Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Сіўчыкаў: “Жодзіну патрэбны помнік Багуславу Радзівілу”


Міхась Скобла, Менск (эфір 24 красавіка) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

За часы незалежнасьці ў Беларусі зьявілася нямала помнікаў знакавым асобам, што займаюць асаблівае месца ў айчыннай гісторыі: Рагнедзе ды Ізяславу ў Заслаўі, Францішку Скарыну ў Лідзе, Сьвятой Эўфрасіньні ў Полацку... Грамадка энтузіястаў задумала паставіць помнік князю Багуславу Радзівілу ў Жодзіне, пра што вось ужо гады два ідзе дыскусія ў друку. Днямі тэму падхапіла і газэта “Советская Белоруссия”. Галоўны ініцыятар гэтай справы, пісьменьнік і дырэктар менскага выдавецтва “Радыёла-плюс” Уладзімер Сіўчыкаў у нашай студыі.

(Міхась Скобла: ) “Уладзімер, два тыдні таму госьцем “Вольнай студыі” быў паэт Андрэй Хадановіч. Дык вось, у яго ёсьць верш, які мог бы паслужыць адпраўным пунктам для нашай сёньняшняй гутаркі: “З чаго пачынаецца Жодзіна? Дальбог, не з машыны “БелАЗ”. У грамадзкай сьвядомасьці Жодзіна і Беларускі аўтазавод непадзельныя, і прынята лічыць, што Жодзіна — малады горад аўтамабілебудаўнікоў. Але ці ж так гэта насамрэч?”

(Уладзімер Сіўчыкаў: ) “Савецкі міт пра маладосьць Жодзіна трымаецца на двух кітах: на “БелАЗе”, пра які ты згадаў, і на братах Купрыянавых. Папраўдзе, гарадзкі пасёлак Жодзіна атрымаў статус гораду абласнога падпарадкаваньня толькі ў 1963 годзе, але на самой справе яму ня сорак гадоў, а ў дзевяць разоў болей, паколькі ўзрост любога паселішча прынята лічыць ад першай пісьмовай згадкі пра яго. І Менск, і Вільня не адразу ж сталі мэгаполісамі.

Той факт, што заснавальнікам Жодзіна зьяўляецца прадстаўнік аднаго з наймагутнейшых ня толькі ў Беларусі магнацкіх родаў князь Багуслаў Радзівіл, упершыню агучылі гісторык В.Насевіч у кнізе “Памяць”, прысьвечанай Смалявіцкаму раёну і Жодзіну, а таксама жодзінская краязнаўца Галіна Аніскевіч, аўтарка кнігі “Жодино. История и современность”. У пісьмовых крыніцах Жодзіна згадваецца ў 1643 годзе — незадоўга перад гэтым Багуслаў Радзівіл прыняў рашэньне пра пабудову новага гораду, які ў гонар свайго гаспадара атрымаў назву Багуслаў Поле… Як варыянты назваў, былі яшчэ Багуслаў і Жодзіна Слабада. Але гісторыя пакінула нашчадкам проста Жодзіна”.

(Скобла: ) “Конныя помнікі звычайна ставяць каралям, царам, вялікім князям. Згадайма Карла Вялікага ў Нямеччыне, Вацлава Сьвятога ў Празе, Пятра І у Пецярбургу. Ці заслугоўвае Багуслаў Радзівіл на помнік такога роду?”

(Сіўчыкаў: ) “Ну а чаму не? Да твайго пераліку можна было б дадаць Юрыя Даўгарукага ў Маскве, Вахтанга і Гаргасала ў Тбілісі. Вельмі актыўна працуюць у гэтым кірунку палачане: у майстэрні Алеся Шатэрніка я ўжо бачыў эскіз помніка Ўсяславу Чарадзею. Нарэшце, паводле апошніх зьвестак, у Лідзе вядуцца перамовы аб устаноўцы там помніка Гедыміну, менавіта коннага помніка. Актуалізацыя старажытнай гісторыі Жодзіна — справа ня хуткая і ня простая. Паставіць манумэнт заснавальніку гораду — спосаб радыкальны. І помнік князю Багуславу мне бачыцца менавіта конным”.

(Скобла: ) “А я вось уяўляю паседжаньне Жодзінскага гарсавету, на якім абмяркоўваецца мэтазгоднасьць усталяваньня помніка. Устае дэпутат і кажа: “Каму помнік? Радзівілу? Дык ён жа, па-першае, касмапаліт, па-другое, авантурнік, па-трэцяе, людзей забіваў на дуэлях, па-чацьвертае, паўстаньне Багдана Хмяльніцкага душыў… Каму помнік будзем ставіць — адумайцеся, дарагія таварышы!?”

(Сіўчыкаў: ) “Ну, сьвятых людзей на зямлі няма… Згадайма князя Ўладзімера Чырвонае Сонейка. Для большасьці хрысьціянаў ён — хрысьціцель Кіеўскай Русі. А ў беларускай гісторыі што гэта за асоба? Захапіў Полацак, панішчыў людзей, забіў князя Рагвалода, гвалтам узяў яго дачку Рагнеду ў жонкі, потым выслаў яе з Кіева… Князь Багуслаў таксама неверагодна цікавая і ў той жа час неадназначная постаць… Нарадзіўся ён у Гданьску, вучыўся ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрлянды), Парыжы. Сябраваў са славутымі ангельскімі й францускімі каралямі, у прыватнасьці, са знакамітым Людовікам ХІV, служыў у ягоным войску. Потым вярнуўся на радзіму, атрымаў ад Яна ІІ Казімера званьне генэрала каралеўскай гвардыі, камандаваў палкамі ў польскім войску і ў войску ВКЛ. У 1652 годзе дамогся ў караля магдэбурскага права для сваіх Слуцку й Капыля, забясьпечыў Слуцак новымі фартыфікацыйнымі збудаваньнямі, што, дарэчы, дазволіла случакам вытрымаць расейскі штурм падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расеяй у 1655 годзе.

Што да авантурніка… Ну, вазьміце якога-небудзь д’Артаньяна. Хто ён такі? Дуэлянт, брэтэр, падтрымліваў здраду Ганны Аўстрыйскай, яе інтрыгу з герцагам Бэкінгэмам — ворагам роднай Францыі…”

(Скобла: ) “Дык д’Артаньяну коннага помніка пасярод Парыжу ніхто ставіць не зьбіраецца”.

(Сіўчыкаў: ) “Я думаю, Багуслаў Радзівіл будзе яшчэ ацэнены гісторыяй і нашчадкамі. Але ёсьць факты, якія гавораць пра Багуслава як пра дзяржаўнага і вайсковага дзеяча ВКЛ, зьбіральніка спрадвечна беларускіх земляў, мастака, мэцэната, знаўцы мастацтва. Так, пасьля сьмерці бацькі Багуслаў стаў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, у выніку шлюбу са сваёй стрыечнай пляменьніцай Ганнай Марыяй атрымаў Кейданы, Дубінкі, Біржы, Заблудаў, Койданава, Беліцу, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, багатую бібліятэку, дзе зьберагаліся каштоўныя рукапісы, у тым ліку знакаміты Радзівілаўскі летапіс. Быў чалавекам надзвычай рознабаковым: падтрымліваў школы і пісаў рэлігійныя гімны, зьбіраў творы мастацтва і сам рабіў замалёўкі з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізы і архітэктурныя праекты…

Для мяне асабіста аднаго факту заснаваньня Багуславам Радзівілам майго роднага гораду больш чым дастаткова для ўсталяваньня помніка. Акрамя таго, калі стаў вывучаць біяграфію князя, уразіла мяне і дата ягонага нараджэньня — 3 траўня. Маю тут пэўны сантымэнт, бо гэта дата і майго нараджэньня. Раней я ганарыўся толькі тым, што мой дзень нараджэньня прыпадае на 3 траўня, на дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году. У суседняй Польшчы гэта нацыянальнае сьвята, выходны дзень. А ў Беларусі пра гэта мала хто памятае. Але ж гэта і наша Канстытуцыя, большасьць беларускіх земляў уваходзіла на той час у склад Рэчы Паспалітай!

Я гадаваўся ў Жодзіне, у якім на той час былі чатыры помнікі: Пятру Купрыянаву, Маці-патрыётцы і два помнікі Леніну. Як бачым, быў перагіб у адзін бок, і для раўнавагі да помнікаў савецкіх трэба дадаць памяткі часоў больш даўніх”.

(Скобла: ) “Давай паспрабуем падрыхтавацца да паседжаньня Жодзінскага гарсавету грунтоўна. Змадэлюем пытаньне яшчэ аднаго разгневанага дэпутата: “Хто такі Багуслаў Радзівіл? Здраднік — бо ваяваў супраць суайчыньнікаў на баку швэдаў. Падрываў векавечную дружбу беларускага і расейскага народаў — змагаўся супраць Расеі. А гэта, таварышы, пашкодзіць інтэграцыі і канчаткова пасварыць Маскву і Менск”. Гаворачы мовай 17 стагодзьдзя, Багуслаў Радзівіл “біў маскалёў”. Як палагодзіць гэтае далікатнае на сёньня пытаньне?”

(Сіўчыкаў: ) “Гісторыі не замоўчыш, што было, тое было. Вось мы гаворым напярэдадні 60-годзьдзя Перамогі. З аднаго боку, змагаліся гітлераўскі рэжым са сталінскім рэжымам, як бы савецкі народ з германскім народам. Але ж трэба казаць, што і з румынскім народам, і ў нейкай ступені з баўгарскім народам, і з італьянскім, чые ўрады падтрымалі Гітлера. Была вайна, былі супярэчнасьці…

Багуслаў Радзівіл таксама быў сынам свайго часу, адносіны паміж княствамі і землямі былі складаныя. Князь Багуслаў пачаў вайсковую службу ў Нідэрляндах у прынца Аранскага, але забіў на дуэлі ягонага сваяка і мусіў зьбегчы ў туманны Альбіён. Кароль Карл І прыняў уцекача вельмі гасьцінна, наладзіў у ягоны гонар баль і паляваньне. Неўзабаве Багуслаў Радзівіл выправіўся ў Францыю, дзе яго чакаў цёплы прыём і асабістае знаёмства з манархам. Але праз круты нораў і посьпех у прыдворных дам займеў шмат нядобразычліўцаў. Аднаму зь іх, графу дэ Руксу, ён, як сапраўдны рыцар, даў добрага прачуханца, бо той замнога пляткарыў пра жанчын. Напярэдадні дуэлі ліцьвінскага залётніка арыштавалі і выслалі, але ён таемна вярнуўся ў Францыю.

Шпагай князь Багуслаў валодаў лепш за любога гвардзейца ці мушкетэра. Мадам дэ Рукс вельмі хвалявалася за жыцьцё свайго мужа, а таму наскардзілася Гастону Арлеанскаму, і Радзівіла засадзілі ў Бастылію. Там яго наведвалі Ганна Аўстрыйская і кардынал Мазарыні. Радзівіл адмовіўся ад каралеўскай прапановы пабрацца шлюбам з прадстаўніцай гальскай арыстакратыі. А вось званьне палкоўніка польскай пяхоты й кавалерыі францускага войска прыняў ахвотна. Але, калі дазнаўся пра грабежніцкія наезды ўкраінскіх казакоў на свае спадчынныя землі, пасьпяшаўся на радзіму.

Калярытны вобраз Багуслава Радзівіла адлюстраваў у сваёй знакамітай эпапэі “Патоп”, прысьвечанай вайне Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржаваю ў 1654—1667 гадах, Гэнрык Сянкевіч. Князь быў героем свайго часу. Бывала, заключаў спрэчныя палітычныя саюзы, ачольваў наёмныя вайсковыя фармаваньні, але меў і свой кодэкс гонару. Мудрасьць, высакародзтва і мужнасьць — гэтыя рысы можна прачытаць на партрэтах Багуслава Радзівіла, нават ня будучы спрактыкаваным фізіянамістам.

Я паспрабаваў бы давесьці абуранаму дэпутату, што любую гістарычную постаць нельга ацэньваць адназначна. І сёньня Сталін для адных — будаўнік індустрыяльнай дзяржавы і пераможца фашызму, а для другіх — кат, тыран і дыктатар. Жодзінскім чыноўнікам я б параіў зьезьдзіць у суседні Барысаў, дзе ўжо стаіць помнік князю Барысу Ўсяслававічу”.

(Скобла: ) “Гэта, як мне падаецца, моцны аргумэнт для мясцовых уладаў. Кожнаму мэру хочацца мець у сваім горадзе свайго князя. Але давайце паслухаем дэпутата сапраўднага, які будзе галасаваць за ўстаноўку помніка альбо супраць. Гаворыць дэпутат Жодзінскага гарсавету, супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту жывёлагадоўлі Міхаіл Бараноўскі”.

(Міхаіл Бараноўскі: ) “А-аа, так я не магу з ходу сказаць. Хаця для мяне князь Радзівіл — як любая асоба, якая ў Беларусі ў нас цэніцца. Гэтае пытаньне мы будзем разглядаць калегіяльна, і я сёньня вось так адразу сказаць — чаму князю Радзівілу, а не каму другому — не магу. Я князя Радзівіла ня ведаю як асобу, зь якой бы я пражываў, але тут трэба падыходзіць… Калі ён штосьці для Жодзіна мае, значыць, трэба ставіць”.

(Скобла: ) “Кажуць, ваш мэр да гэтай ідэі ставіцца прыхільна”.

(Бараноўскі: ) “Калі мэр ставіцца прыхільна, то я думаю, што мы ніколі не галасуем супраць харошых справаў”.

(Сіўчыкаў: ) “Трэба ўмець быць удзячнымі. Багуслаў Радзівіл заснаваў наш горад. Хіба гэтага мала? Нават калі бацька ня самы лепшы, дзеці павінны заставацца ўдзячнымі за тое, што ён падарыў ім жыцьцё. А мэркантыльныя моманты гэтаксама будуць. Напрыклад, Жодзіна — пабрацім францускага горада Вэнісье. Дык можа, французам будзе цікавей даведацца пра Радзівіла, які знаўся з эўрапейскімі манархамі, і агледзець помнік яму, чым адзін з трох, усталяваных у гонар Пятра Купрыянава? Можа, там будуць шчоўкаць затворы фотаапаратаў замежных турыстаў?”

(Скобла: ) “Добра, прыпусьцім, што Жодзінскі гарсавет прымае станоўчае рашэньне аб устаноўцы помніка. І тут у Жодзіна прыяжджае афіцыйная дэлегацыя са Слуцку: “Багуслаў Радзівіл — наш! Ён нам магдэбурскае права здабыў, крэпасьць пабудаваў. Мы яму ў Слуцку помнік паставім. Асадзі назад, жодзінцы!” І што вы, жодзінцы, будзеце рабіць?”

(Сіўчыкаў: ) “Мы найперш парадуемся за больш спрытных случакоў. Мы дапаможам ім зладзіць творчы конкурс: запросім скульптараў Алеся Шатэрніка, Івана Міска, Уладзімера Слабодчыкава, Валяр’яна Янушкевіча. Але хто сказаў, што ў Беларусі ня можа быць два помнікі Багуславу? На нашай зямлі стаяць сотні помнікаў гістарычнай асобе, якая нібыта “думала пра Беларусь”, але была тут толькі праездам. А яшчэ мы падорым случакам ідэю — паставіць манумэнт змагарам Слуцкага збройнага чыну!”

(Скобла: ) “Карацей, я так зразумеў, што вы са случакамі дамовіцеся. І тут мы падышлі да самага, можа быць, істотнага. Ці гатовыя самі жодзінцы да таго, каб Багуслаў Радзівіл сядзеў пасярод Жодзіна на кані? Гаворыць інспэктар па кадрах аднаго з жодзінскіх дзіцячых садкоў Валянціна Крывенка”.

(Валянціна Крывенка: ) “Скажу, як прадстаўніца простага люду. Да ідэі ўсталяваньня помніка ўсе ў Жодзіне ставяцца добра, і насельніцтва, і кіраўнікі, наколькі я ведаю. Сама ідэя мэрыяй падтрымліваецца, а вось грошай не знаходзіцца. Гэта галоўная перашкода. А што помнік патрэбен — гэта адназначна. Падрастаюць дзеткі, якія павінны ведаць свае карані. Трэба нам усім, беларускай талакой, пастарацца, каб справу ажыцьцявіць. Жодзіну патрэбен помнік, які б нагадваў, што гораду ня сорак гадоў, што разоў у дзесяць болей”.

(Скобла: ) “А вось што сказала жодзінскі краязнавец Галіна Аніскевіч, якая падзялілася ідэяй з дырэктарам горадаўтваральнага прадпрыемства — БелАЗу спадаром Марыевым”.

(Галіна Аніскевіч: ) “Пазыцыя кіраўніка “БелАЗу” гэткая. Раней, да таго, як пабудавалі аўтамабільны завод, Жодзіна было невялікім сялом. Усё, што тут адбывалася да зьяўленьня “БелАзу”, малацікавае. Таму ня варта губляць час на вывучэньне гісторыі, ставіць помнікі “розным палякам”. З гэтага вынікае, што жодзінцам давядзецца самім шукаць сродкі на помнік, і дастаткова доўга. Але мы гэта зробім. Таму што нас падтрымлівае народ. А гэта самае галоўнае”.

(Скобла: ) “Як бачым, адназначнага стаўленьня да меркаванага помніка Радзівілу ў Жодзіне няма. Уладзімер, можа, спачатку трэба падрыхтаваць грамадзкую думку?”

(Сіўчыкаў: ) “Што мы і робім, у тым ліку і з дапамогай Радыё Свабода. Галіна Аніскевіч выступіла ў адной з жодзінскіх газэтаў, і публікацыя выклікала ў Жодзіне досыць шырокі розгалас. Нядаўна і “прэзыдэнцкая” “Беларусь сегодня/Советская Белоруссия” падключылася да дыскусіі. Са спадарыняй Аніскевіч мы пабывалі ў мэра Жодзіна Валерыя Кашэўскага, які падтрымаў нашу прапанову “ўзаконіць” 1643 год як дату нараджэньня Жодзіна. Ён таксама лічыць, што трэба ўводзіць гэтую дату ва ўсё большы ўжытак, прычым самымі рознымі спосабамі, пачынаючы ад выданьня прэзэнтацыйнай літаратуры і заканчваючы ўстаноўкай помніка”.

(Скобла: ) “Помнікі й гісторыя — гэта тваё захапленьне. Галоўная твая праца — выдавецкая, ты ўзначальваеш выдавецтва “Радыёла-плюс”. І ў мяне прэтэнзія да выдавецтва: вы выдаяце Васіля Быкава па-расейску, гэта значыць, русыфікуеце і без таго амаль дарэшты зрусыфікаваную Беларусь, прычым з дапамогай Быкава… Ці гэта не супярэчыць тваім патрыятычным перакананьням?”

(Сіўчыкаў: ) “Найперш я хацеў бы сёе-тое ўдакладніць. Том быкаўскага “Избранного” — сумесны праект з маскоўскім выдавецтвам “Марцін”. Масквічы папрасілі дапамагчы, і я падумаў: а чаму не паспрыяць малодшаму брату? Я маю на ўвазе — расейцам. Бо калі весьці гісторыю ўкраінцаў ад Кіеўскай Русі, а беларусаў — ад Полацкага княства, то Маскоўская дзяржава з усіх гэтых утварэньняў самая маладая. Адрозна ад іншых расейскіх выданьняў, дзе Быкаў “прыватызуецца” як расейскі пісьменьнік, у нашым пазначаныя перакладчыкі зь беларускай. Зьявілася магчымасьць яшчэ раз “засьвяціць” імя Быкава як наш нацыянальны брэнд, і я яе выкарыстаў. Была б у мяне мажлівасьць паспрыяць выхаду тома Быкава ці Алеся Адамовіча па-ангельску, я таксама скарыстаўся б ёю. Кніжка Быкава была добра выдадзеная і хораша ўспрынятая чытачом. У яе ўвайшлі творы апошніх гадоў, у тым ліку прыпавесьці, якія не перакладаліся раней і не гучалі па-расейску.

Але давай лепш згадаем нашыя ці выпушчаныя з нашым удзелам адметныя беларускія выданьні апошніх гадоў. Гэта “Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму” Лявона Баршчэўскага, грунтоўныя зборнікі “Сучасная беларуская драматургія” і “Сучасная беларуская проза”. Пад нашым брэндам выйшла кніга паэзіі Алеся Камоцкага “Наспадзяванае”. Раскрыю невялічкі сакрэт, заінтрыгую нашых слухачоў: у траўні ў нашым выдавецтве пабачыць сьвет шыкоўны фаліянт на 520 старонак ў афармленьні мэтра нашае графікі Арлена Кашкурэвіча. У яго “Іменным паказьніку” можна будзе знайсьці ажно трох Радзівілаў, а называцца ён будзе па-купалаўску — “Яна і Я”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG