Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 гадоў таму Беларусь увайшла у склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў


Уладзімер Глод, Менск У дзень 19-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў міжнародную супольнасьць падтрымаць праграмы дапамогі Беларусі, Расеі ды Ўкраіне, дзяржавам, якія больш за іншых пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Кіраўнік Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў лічыць, што цяпер, калі пагроза непасрэднага ўзьдзеяньня радыяцыі зьменшылася, на першы плян выходзяць галеча, беспрацоўе, неразьвітая інфраструктура пацярпелых рэгіёнаў...

Аднак да гэтага часу памеры дапамогі з боку ААН ніхто ў Беларусі -- ні ўлады, ні грамадзкія арганізацыі -- не называюць значнымі. Згодна афіцыйных уладаў, за апошнія 12 гадоў Беларусь атрымала ад ААН на ўсе праграмы (ня толькі Чарнобыльскія) 120 мільёнаў даляраў, гэта значыць 10 мільёнаў штогод. Ірына Грушавая, якая актыўна займаецца чарнобыльскімі праблемамі яшчэ з канца 80-х гадоў, лічыць, што тут шмат віны саміх беларускіх уладаў:

(Грушавая:) "Я больш-менш ведаю Чарнобыльскія праграмы ААН і хачу сказаць, што яны хутчэй нагадваюць праграмы атамнага лобі. Гэта не тыя праграмы, якія нешта радыкальна зьмянілі б у грамадзтве. У мяне нават захаваўся пратакол паседжаньня краінаў-донараў ААН. Я асабіста была на гэтым паседжаньні бяз права голасу, магла толькі слухаць. Але я добра памятаю, як Украіна скардзілася на свае цяжкасьці, Расея таксама. А вось Беларусь (тады яшчэ Кенік узначальваў Чарнобыльскі дзяржкамітэт) наадварот: у нас парадак. Вось была такая дзіўная пазыцыя, замест таго, каб дзяржаўную падтрымку іншых краінаў "раскруціць" адпаведным чынам".

Кіраўнік міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец -- адзін з нямногіх беларускіх чыноўнікаў, які пэрыядычна ўдзельнічае ў працы ААН. На ягоную думку, Беларусь мае тут трывалыя пазыцыі й яна разам з іншымі краінамі пасьпяхова працуе над сучаснымі галоўнымі праблемамі:

(Чаргінец:) "Гэта праблемы прадухіленьня вайсковых дзеяньняў, барацьбы са злачынствамі, перадусім, з тэрарызмам, галечай... Гэта й арганізацыя барацьбы ўсіх дзяржаваў з наркаманіяй, выкраданьнем людзей, гандлем зброяй... Пазыцыі нашай краіны ў ААН вельмі надзейныя, там прадказальная сытуацыя, за выключэньнем некаторых дробязяў".

(Карэспандэнт:) "А справаздача Адрыяна Севярына ў рамках 61-й сэсіі Камісіі ААН па правах чалавека ў Жэнэве і вынікі галасаваньня па ёй таксама "дробязі"?

(Чаргінец:) "Апошнім часам ЗША і шэраг дзяржаваў Эўропы спрабуюць зламаць уладу, якая існуе ў Беларусі праз такі ціск. Тым больш, што летась я прысутнічаў на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, дзе было значна больш дзяржаваў і дзе разглядалася гэтая рэзалюцыя. Тады яе адхілілі. Калі з намі абыходзяцца як з нейкай бананавай рэспублікай і спрабуюць нам указваць, дык гэта выклікае рэакцыю ў адказ".

Кандыдат філязёфскіх навук, выкладчык міжнародных стасункаў Вячаслаў Пазняк сьцьвярджае, што ААН цяпер стала канглямэратам абсалютна розных краінаў. Таму тут усё цяжэй прымаць рашэньні, якія б задавальнялі ўсіх:

(Паздняк:) "ААН -- гэта найбуйнейшая ўнівэрсальная арганізацыя ў сьвеце. Унівэрсалізм вызначаецца тым, што краіны-сябры выкарыстоўваюць сваё сяброўства для вырашэньня шматлікіх калектыўных ды індывідуальных праблемаў. Калі сутыкаюцца шматлікія інтарэсы ды патрабаваньні, здараецца такі фэномэн, калі яны ўзаемна нэўтралізуюць адзін аднаго. Трэба памятаць, што іншыя краіны таксама маюць свае эканамічныя, сацыяльныя ды іншыя "чарнобылі". І вось гэтыя "чарнобылі" адцягваюць сродкі ды ўвагу ААН".

Нагадаем, што рэзалюцыя, пра якую сказана ў матэрыяле, была прынятая сёлета ў сярэдзіне красавіка на пасяджэньні камісіі ААН у правох чалавека. Камісія ААН запатрабавала ад беларускіх уладаў дапусьціць у краіну спэцыяльных прадстаўнікоў камісіі для вывучэньня шматлікіх абвінавачаньняў у парушэньнях у Беларусі правоў чалавека. У дакуменце выказаная заклапочанасьць у сувязі з магчымым дачыненьнем высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі да зьнікненьня лідэраў апазыцыі й журналіста Зьмітра Завадзкага. Камісія ААН выказала таксама занепакоенасьць працэсам арганізацыі й правядзеньня выбараў у Беларусі, адвольнымі арыштамі й затрыманьнямі, перасьледам і закрыцьцём няўрадавых арганізацыяў, незалежных мэдыяў і апазыцыйных палітычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG