Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 красавіка 1900 пакінуў сьвет Францішак Багушэвіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 28 красавіка

"… 28 красавіка 1802 году я зьехаў зь Пецярбургу з намерам назаўсёды пасяліцца ў вёсцы, недалёка ад Вільні…" – так пісаў у сваіх мэмуарах слынны беларускі паўстанец і кампазытар князь Міхал Клеафас Агінскі пра той час, калі ён пасяліўся ў сваім маёнтку Залесьсе каля Смаргоні. Менавіта ў Залесьсі ім будзе напісаны палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”, шырока вядомы як Палянэз Агінскага.

28 красавіка 1863 году адбываецца бітва менскіх паўстанцаў з рэгулярнымі часткамі расейскага войска каля вёскі Пятровічы – цяпер яна ўваходзіць у склад беларускай сталіцы. Паўстанцы-каліноўцы церпяць жорсткую паразу.

28 красавіка 1918 году Народны Сакратарыят Беларусі зацьвярджае беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай i абавязковай у БНР i прымае пастанову пра адкрыцьцё ў Менску ўнівэрсытэту.

28 красавіка 1900 году памірае бацька новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Ён пакінуў гэты сьвет у сваім маёнтку Кушляны, а пахаваны ў суседніх Жупранах. Сёньня ў гэтай вёсцы на Ашмяншчыне ёсьць мэмарыяльная табліца ў мясцовым касьцёле, помнік паэту на пляцы перад касьцёлам і надмагільная стэла на могілках. У Кушлянскай сядзібе створаны музэй паэта.

28 красавіка 1944 году пакінуў гэты сьвет беларускі сьвятар і пісьменьнік Ільдэфонс Бобіч. У літаратуры ён быў вядомы як Пётра Просты і дэбютаваў яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя ў віленскай “Нашай Ніве”. У сваёй сьвятарскай місіі ксёндз Бобіч праз усё жыцьцё быў адданы ідэі беларускамоўнага набажэнства ў касьцёле. Пахаваны ён у Іўі.

28 красавіка 1996 году ў Менску пачынаецца драматычная галадоўка кіраўнікоў БНФ Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка. Дзень перад тым яны былі інтэрнаваныя ў менскім СІЗО на вуліцы Валадарскага за арганізацыю Чарнобыльскага Шляху. Зьняволеньне Хадыкі і Сіўчыка цягнулася каля месяца.

28 красавіка ў розныя гады нарадзіліся нямецкі бізнэсовец Оскар Шындлер, які ў часе другой сусьветнай вайны выратаваў жыцьці 1100 гэбраяў, пра што быў зьняты знакаміты фільм “Сьпіс Шындлера”; літоўскі актор і рэжысэр Данатас Банёніс і былы дыктатар Іраку, сёньня зьняволены пад сьледзтвам Садам Хусэйн.

Таксама 28 красавіка адзначаюць свае народзіны беларуская дыктарка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і кампазытар Уладзімер Буднік.
XS
SM
MD
LG