Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія дэмакраты аддалі бальшыню галасоў за кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 23 красавіка ў Магілёве абласная канфэрэнцыя грамадзкай кампаніі ў вылучэньні адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад дэмакратычных сілаў падтрымала прэтэндэнта Аляксандра Мілінкевіча. На канфэрэнцыю прыехалі дэлегаты з усіх гарадоў і сельскіх раёнаў вобласьці, каб вызначыць свайго прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Усяго ў канфэрэнцыі брала ўдзел больш за сто чалавек – прадстаўнікі палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў.

У сьпісах для галасаваньня было ўнесена сем прозьвішчаў: на падтрымку магілёўцаў у справе вылучэньня адзінага кандыдата прэтэндавалі Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Мікалай Бусьнюк, Анатоль Лябедзька, Валеры Арцішэўскі і Валеры Грыцук.

Ня ўсе прэтэндэнты прыехалі ў Магілёў: за Анатоля Лябедзьку выступаў Яраслаў Раманчук, яго давераная асоба. Валеры Арцішэўкі і Валеры Грыцук даслалі толькі заявы.

Выступы прэтэндэнтаў былі сьціслыя, яны распавядалі пра сваё бачаньне вядзеньня кампаніі выбараў прэзыдэнта. Да іх было шмат пытаньняў. Актывісты выказвалі свае парады будучаму адзінаму кандыдату.

Вось меркаваньні ўдзельнікаў канфэрэнцыі – пра тое, якім павінен быць адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў:

(Спадар: ) “Я б хацеў бачыць такога адзінага, які б учапіўся ў гэтыя выбары і змагаўся да апошняга: каб ён быў на плошчы, стаяў разам з намі, змагаўся б за перамогу”.

(Іншы спадар: ) “Я чакаю, што гэта будзе чалавек, які здольны кансалідаваць вакол сябе ўсе дзейныя структуры, якія ёсьць у нашай краіне”.

(Спадар: ) “Ён павінен быць, па-першае, рашучы. Агрэсіўны – два. І мець нейкія рысы “маленькага Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Улічваючы тое, што сёньня кіраўнік краіны можа пайсьці на ўсё, каб мець нейкую надзею на перамогу, гэты адзіны павінен быць таксама гатовы на ўсё”.

(Спадар: ) “Ад прэтэндэнта патрабуецца воля да перамогі. Гэта самае галоўнае. Калі будзе ў яго воля, то разам зь ім можам перамагчы і мы”.

У выніку галасаваньня дэмакратычныя актывісты Магілёўскай вобласьці падтрымалі Аляксандра Мілінкевіча – ён набраў больш за палову галасоў дэлегатаў.

Удзельнікі магілёўскай канфэрэнцыі заклікалі да 1 жніўня правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў і вызначыць адзінага прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG