Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская моладзь вырашыла дапамагаць “Маладому фронту”


Альгерд Невяроўскі, Менск “Малады фронт” і ўкраінская моладзевая арганізацыя “Нацыянальны альянс” дамовілася супольна праводзіць акцыі ў абарону дэмакратыі й незалежнасьці Беларусі, рыхтаваць ва Ўкраіне беларускіх моладзевых актывістаў і абменьвацца інфармацыяй аб сытуацыі ў абедзьвюх краінах.

Некалькі прадстаўнікоў украінскай моладзевай арганізацыі “Нацыянальны альянс” прыехалі ў Менск, каб узяць удзел у “Чарнобыльскім шляху”. Напярэдадні яны падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай падтрымцы з “Маладым фронтам”. Супрацоўнічаць гэтыя арганізацыі пачалі яшчэ падчас украінскай памаранчавай рэвалюцыі. Гаворыць сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Хачу нагадаць, што нашае пагадненьне базуецца не на нейкіх пустых словах, на жаданьні працаваць. Мы з “Нацыянальным альянсам” правялі ва Ўкраіне ўжо не адну акцыю. “Нацыянальны альянс” і “Малады фронт” адзначалі 25 сакавіка ў Кіеве і Чарнігаве, праводзілі акцыі ў справе зьніклых палітыкаў. Цяпер ва Ўкраіне праходзіць кампанія “За вольную Беларусь”.

У рамках украінскай кампаніі “За вольную Беларусь” праходзіць акцыя “Напішы ліст тырану”, а таксама розныя пэрформансы.

Прадстаўнікі Нацыянальнага альянсу лічаць, што беларусам трэба дапамагчы правесьці дэмакратычную рэвалюцыю. Гаворыць лідэр Нацыянальнага альянсу, дэпутат Луцкай гарадзкой рады і дарадца кіраўніка Валынскай абласной дзяржадміністрацыі Ігар Гузь:

(Гузь: ) “Мы гатовыя дапамагаць, чым можам. Будзем сюды прыяжджаць на акцыі і г.д. Пэўна, будзем праводзіць супольныя трэнінгі (як адукацыйныя сэмінары, так і спартова-патрыятычныя). Будзем арганізоўваць іншую працу. У прыватнасьці, супольна выходзіць у эўрапейскія структуры з мэтай каардынацыі нашай дзейнасьці. Мы хочам падняць сярод украінскай грамадзкасьці тэму вызваленьня Беларусі ад дыктатуры. Памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне закончылася, сёньня павінна адбыцца рэвалюцыя ў Беларусі. І фармаваньне вольнага й дэмакратычнага балтыйска-чарнаморскага рэгіёну”.

Ігар Гузь гаворыць, што не баіцца абвінавачаньняў на свой адрас з боку беларускіх уладаў у антыбеларускай дзейнасьці і падрыхтоўцы рэвалюцыі. На думку лідэра “Нацыянальнага альянсу”, абавязкам украінцаў цяпер ёсьць дамагчы беларусам здабыць свабоду і дэмакратыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG