Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога акадэмікаў: іх будуць абіраць па-ранейшаму — таемным галасаваньнем


Галіна Абакунчык, Менск Агульны сход Нацыянальнай Акадэміі навук не зацьвердзіў у новым статуце большасьці палажэньняў, супраць якіх выступіла група акадэмікаў. Навукоўцы называюць гэта актам непадпарадкаваньня і прыкладам у справе змаганьня за акадэмічныя правы і свабоды, а таксама за агульначалавечыя каштоўнасьці.

Некалькі гадзінаў сходу навукоўцы вызначалі працэдуру працы. У выніку было прынята рашэньне за кожны ўнёсак у статут галасаваць асобна. Аднак кіраўніцтва акадэміі на чале зь Міхаілам Мясьніковічам, каб зацьвердзіць найбольшую колькасьць сваіх прапановаў, некалькі пунктаў аб’ядноўвала ў адзін. Гэткім чынам, была прынятая папраўка пра абавязковую кантрактную сыстэму і некаторыя іншыя.

Аднак прапанова, якая выклікала найбольшы пратэст навукоўцаў, — пра адкрытае галасаваньне пры абраньні акадэмікаў і член-карэспандэнтаў на агульным сходзе — была адхіленая. Вось як вынік сходу пракамэнтаваў колішнік кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Калі агульнае пачуцьцё, то вынік сходу задавальняе: супраць чаго мы былі — нічога ж не прайшло. Гэта першае, а другое — мне вельмі шкада, што шмат часу акадэмія марнуе. Ну, каму патрэбныя былі гэтыя зьмены? Шмат, вельмі шмат больш важных пытаньняў ёсьць, а мы марнуем свой час і нэрвы на гэта”.

Аляксандар Вайтовіч быў адным зь сямідзесяці акадэмікаў і член-карэспандэнтаў, якія падпісалі ліст пратэсту на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

У сваім звароце навукоўцы выказвалі нязгоду з прапанаваным плянам зьменаў у статут акадэміі. Акрамя таго, на папярэднім агульным сходзе навукоўцаў разгляд гэтага пытаньня ўвогуле быў сарваны. А такія прапановы, як права пазбаўляць акадэмікаў навуковых званьняў, забараняць ім займацца палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю не ўвайшлі нават у праект прапановаў.

Акадэмік Іван Нікітчанка назваў гэта перамогай акадэмічнай супольнасьці ў справе змаганьня з адміністрацыйным ціскам. Гаворыць Іван Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) “Акадэміяй камандаваць, як хочуць, яны ня будуць. І прызначаць Лукашэнка нам нікога ня будзе. Гэта прыклад. Людзям усім так трэба паступаць, каб па сумленьні, а не па загадзе”.

Паводле Івана Нікітчанкі, навукоўцы не намерваюцца спыняцца на дасягнутым і плянуюць узяць актыўны ўдзел у вылучэньні кандыдата на пасаду прэзыдэнта краіны, а таксама ў выбарах новага кіраўніка краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG