Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адбылося масавае затрыманьне ўдзельнікаў чарнобыльскай акцыі, а ў Бабруйску яна прайшла спакойна


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Сёньня 19-ую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы адзначаюць у Магілёўскай вобласьці. Дэмакратычныя актывісты ў абласным цэнтры і Бабруйску меркавалі правесьці свае асноўныя акцыі ўвечары, у цэнтры гарадоў, каб прыцягнуць увагу людзей. У гэтых двух гарадах Магілёўшчыны былі заплянаваныя пікеты, на правядзеньне якіх аднак улады не далі дазволу.

У Магілёве і Бабруйску сёньня адбыліся акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Яны былі наладжаныя супольна прадстаўнікамі розных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Расказвае Марыя Ўсьціновіч.

Чарнобыльскія акцыі, якія праводзіліся сёньня дэмакратамі ў Магілёве і Бабруйску, не былі санкцыянаваныя ўладамі. Тым ня менш апазыцыянэры вырашылі нагадаць людзям пра “чорную дату” у гісторыі Беларусі і пра яе наступствы. Гаворыць кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

(Шанцаў: ) “26 красавіка – гэта жалоба па ахвярах Чарнобыля і гэта напамін пра пэрыяд таталітарызму і дыктатуры. І Чарнобыль -–гэта наступства таталітарызму і дыктатуры”.

Уладзімір Шанцаў і разам зь ім яшчэ два чалавекі былі затрыманыя яшчэ на падыходзе да месца правядзеньня пікету на вуліцы Першамайскай. Міліцыянты перашкодзілі правядзеньню акцыі: калі дэмакраты пачалі станавіцца ў пікет, іх адразу сталі затрымліваць і саджаць у аўтобусы. Колькасьць затрыманых на гэты момант дакладна невядомая, іх некалькі дзясяткаў, яны знаходзяцца ў розных аддзяленьнях міліцыі.

Аднак магілёўскія зуброўцы незадоўга да масавага затрыманьня правялі ў іншым месцы, на Тэатральнай плошчы, свой кароткі пэрфоманс: яны надзелі на твары чорныя павязкі са знакамі радыяцыйнай небясьпекі і сталі ў ланцуг. Каардынатар руху “Зубр” на Магілёўшчыне Алег Мяцеліца сказаў, што яны заявілі гэтым пра замоўчваньне наступстваў Чарнобылю.

Маладыя людзі распавядалі, што бяруць удзел у гэтай акцыі, таму што Чарнобыльская катастрофа закранула іх саміх і іх сем’і.

(Спадар: ) “Для мяне асабіста гэта трагічны момант, таму што вёскі, у якой нарадзілася мая матуля і жыла мая бабуля, цяпер няма, яна закапаная ў глебу, вынішчаная радыяцыяй. Таму для мяне гэта - асабісты боль”.

“Зуброўцы” таксама распаўсюдзілі ў Магілёве ўлёткі. “У Беларусі дзьве бяды – Чарнобыль і Лукашэнка,” – гаворыцца ў іх.

У Бабруйску акцыя дэмакратаў прайшла спакойна, хоць яны таксама ня мелі дазволу ўладаў. У цэнтры гораду сабралася больш за 30 чалавек: удзельнікі акцыі трымалі ў руках сьвечкі і чорныя штучныя кветкі. Яны прайшлі па цэнтральных вуліцах гораду і больш чым праз гадзіну ўсклалі да крыжа кветкі і запалілі сьвечкі ў памяць бязьвінных ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG