Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кляўдыя Нольтэ: “Уплыў краінаў ГУУАМ на Беларусь цалкам рэальны”


Ул. інф. Дэпутатка Бундэстагу Кляўдыя Нольтэ перакананая, што шлях Беларусі ў кірунку дэмакратычных пераўтварэньняў залежыць ад уплыву ня толькі ЗША і Эўразьвязу, але і ад новых свабодных краінаў з постсавецкай прасторы. У размове са “Свабодай” Кляўдыя Нольтэ заявіла, што Ўкраіна ды іншыя краіны міждзяржаўнага аб’яднаньня ГУУАМ маглі б пасьпяхова супрацоўнічаць з Захадам у беларускім пытаньні.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Нольтэ, літаральна сёньня вы вярнуліся з Малдовы. Наколькі адчувальны ўплыў таго ж Кіева на Кішынэў і наколькі рэалістычны ён у дачыненьні да Беларусі, чыё кіраўніцтва робіць крокі ў зусім іншым кірунку?”

(Нольтэ: ) “Роля гэтага рэгіёну, ГУУАМ, мне падаецца вельмі важнай, а разьвіцьцё падзеяў у гэтых краінах — надзвычай пэрспэктыўным. Відавочна, што і Ўкраіна, і Грузія маюць вялікія шанцы на тое, каб уплываць на суседзяў. Пра гэта сьведчаць апошнія пераўтварэньні ў Малдове. Я знаёмая з гэтай краінай і магу рабіць пэўныя параўнаньні. Малдова, сапраўды, абрала празаходні шлях.

Што да ўплыву ГУУАМ на Беларусь, то гэта рэальна… Краіны гэтага рэгіёну маюць падобны зь Беларусьсю лёс. Іхны апошні досьвед, без сумневу, можа быць вельмі карысным для Беларусі. Аднак праблема ў тым, што Беларусь абмежаваная інфармацыйна, яе насельніцтва практычна не валодае аб’ектыўнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца за межамі краіны. Гэта спэцыфіка рэжымаў, падобных на рэжым Лукашэнкі. Аднак мы ведаем: фінал такіх рэжымаў вельмі кепскі. Чым хутчэй Лукашэнка гэта зразумее, тым лепш”.

(Карэспандэнтка: ) “Гаворачы пра інфармацыйную блякаду Беларусі і шляхі выйсьця зь яе, можна згадаць канкрэтныя прапановы вашае фракцыі — адкрыцьцё вяшчаньня на Беларусь, стварэньне адмысловага фонду і г.д. Але гэтыя прапановы не былі ўхваленыя Бундэстагам. Як вынікае з вашай апошняй заявы, адрозна ад ЗША, Эўразьвяз у гэтым кірунку ўвогуле вельмі мала робіць для Беларусі”.

(Нольтэ) “Тыя прапановы, зь якімі летась выступіла мая фракцыя, вельмі актуальныя. Сапраўды, мэдыйная палітыка ў дачыненьні да Беларусі — вельмі важны момант у мэтах фармаваньня аб’ектыўнай грамадзкай думкі як унутры краіны, так і за яе межамі. І гэтая мэдыйная палітыка можа ажыцьцяўляцца ня толькі сіламі Эўразьвязу, але і той жа Ўкраіны. Нашая фракцыя мае шэраг іншых прапановаў. Радуе, што цяпер у Брусэлі адчуваюцца пэўныя зрухі.Спадзяюся, што цягам бліжэйшых месяцаў з боку Эўразьвязу можна будзе назіраць пэўныя канкрэтныя крокі ў гэтай справе.

(Карэспандэнтка: ) “Ваш суайчыньнік, дыплямат і колішні шэф выведкі Ганс-Георг Вік лічыць, што самае позьняе празь пяць гадоў Менск стане на празаходні шлях разьвіцьця? Ці згодныя вы з падобным прагнозам?”

(Нольтэ: ) “Прагнозы рабіць заўсёды цяжка. Я б пажадала, каб прагноз Віка спраўдзіўся як найхутчэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG