Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 красавіка нарадзіліся Яўстафі Арлоўскі, Марк Аўрэлі, Мікалай Сьлюнькоў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 26 красавіка

26 красавіка – Дзень чарнобыльскай катастрофы. З часу выбухаў на атамнай станцыі спаўняецца 19 гадоў. Традыцыйна гэты дзень адзначаецца ў Беларусі масавай маніфэстацыяй “Чарнобыльскі шлях” на галоўным праспэкце краіны. У часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі “Чарнобыльскі шлях” стаў апазыцыйным, супраць яго ўлады кідаюць міліцыю і войскі. Найбольш жорсткі разгон найбольш масавай дэманстрацыі адбыўся ў Менску ў 1996 годзе.

26 красавіка 1835 году пакінуў гэты сьвет беларускі філёзаф Анёл Доўгірд. Родам ён быў зь Юркаўшчыны на Мсьціслаўшчыне, скончыў Віленскую акадэмію, а пасьля працаваў прафэсарам філязофіі Віленскага ўнівэрсытэту. У сваіх працах Доўгірд крытыкаваў Канта за фармалізм і схематызм ягонае лёгікі.

Таксама 26 красавіка ў розныя гады ня стала Аляксандра Далеўскага, аднаго зь лідэраў незалежніцкага падпольля ў Беларусі ў 19 ст., і славутага мастака, музыкі і кампазытара Напалеона Орды.

26 красавіка 1863 году – важная дата ў хроніцы незалежніцкага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У гэты дзень у баі з рэгулярным расейскім войскам пад Пагосьцішчамі на Магілёўшчыне быў разьбіты паўстанцкі атрад Ігната Будзіловіча. Самога Будзіловіча карнікі схапілі і расстралялі ў Воршы.

У той самы дзень, 26 красавіка 1863 году ў вёсцы Славенск на Валожыншчыне ў сям’і праваслаўнага сьвятара нарадзіўся Яўстафі Арлоўскі, які стане вучоным гісторыкам і краязнаўцам. Усё сваё жыцьцё Арлоўскі, які быў выкладчыкам гісторыі ў Гарадзенскай гімназіі, прысьвяціў вывучэньню Гарадзеншчыны, яе населеных пунктаў і школаў. Найгучней заявіў пра сябе Яўстафі Арлоўскі ў 1893 годзе, калі на археалягічным зьезьдзе ў Вільні даказаў тоеснасьць летапіснага гораду Городенъ і сучаснай Горадні.

26 красавіка 1945 году ў Бэрліне савецкая разьведка затрымала беларускага палітыка і дзеяча культуры Кастуся Езавітава. Езавітава пераправілі ў Маскву, дзе ён памёр у турэмнай лякарні ў часе сьледзтва.

Сярод вядомых людзей, якія прыйшлі на сьвет 26 красавіка ў розныя гады, прыгадаем сёньня рымскага імпэратара і філёзафа Марка Аўрэлія, францускую каралеву Марыю Мэдычы, а таксама – першага сакратара ЦК КПБ Мікалая Сьлюнькова, што ўвайшоў у гісторыю як кіраўнік, які схаваў ад народа праўду пра Чарнобыльскую катастрофу. Тады, у 1986-м, Сьлюнкоў сьвяткаваў свае 57-я народзіны, а сёньня яму спаўняецца 76.
XS
SM
MD
LG