Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белорусская газета": "Беларусьсю заняліся ўсур''ёз"


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

Тэма нумару "Белорусской газеты" ў панядзелак – сустрэча Дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Матэрыялы носяць інтрыгуючыя назовы: "Яшчэ многа-многа Райс", "Белагітпрап на хвасьце "чорнай пантэры", "Кандаліза думае пра Беларусь". Уражаньнямі ад сустрэчы са спадарыняй Райс дзеліцца намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі. Вось яшчэ некалькі загалоўкаў "БГ": "Адзін у полі ня Бацька", "Беларусьсю заняліся ўсур''ёз", "Байнэт – не альбо так?", "Лёгенькая прамысловасьць зь нялёгкім лёсам".

Маладзечанская "Рэгіянальная газэта" паведамляе пра надзвычайнае здарэньне. У цэнтры вёскі Палачаны паток вады зьнішчыў 20 мэтраў дарогі Маладзечна-Валожын. Увесну вада ў гэтым месцы зьбіраецца з палёў, зьліваецца ў лагчыне ў ручай і, прайшоўшы па трубах пад дарогай, накіроўваецца ў Бярэзіну. Кілямэтры за два ад месца здарэньня знаходзілася звалка. Вада, што цякла па лагчыне, цягнула за сабой гэта сьмецьце. Вада разбурыла дарогу, утварыўшы для сябе 20-мэтровы праход.

На аўтапераходзе "Беняконі" ашмянскія мытнікі затрымалі грамадзяніна Літвы, які ў бэнзабаку "Аўдзі-100" спрабаваў вывезьці зь Беларусі 70 літраў сьпірту. Кантрабандны сьпірт знайшлі з дапамогай тэхнічнага сродку кантролю "Крот". Гэта гнуткі сьвятлавод з відэакамэрай на канцы. Прыстасаваньне засоўваюць у бэнзабак і выяўляюць кантрабанду.

Дарэчы, каманда супрацоўнікаў Ашмянскай мытні заняла першае месца ў раённых спаборніцтвах па летнім паліятлёне. У бегу, кіданьні гранат і стральбе спаборнічалі аматарскія спартовыя каманды раёну.

"Витебский курьер" публікуе вялікае інтэрвію былога начальніка упраўленьня па ахове дзяржаўных таямніцаў у друку пры Віцебскім аблвыканкаме, прасьцей кажучы, тагачаснага галоўнага цэнзара Міхаіла Крывянка. Ён распавёў, што да 1999 года існавала спэцыяльная кніжка, старонак на 250, зь пералікам пэўных дакумэнтаў, забароненых да друку. Яна пастаянна разрасталася ад розных зьмяненьняў і дапаўненьняў – іх амаль штотыднёва прыносіла сакрэтная пошта зь Менску і Масквы. На думку былога галоўнага цэнзара Віцебскай вобласьці, цэнзура зараз не патрэбная, дзяржава не павінна кантраляваць СМІ.

"Брестская газета" паведамляе: супрацоўнікі упраўленьня па барацьбе зь незаконным абаротам наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры маральнасьці ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненьні дзьвюх непрацуючых жыхарак Кобрына, якія вывозілі ў Турцыю з мэтай сэксуальнай эксплюатацыі беларускіх дзяўчат. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле гандаль людзьмі.

Берасьцейскі рыбак вылавіў у рацэ Мухавец рыбку, але ня простую, а залатую. Калі сур’ёзна, рыбка нагадвала плотку, але была ярка-чырвонага колеру. Іхтыёлягі прызналі, што гэта вельмі рэдкая форма плоткі, якая называецца орфа, альбо чырвоная плотка. Гэта мутант. А розныя мутантныя формы рыб у прыродзе ўзьнікаюць часта, але выжываюць рэдка, толькі ў тых выпадках, калі знаходзяцца ў спрыяльных умовах. У той час, як у бальшыні вадаёмаў відавы склад рыб памяншаецца, у Мухаўцы толькі за апошнія гады зьявілася 4 новых віды, піша “Брестская газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG