Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 красавіка ў Менску міліцыя разагнала ўдзельнікаў Чарнобыльскага Шляху


Валер Каліноўскі, Менск Яны прыйшлі да адміністрацыі прэзыдэнта перадаць свае звароты Аляксандру Лукашэнку аб вырашэньні постчарнобыльскіх праблем.

Усе падыходы да адміністрацыі былі блякаваныя міліцыяй. У прылеглых вуліцах стаялі каля трох дзясяткаў машын і аўтобусаў з АМОНам і ўнутранымі войскамі. Тым ня меней некалькі соцень актывістаў апазыцыі здолелі сабрацца на рагу Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх былі лідэры АГП, БНФ, БПС. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ня быў зьдзіўлены, што кіраўнік дзяржавы гэтак адгарадзіўся ад грамадзянаў:

(Лябедзька:) “Калі зыходзіць з пасланьня Аляксандра Лукашэнкі, то чарнобыльскай праблемы няма ў краіне. Ён пра яе нават ня згадваў ні слова, ні паўслова. А другое, што ў яго няма жаданьня ні з кім размаўляць ня толькі па чарнобыльскай праблеме. У краіне даўно няма дыялёгу ні па адной з грамадзкіх праблемаў”.

Прадстаўнік Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч агучыў тэкст патрабаваньня да кіраўніцтва краіны і сабраў звароты грамадзян з мэтай перадачы іх у адміністрацыю:

(Дашкевіч:) “Таксама, каб быў спынены выраб ежы у забруджанай зоне, каб яна ўся падлягала дасьледаваньню. Цяпер мы зьбіраем свае подпісы і паспрабуем іх перадаць да Лукашэнкі”.

Дэлегацыя ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху на чале з актывісткай АГП Марынай Багдановіч здолела дамовіцца зь міліцыяй, і ў суправаджэньні прадстаўнікоў Менскага ГУУС занесьці звароты ў адміністрацыю.

Сярод удзельнікаў акцыі выдзялялася група актывістаў украінскай моладзевай арганізацыі Нацыянальны альянс і расейскіх рухаў "Идущие без Путина", "Оборона", модадзевых фракцыяў СПС і “Яблока”. Украінцы прынеслі свае транспаранты і сьцягі ў аранжавых колерах.

(спадар Андрэй): “Вельмі цікава тое, што мы зьвяртаем увагу сілавых структураў. Ня ведаю чаму, гэта ж мірная акцыя”, - сказаў актывіст Нацыянальнага альянсу зь Івана-Франкоўска.

Яшчэ да пачатку акцыі былі затрыманыя каля дзясятка актывістаў расейскіх моладзевых арганізацыяў, якія прыехалі на Чарнобыльскі Шлях. Гаворыць актывіст руху "Идущие без Путина" Анатоль Зінгер.

(Зінгер:) “Мы сюды прыехалі, каб падтрымаць апазыцыю ў Беларусі. Бо ўчора Украіна, сёньня Беларусь, а заўтра – Расея”.

Украінскія і расейскія актывісты былі ў ліку тых, каго міліцыянты затрымвалі ў ліку першых і моцна зьбівалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG