Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапяць пад амністыю палітвязьні?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Палата прадстаўнікоў беларускага парлямэнту прыняла законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 60-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне". З 1994 году, калі прэзыдэнтам Беларусі абраны Аляксандр Лукашэнка, гэта ўжо сёмая амністыя. Ці сьведчыць гэта пра асаблівую літасьць кіраўніка Беларусі?

Для вязьня няма больш салодкага і жаданага слова, як амністыя. Гэтым назіраньнем падзяліўся былы дэпутат, прадпрымальнік Андрэй Клімаў, які больш за 5 гадоў свайго жыцьця правёў у зьняволеньні. За гэты час Андрэй двойчы мусіў падпасьці пад амністыю, але, як ён лічыць, з палітычных прычынаў такой літасьцю яго абмінулі. І ўсё ж Клімаў, нібы сваю асабістую радасьць, перажываў амністыі сукамернікаў, таму з асалодай згадвае, як амністыю адзначалі ў турме.

(Клімаў: ) “Вараць вядро чыфіру, і ўвесь атрад такім чынам адзначае, пакуль усё вядро ня вычарпаюць”.

Паводле законапраекту аб чарговай амністыі, яна адкрые шлях на волю для амаль 4 тысяч зьняволеных. Гэта – вэтэраны Айчыннай вайны, непаўнагадовыя, людзі сталага веку, цяжарныя жанчыны, інваліды, удзельнікі баявых дзеяньняў, ліквідатары Чарнобыльскай аварыі. Яшчэ амаль 5 тысяч асуджаных да абмежаваньня волі таксама будуць вызваленыя ад пакараньня.

А ўсім астатнім вязьням, акрамя рэцыдывістаў і тых, каго амніставалі раней, на год скароцяць тэрмін пакараньня. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі ўжо заявілі, што гэта – адна з буйнейшых амністыяў апошніх 10 гадоў, і карысьць ад яе ня толькі гуманітарная, але і практычная – нібыта для бюджэту будзе зэканомлена 850 мільёнаў рублёў.

Праваабаронца Зьміцер Маркушэўскі зь Беларускага Хэльсынскага камітэту вітае факт вызваленьня некалькіх тысячаў чалавек. Але адначасова ён заўважае, што сёмая амністыя за час праўленьня Аляксандра Лукашэнкі – гэта сьведчаньне своеасаблівага водазвароту злачыннасьці ў Беларусі, які зацягвае ўсё большую колькасьць людзей.

(Маркушэўскі: ) “Я так мяркую, што гэта проста чарговая амністыя, якая дазваляе існаваць усёй турэмнай сыстэме. Бо калі на аднаго чалавека каля 2 мэтраў у турэмным памяшканьні, то ў такіх умовах немагчыма існаваць. У турмах зараз вялікая колькасьць хворых на сухоты, ім не хапае харчаваньня, мыльных сродкаў. Гэтая амністыя сьведчыць пра немагчымасьць палепшыць умовы ўтрыманьня турэмнага насельніцтва”.

Зьміцер Маркушэўскі згадаў, што за 10 гадоў праваабаронцам з Хэльсынскага камітэту лічаныя разы дазволілі наведаць вязьняў у турмах, нядаўна ім адмовілі ў магчымасьці пабачыцца з Міхаілам Марынічам. Маркушэўскі назваў беларускую турэмную сыстэму надзвычай закрытай і адзначыў: умовы ўтрыманьня там варта параўнаць з катаваньнем.

Апошнім часам зьявіліся чуткі пра тое, што амністыя будзе выкарыстаная ў тым ліку да былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай, якую напрыканцы 2004 году асудзілі на 3,5 гады зьняволеньня за крадзеж некалькіх мільёнаў даляраў. Між тым Жураўкова дагэтуль не патрапіла ў калёнію. Зьміцер Маркушэўскі не выключае, што Жураўкову амністуюць, і кажа пра іншыя юрыдычныя магчымасьці захаваць ёй волю.

(Маркушэўскі: ) “Прэзыдэнт мае права нават памілаваць тых, каго прысудзілі да сьмяротнай кары, таму, мяркую, ён сваёй рукой можа вызваліць і Жураўкову. Але што да мяне, такі крок будзе надта відавочны, таму хутчэй яна падпадзе пад закон аб амністыі”.

Між тым чакаецца, што амністыя дазволіць выйсьці на волю і палітычным апанэнтам цяперашняй улады Беларусі. Паводле адвакатаў, пад яе маюць права падпасьці Міхаіл Марыніч, Юрый Бандажэўскі, Валер Леванеўскі, Аляксандр Васільеў. Шмат што, аднак, будзе залежаць ад рашэньняў калёніяў, дзе адбываюць пакараньне гэтыя людзі, якіх у сьвеце прызнаюць за вязьняў сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG