Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 красавіка ў Празе пачаўся міжнародны фэстываль фільмаў праваабарончай тэматыкі


Юрась Бушлякоў, Прага Сёмы год запар фэстываль арганізуе чэскі фонд “Чалавек у бядзе”, сярод патронаў кінапрагляду былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. У сёлетняй праграме “Аднаго сьвету” фільмы пра Беларусь, Аўганістан, Босьнію, Ірак, Кіргізстан, Расею, Румынію, Таджыкістан і Ўзбэкістан.

Два ўзбэцкія рыбакі расьсякаюць пласт лёду на меліне ў Аральскім моры, паблізу вёскі Майнак. Зьнікла тое, што давала ім жыцьцё, – зьнікла мора. Фатальнае за савецкім часам абыходжаньне зь дзьвюма рэкамі – Амудар’ёй і Сырдар’ёй – абярнулася адной з найбольшых у ХХ стагодзьдзі экалягічных катастроф. Аральскае мора страціла 80 працэнтаў сваёй воднай прасторы. Засталася засьмечаная пустыня, і ў ёй зарослыя травою мяліны – з апошнімі рыбамі.

“Арал: лоўля рыбы ў нябачным моры” – так называецца дакумэнтальны фільм пра тры пакаленьні сям’і аральскіх рыбакоў, пра людзей, што змушаныя выжываць, застаўшыся бяз мора. Гэты фільм – пераможца леташняга кінафэстывалю ў Таронта – адзін з 120, адабраных для сёлетняга праскага фэстывалю “Адзін сьвет”. Трыццацігадовы гішпанец Карляс Касас здымаў аральскіх рыбакоў разам з узбэцкай кінарэжысэркаю Саадат Ісмаілавай.

(Касас: ) “Я спадзяюся, што фільм дапаможа ў пэўнай ступені зьвярнуць увагу на праблему – на яе чалавечы аспэкт. Увага ў фільме канцэнтруецца якраз-такі на чалавечым аспэкце гэтай праблемы. Я не хачу заходзіць у палітыку. Не хачу займаць нейкай крытычнай пазыцыі. Я толькі хачу паказаць годнасьць людзей з тых мясьцінаў”.

Дырэктар фэстывалю Ігар Блажавіч гаворыць пра стараньні арганізатараў падаваць шматмерную карціну сьвету. У цэнтры ўвагі сёлета фільмы пра Ірак. Пры гэтым праскі “Адзін сьвет” імкнецца ўзяць увагу й на многія менш вядомыя праблемныя рэгіёны. У конкурснай праграме ёсьць і фільм пра беларускія рэаліі – “89 мілімэтраў”. 89 мілімэтраў – гэта розьніца ў шырыні чыгуначных каляінаў – у былым Савецкім Саюзе і ў краінах на захад ад яго. 26-гадовы нямецкі рэжысэр Сэбаст’ян Гайнзэль, здымаючы “89 мілімэтраў”, прыглядаўся да жыцьця шасьцярых маладых беларусаў:

(Гайнзэль: ) “Яны ўсе вельмі розныя. Адна зь іх, напрыклад, танцорка ў ночным клюбе. Адзін хлопец – салдат. Яшчэ адзін – дзяяч апазыцыйнага супраціву. Яны ўсе вельмі розныя, але іх лучыць любоў да сваёй краіны, фактычна вельмі маладой краіны. Краіны, новай для мяне як немца. У іх ёсьць адчуваньне роднасьці з сваёй краінаю, магчыма, мацнейшае за адчуваньне роднасьці ў людзей майго веку ў маёй краіне”.

Летась журы праскага фэстывалю падзялілася. Галоўным прызам фэстывалю – узнагародаю міністра культуры – уганаравалі фільм “Дзеці Арны” – гісторыю габрайкі, што дапамагае палестынскім студэнтам праявіць гнеў у абставінах ізраільскай акупацыі. Два зь пяцёх чальцоў журы такога выбару не падтрымалі: на іхную думку, фільму бракуе асуджэньня тэрарызму.

Дырэктара праскага фэстывалю леташняя разьбежнасьць ацэнак пры выбары найлепшага фільму абсалютна ня дзівіць. Фільмы, гаворыць Ігар Блажавіч, павінны ставіць пытаньні, а не адказваць на іх. (Блажавіч: ) "Я ня думаю, што фільм можа даваць нейкія абсалютна ясныя адказы або ўказаньні каму-небудзь, як ён ці яна маюць думаць або паводзіць сябе. Праўду кажучы, калі мы выбіраем фільмы, я вельмі ўважлівы, каб не прапусьціць нейкіх прапагандысцкіх фільмаў або нават, калі так можна сказаць, такой няўрадавай прапаганды, якая агрэсіўна гаворыць людзям, што вось менавіта гэта – праўда. Людзі ў гэтай частцы сьвету вельмі чула рэагуюць, калі нехта кажа ім, што ёсьць каштоўнасьцю, а што – праўдаю”.

Як было сказана, верце тым, хто шукае праўды, і сумнявайцеся ў тых, хто знайшоў яе. Нават малому Янібэку Ануараву, герою фільму пра аральскіх рыбакоў, няпроста зьвязаць гісторыю з тым, што кажуць яму вочы. “Не магу ўявіць, – гаворыць ён, – што дзедавы аповеды пра бяскрайняе мора, па якім плывуць вялізныя караблі, грунтуюцца на праўдзе”.
XS
SM
MD
LG