Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрмін зьняволеньня Марыніча можа быць зьменшаны на 1 год<b/>


Іна Студзінская, Менск Згодна з Законам аб амністыі ў сувязі з 60-годзьдзем перамогі, які 28 красавіка ўхваліў Савет Рэспублікі і які зараз знаходзіцца на стале ў Аляксандра Лукашэнкі, тэрмін пакараньня Міхаілу Марынічу можа быць зьменшаны на адзін год.

Калі закон аб амністыі ўступіць у дзеяньне (а для гэтага яго паівнен падпісаць кіраўнік дзяржавы), будзе вызвалена 3900 асуджаных да пазбаўленьня волі, каля 4800 асуджаных да абмежаваньня волі. Прыкладна 7000 асуджаных будуць скарочаныя тэрміны пакараньня.

Як патлумачыла адвакат Міхаіла Марыніча Вера Страмкоўская, яе падабаронны аўтаматычна падпадае пад дзеяньне гэтага закону:

(Страмкоўская: ) “Паколькі Марыніч ня мае ніякіх парушэньняў, спагнаньняў, яму здымаецца год ад ягонага пакараньня. Гэта робіцца аўтаматычна. Больш за тое, ад трох з паловай, адняўшы год, застаецца два з паловай. І пасьля адбыцьця паловы тэрміну Марыніч падлягае вызваленьню. Але гэта робіць суд на падставе прадстаўленьня кіраўніцтва калёніі”.

Такім чынам, у чэрвені-ліпені тэарэтычна Міхаіл Марыніч можа быць вызвалены згодна з артыкулам 90 Крымінальнага кодэксу. Але гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі кіраўніцтва калёніі выступіць з хадайніцтвам аб умоўна-датэміновым вызваленьні Міхаіла Марыніча: калі ў яго будуць станоўчыя характарыстыкі, і зноў жа, ня будзе парушэньняў рэжыму і спагнаньняў. Але гэта будзе вырашаць суд.

І яшчэ: Міхаіл Марыніч і адвакат Вера Страмкоўская атрымалі адказ на сваю скаргу ад старшыні Менскага абласнога суду спадара Хоміча, што “мера пакараньня Марыніча зьяўляецца справядлівай”. Бліжэйшым часам адвакат Марыніча разам са сваім падабаронным зьбіраюцца падаваць касацыйную скаргу ў Вярхоўны Суд.
XS
SM
MD
LG