зайздрасьць. Многія, можа, будуць жыць лепш пры прыватніку, але ўсё роўна яму зайздросьціць, ставіць падножку”.

Праўдападобна, аднак, што больш за людзкія сурокі Юрыя Лойку непакоіць магчымы, як ён кажа, нож у сьпіну з боку дзяржавы — у сувязі з маючым адбыцца прыняцьцём новага Кодэксу аб зямлі, які некалі можа адняць пэрспэктыву і ў ягонага чатырохгадовага пакуль сына Ільлі.

(Юры: ) “Усе надзеі на тое, што ад мяне пяройдзе сыну, унуку і наша зямля будзе разьвівацца”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, калі тыя 100 гектараў зямлі, якія ты прыгледзеў у пажыцьцёвае карыстаньне, будуць адабраныя — што для цябе можа быць?”

(Юры: ) “Сказаць, што я кіну працу — ня кіну. Але інтарэс працаваць будзе значна меншым. Зашмат будзе залежыць ад чыноўнікаў”.

Да нашай гаманы далучаецца стары Лойка, і яна пераводзіць гутарку ў больш канструктыўнае рэчышча — пэрспэктывы руху.

(Вадзім: ) “Сёньня 5—10 гектараў зямлі для фэрмэра — прысядзібны ўчастак. Колькі трэба гектараў, вызначаюць умовы спэцыялізацыі. Калі камбайн набыць — не на дзесяці ж гектараў, а мець і 500 гектараў зямлі! Па рэспубліцы ў нас сёньня да 300 гектараў нагрузка на камбайн. Тады можна канкураваць зь дзяржаўнымі гаспадаркамі. У будучым узбуйненьне фэрмэрскіх гаспадарак, канечне, непазьбежнае. Я быў у ЗША — там фэрмэры, што збанкрутавалі, ідуць да больш моцнага, і той пачынае з часам мець вялікія аб’ёмы. І ўладзе сёньня ня трэба драбнець!”

(Карэспандэнт: ) “Але ж улада баіцца фэрмэраў”.

(Вадзім: ) “Так, боязь ва ўсіх ёсьць. Сам сабе часам ня верыш: здолею ці не весьці справу. І як уладзе вызначыць: даць яму 50, 10 ці 500 гектараў?!”

(Юры: ) “Проста ня трэба перашкаджаць! А абмежавалі рамкі — 100 ці 1000 гектараў. Гэтага нельга рабіць!”

Вадзіму Вікенцевічу, што балятаваўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ды сыну Юру — апошнія пытаньні.

(Карэспандэнт: ) “Уладу трэба мяняць?”

(Вадзім: ) “Уладу мы можам мяняць. Але трэба глядзець, хто туды ідзе. Бо народ паслухаеш: ён тут нічога не зрабіў, што ён там можа зрабіць?! Залезе ў вярхі, а людзі гавораць: куды, што — не трымаюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Юры, колькі працоўны дзень доўжыцца?”

(Юры: ) “У часы пік гадзінаў пятнаццаць…”

(Карэспандэнт: ) “Праца, што вымотвае цела. А з душой што?”

(Юры: ) “Радасьць, вядома, ёсьць, за сваё, за работу. Калі ёсьць добры даход — можна і для гаспадаркі набыць яшчэ штосьці, што дасьць яшчэ большую радасьць. Радасьць, калі бачу, што людзі задаволеныя, працуючы на добрай тэхніцы. І самае галоўнае: не залежыш ад дурной волі, калі камусьці заюндзіць, а цябе прымушаюць гэта рабіць. Гэта пра ўсё гаворыць, калі ты незалежны ў сваіх думках ды дзеяньнях. У гэтым мястэчку, дзе жывеш і нарадзіўся — у нашай Дзешчанцы…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG