Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіць беларуска-расейскія стасункі сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве?


Алесь Дашчынскі, Менск 22 красавіка ў Маскве павінна адбыцца пасяджэньне так званага Вышэйшага дзяржсавету саюзу Беларусі й Расеі. На сустрэчы кіраўнікоў абедзьвюх краінаў зноў пойдзе гаворка пра магчымасьць увядзеньня адзінай валюты, узаемадзеяньне ў зьнешнепалітычнай сфэры, пра функцыянаваньне рэгіянальнай групоўкі войскаў, плянуецца таксама вырашыць лёс саюзнага бюджэту на 2005 год і абмеркаваць падрыхтоўку да 60-годзьдзя перамогі.

Як вядома, апошняе паседжаньне гэтага Дзяржсавету адбылося ў кастрычніку 2003 году. Чаму саюзьнікі так доўга не сустракаліся? Справа ў тым, што саюзнае будаўніцтва зайшло ў тупік пасьля таго, як прэзыдэнт Пуцін агучыў свой славуты афарызм пра неабходнасьць “аддзяліць мух ад катлет” у саюзных справах. Тады й пачаўся пэрыяд пахаладаньня ў беларуска-расейскіх стасунках.

Намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва сталага камітэту саюзнай дзяржавы ў Менску Анатоль Камісарчук так тлумачыць паўзу ў паседжаньнях Вышэйшага дзяржсавету:

(Камісарчук: ) "Складна сказаць чаму – па-першае, не былі падрыхтаваныя пытаньні. Спачатку яны павінны былі быць разгледжаныя на паседжаньні Савета міністраў саюзнай краіны, а потым ужо на Вышэйшым дзяржсавеце. Проста не было напрацавана дастаткова пытаньняў, каб сустракацца прэзыдэнтам. А цяпер гэтыя матэрыялы падрыхтаваныя, і атрымаўся даволі насычаны парадак дня”.

Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі адмовіўся нават выказацца наконт таго, чаму ж так доўга не было сустрэчаў у рамках Вышэйшага дзяржсавету. Зь якім жа настроем Лукашэнка накіроўваецца ў Маскву?

(Лёгкі: ) “Толькі што мне тэлефанавалі расейскія журналісты і задавалі такое ж пытаньне. Мне складана адказаць. Пра настрой кіраўніка краіны трэба было б запытацца ў яго самога, магчыма, перад адлётам. Ён можа нешта скажа. Тут трэба паглядзець на той настрой, які быў у Сочы, па выніках сочынскай сустрэчы – вельмі добры”.

Гэта быў кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі. Нагадаю, міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў падчас нядаўняга прыезду ў Менск сказаў Аляксандру Лукашэнку, што Ўладзімер Пуцін “зь нецярпеньнем” чакае сустрэчы.

Ці стане гэтая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна вызначальнай у справе будаўніцтва так званай саюзнай дзяржавы? Паводле палітолягаў, Лукашэнку і Пуціна хвалююць насамрэч больш не саюзныя справы, а націск “каляровых” рэвалюцый. У сувязі з чым, лічыць маскоўскі аналітык Сяргей Маркаў, Лукашэнка з Пуціным і жадаюць скаардынаваць свае дзеяньні.

Дарэчы, апошняя сустрэча двух кіраўнікоў у Сочы прыцягнула ўвагу ў сувязі з камэнтаром спадара Фельгенгаўэра, які напісаў, быццам там дасягнутая дамоўленасьць аб правядзеньні рэфэрэндумаў пра аб''яднаньне Беларусі й Расеі. Інтарэс да саюзнай тэмы такім чынам быў падагрэты. Аднак Сяргей Маркаў мяркуе, што насамрэч пра зьліцьцё дзьвюх краінаў гаворка пакуль не ідзе.

(Маркаў: ) "Ніякага прарыву ў большасьці пытаньняў у Сочы не адбылося, і ўжо тым больш не адбылося прарыву па гэтым вялікім пытаньні пра ўзьяднаньне. Там ніякага прарыву не было ў пытаньні стварэньня адзінай валюты і гэтак далей".

Адмыслоўцы таксама лічаць, што ЗША і эўрапейцы аказваюць ціск на Пуціна ў беларускім пытаньні. Але ці можна чакаць, што ў Маскве на сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін закране тэму дэмакратычных пераменаў у Беларусі? Меркаваньне маскоўскага палітоляга, кіраўніка расейскага Цэнтру палітычных дасьледаваньняў Андрэя Піянткоўскага:

(Піянткоўскі: ) "Натуральна, не. З пункту гледжаньня Пуціна і Лукашэнкі ні Расея, ні Беларусь ня маюць патрэбы ў дэмакратычных пераменах, таму што яны зьяўляюцца ўзорамі дэмакратыі са своеасаблівым беларускім і расейскім тварам, як гэта любіць падкрэсьліваць Пуцін, калі тлумачыць гэтае пытаньне сваім амэрыканскім сябрам".

(Карэспандэнт: ) "Але ці можна чакаць, што сёньняшняя сустрэча ў Маскве можа прывесьці да нейкіх істотных рашэньняў у справе будаўніцтва так званага саюзу Беларусі і Расеі?"

(Піянткоўскі: ) ”Я думаю, гэты працэс ужо прыняў такі хранічны характар, які цягнецца ўжо 10 гадоў. Той і другі бок выкарыстоўваюць дзеля сваіх унутрыпалітычных мэтаў такую аб''яднаўчую рыторыку. Але ўжо і Масква зьмірылася, і Пуцін зразумеў, што ніколі Лукашэнка не памяняе сваё становішча дыктатара эўрапейскай краіны сярэдняга маштабу на становішча менскага сакратара абкаму ці губэрнатара. Адзін раз у Пуціна гэта выклікала раздражненьне, і наступіў вельмі сур''ёзны крызыс у стасунках з Рэспублікай Беларусь. Але цяпер, калі Пуцін становіцца ўсё больш ізаляваным на міжнароднай арэне, ён цягнецца да сацыяльна блізкіх, і нават гатовы дараваць Лукашэнку тую фальшывую гульню ў аб''яднаньне. Я думаю, абодва лідэры разумеюць, што ніякай аб''яднанай дзяржавы ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG