Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўцекачы: пакутнікі ці манюкі?


Сьвятлана Курс, Менск Абнародаваны ўчора даклад міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” абвінаваціў беларускія ўлады ў “задушэньні іншадумства праз цкаваньне, запалохваньне, гвалт і масавыя арышты”. Дзесяткі беларусаў АІ абвясьціла “вязьнямі сумленьня”. У той жа час афіцыйныя беларускія мэдыі вінавацяць палітычных апанэнтаў у тым, што яны “зарабляюць балы, каб зьехаць за мяжу на лёгкі хлеб”. Карэспандэнтка “Свабоды” высьвятляла, наколькі масавае фальшаваньне палітычнага мінулага сярод уцекачоў.

Ці існуе бізнэс “фальшаваньня палітычнай радаслоўнай” для эканамічных уцекачоў зь Беларусі?” Пацьверджаньняў таго, што палітычныя партыі або грамадзкія арганізацыі арганізавалі вытворчасьць ахвяраў рэжыму, я не знайшла. Супрацоўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі ўжо некалькі гадоў па просьбе інстытуцыяў заходніх дзяржаваў здабывае зьвесткі аб людзях, якія просяць там прытулку. Яму слова.

(Маркушэўскі: ) “Я б не называў адсоткі тых, хто маніць, і тых, хто пацярпеў. Цяжка чалавеку прадставіць дакумэнты, што яго звольнілі па палітычных матывах. Звальненьне заўжды матывуецца нейкім артыкулам. Шмат хто з уцекачоў сьведчыць, што ён быў неаднойчы затрыманы, асуджаны. Калі зьвестак пра гэта не ўдаецца знайсьці, мы пішам, што такіх зьвестак у нас няма. Дзяржаўныя ўстановы могуць ня даць аб’ектыўнай інфармацыі, могуць увогуле ніякай інфармацыі ня даць. Таму мы працуем з інфармацыяй з нашых рэгіянальных крыніцаў”.

Дзяячка Зьвязу Беларусаў Нямеччыны Тацяна Майсеенка гаворыць, што сярод азылянтаў шмат махляроў.

(Майсеенка: ) “Гэта і украінцы, і расейцы, і жыхары Прыбалтыкі, якія выдавалі сябе за беларускіх уцекачоў, а самі працавалі "па-чорнаму" або рабавалі крамы. Ёсьць моладзь беларуская, якая не павінная, я лічу, і беларусамі звацца, а толькі ганьбяць народ свой. А можа, нейкія структуры робяць так, што такія людзі сюды прыяжджаюць і паказваюць сябе толькі з дрэннага боку. Вось гэтых людзей яшчэ два гады таму было болей, чым сапраўдных уцекачоў”.

Тацяна і Зьміцер Майсеенкі, бацькі двух дзяцей, выехалі з невялікага мястэчка пасьля ўдзелу ў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах 1999 году. Тацяна кажа, што зазналі перасьлед з боку міліцыі, пракуратуры і працадаўцаў.

Чым займаюцца беларусы-ўцекачы за мяжою? Па іх занятках, на маю думку, можна меркаваць пра тое, хто зьехаў пад пагрозаю, а хто – у пошуках лепшай долі. Эміграцыя гэтак званай апошняй хвалі стварыла ў ЗША, Канадзе, Эўропе недзяржаўныя арганізацыі, інтэрнэт-парталы, сайты знаёмстваў беларусаў за мяжою, выходзяць СМІ, адкрываюцца беларускія клюбы і крамы. Пра тых жа, хто выехаў з эканамічных матываў, або нічога не чутно, альбо чутно з паліцэйскай хронікі. Зьвяз Беларусаў Нямеччыны зьвярнуўся ў бундэстаг з прапановаю дапытваць будучых азылянтаў на беларускай мове. “Гэта адсеяла б махляроў” – перакананыя палітычныя ўцекачы.

Паводле сустаршыні “Маладога Фронту” Сяржука Бахуна, у 2005 г. ён не падпісваў ніводнага пакета дакумэнтаў на атрыманьне палітычнага прытулку сябрамі МФ. Кажа, што сябрамі МФ часта прадстаўляюцца махляры. Улік палітычных уцекачоў не вядзецца. Беларусаў з такім статусам у сьвеце няшмат – атрымаць яго досыць няпроста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG