Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ў нашай краіне ня будуць прымусова гнаць палову насельніцтва на датэрміновае галасаваньне... тады спадар Мартынаў можа рабіць такія заявы"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 21 красавіка 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Мікола Саскевіч: ) “Хачу выказацца наконт выказваньня Лукашэнкі. Адразу хачу сказаць, што рэжым гэты задрыжаў, баіцца, што прыйдзецца адказваць перад народам за ўсё тое, што нарабілі, за ўсе злачынствы, якія ўчынілі ў Беларусі. Увесь сьвет бачыць, што дыктатар Лукашэнка стварыў ілжывы, злачынны рэжым. І, як сказаў былы афіцэр КДБ Расеі Літвіненка, які цяпер знаходзіцца ў прымусовай эміграцыі, што па сутнасьці Лукашэнка – фашыст і ўся ягоная прапаганда – фашысцкая. Усё што кажа дыктатар – хлусьня! Жыць у гэтай краіне немагчыма!

Асабіста я сумленна працую, але не магу пракарміць сваю сям’ю. Калі б не дапамога майго бацькі, ваеннага пэнсіянэра, то маёй сям’і не было б за што жыць. Гэта ж розуму недаступна: у эўрапейскай краіне я, здаровы хлопец, не гультай, ня п’ю, не палю, працы не баюся, і я не магу жыць у сваёй краіне! Замест таго, каб я дапамагаў свайму сталаму бацьку, якому таксама ня лёгка жывецца, дык бацька дапамагае мне.

Хай адкажа мне Лукашэнка, як можна жыць у яго створанай фашысцкай, бяспраўнай, жабрацкай дзяржаве? А такіх як я большая палова краіны. Хачу прывесьці адзін прыклад са свайго жыцьця. У мяне шматдзетная сям’я, мне належыць субсыдыя на аплату за кватэру. Дык за кватэру я плачу 100 тысяч рублёў, ня лічачы аплаты за сьвятло, газ і тэлефон. Спачатку субсыдыі былі добрыя – 93 тысячы, а потым чамусьці сталі 35 тысяч, а цяпер – 27 тысяч. Мне растлумачылі, што Лукашэнка выдаў свой чарговы ўказ. Але ж аплата за кватэру не паменшылася. Вось вам і дапамога шматдзетным сем’ям.

І хачу сказаць дыктатару: хопіць чапаць брацкую для Беларусі краіну Польшчу. Вам да Польшчы, як да сонца! Замест таго, каб браць прыклад з Польшчы і ісьці на збліжэньне зь ёй, вы льяце брудную хлусьню на гэтую краіну. Пара вам узяць праўдзівыя гістарычныя кнігі і пачытаць пра гісторыю Польшчы і гісторыю нашай краіны Вялікага Літоўскага Княства, цяперашняй Беларусі. Вы ўбачыце, што польская краіна – гэта брацкая краіна для Беларусі. Бліжэй за Польшчу для Беларусі краіны няма.

Усё тое, што я вам кажу, вы зразумець ня хочаце, бо вы – зраднікі нашай краіны! Вы сталі крамлёўска-расейскім рабом, рэжым якой заўжды хацеў зьнішчыць нашую нацыю і нашую краіну. І вашыя гаспадары вам ужо надзелі кайданы на ногі, а цяпер вы хочаце надзець гэтыя кайданы ўсяму беларускаму народу. Не атрымаецца!

Калі на Беларусі адбудзецца рэвалюцыя, то хай дыктатар ня думае, што яму ўсё сыдзе з рук, калі ён пачне страляць у беларускі народ. За дэмакратычным беларускім народам Бог, праўда, ісьціна! За беларусамі стаяць усе дэмакратычныя краіны, увесь цывілізаваны сьвет. Жыве Беларусь і Свабода!”

(Выбігаў: ) “Суботнікі – гэта анахранізм. Яны нікому непатрэбныя. Яны патрэбныя толькі чалавеку з гэтым вясковым мэнталітэтам, стваральніку адыёзнага рэжыму, каб трымаць народ у пастаянным напружаньні”.

(Спадар: ) “Я наконт дакладу Лукашэнкі. Уражаньне такое. Па зьмястоўнасьці неяк палепшылася, у параўнаньні зь мінулым годам, але тут, менавіта, яго асабістае. У адным выпадку ён апраўдваецца за нешта, а ў іншым непамерна выхваляецца. І як заўсёды – хлусьня альбо проста неразуменьне чалавека. Раней былі такія разбойнікі, якія адбіралі грошы ў багатых і аддавалі беднякам. Гэта яшчэ можна зразумець. А вось гэты наадварот робіць. Ён кажа, што па ўзроўню пэнсіі мы апярэджваем, і пэнсіі падвысіліся ў тры разы. Зь якой пэнсіяй ён параўноўвае? У параўнаньні з той, што мы атрымоўвалі, 120-130 рублёў, рэальнае забесьпячэньне паменшылася прыкладна на 18 адсоткаў. Абрабавалі тую пэнсію! Вы ж памятаеце, колькі хлеб ды іншае каштавала. Раней кошты стабільныя былі! Што казаць, усім вядома гэта. Пэнсія ў 100-132 рублёў заробку раўнялася! А ён кажа: “Вы можаце схадзіць у тэатар, у кіно, нешта адкласьці…” Гэта варта сьмеху!

Яшчэ кажа ў дакладзе, што ўвесь час папярэджвае міністэрства і ведамствы, якія пад яго кіраўніцтвам генацыд супраць беларускага народу праводзяць, каб не падвышалі кошты пасьля таго, як падвысілі пэнсіі і заробкі. Дык не падвысілі ж! Якая гэта кампэнсацыя? Гэта дробязь! Кажа, каб не падвышалі адразу, а падвышалі паступова. Гэта ж проста для дакладу, гляньце, які я добры, як я ім кажу, а яны не выконваюць. Чаму ён кажа, каб паступова падвышалі? Чаму падвышаць трэба, хоць і паступова? На энэргетыку тыя самыя кошты, напрыклад, застаюцца.

Ці пра дасягненьні кажа, што мы такога дасягнулі, аж жахліва становіцца! ВВП у параўнаньні з Эўропай, у нас 80 адсоткаў, а там – 20! Дык там 20 зь мільярда, а 80 – з тысячы ці мільёна. Ёсьць жа розьніца! Дзе ж гэта ўсё? Адкуль? Што? У чым справа? Сапраўдны разбой ідзе ў адносінах да грамадзянаў Беларусі! І ніяк не схаваеш гэтага!”

(Спадар: ) “Праз ваша радыё зьвяртаюся да спадара Мартынава, міністра замежных справаў, які заявіў, што ўладу ў нас выбірае народ, а не Кандаліза Райс. Хацелася б сказаць наступнае. Калі ў нашай краіне ня будуць прымусова гнаць палову насельніцтва на датэрміновае галасаваньне, а людзі будуць галасаваць на працягу аднаго прызначанага дня, і,акрамя гэтага, пры падліку галасоў будуць прысутнічаць назіральнікі акрамя расейскіх, вось тады ён можа рабіць такія заявы з поўнай падставай”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт выступу дзяржсэкратара ЗША аб дыктатуры на Беларусі. Калі б гэтая ліга нацыі да вайны вырашыла пытаньне: Гітлеру і Сталіну надзець наручнікі, не было б 2-й сусьветнай вайны. І сёньня гэтая сыстэма на постсавецкай прасторы існуе, як і да вайны. Трэба не ваяваць, не забіваць, а трэба вырашаць пытаньне аб Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з усімі рэжымамі прымаць рашэньні і наводзіць парадак без усякага гвалту. Я супраць аранжавай рэвалюцыі і іншых. Гэта нікому непатрэбна. Гэта толькі народ пакутуе, але не дыктатары. Яны манілі, маняць, крадуць, кралі і будуць красьці.

У часы вайны мы атрымоўвалі дапамогу з Амэрыкі, усе без выключэньня, ад радавога грамадзяніна да чыноўніка, таму што тады не было крадзяжоў і падману. А цяпер на кожным кроку хлусяць! Заводы стаяць – кажуць, працуюць. Дык навошта тады кошты падвышаць і квартплаты? Навошта да міжнародных стандартаў падыходзіць? Якія ў нас кватэры! У нас жа не кватэры, а нішы. Гляньце, якія на Захадзе кватэры і па якіх коштах! І заробкі якія! У нас – 100 даляраў, а там – 5000 даляраў!”

(Банкевіч Генадзь: ) “Зараз праслухаў Сяргея Дубаўца, пытаньне “Ці разваліцца Расея”. Не магу пагадзіцца з тэзаю “Ад нас нічога не залежыць, а мы цалкам залежныя ад стану Расеі. Што Расея вельмі багатая, а ў нас нічога няма”. Гэта прыніжэньне беларусаў. У Беларусі ўсё ёсьць неабходнае для годнага існаваньня. Менавіта таму так імкнуцца расейцы патрапіць сюды і жыць у Беларусі. Скажу, што гэта пабачанае сваімі вачамі пры службе ў войску. Таму так расейцы добра хваляць беларусаў і Беларусь і ня едуць у сваю любімую Расею.

Ад нас залежыць усё: і дабрабыт народу, і выбар нашага ўраду! Вось у прыбалтаў ня лепшыя землі, але яны жывуць годна і ганарацца сваімі краінамі. Так чаму мы не бярэм прыклад з прыбалтаў? А Сяргей Дубавец усё яшчэ аглядаецца на Расею, чакае, пакуль яна разваліцца. Калі будзе трымацца Дубавец годнай пазыцыі беларуса?”

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне аб замежнай грашовай дапамозе беларускай апазыцыі. Добрая была б справа, калі б гэтыя грошы беларуская апазыцыя выкарыстала, напрыклад, для адкрыцьця нядзельнай школы для дзяцей, на арганізацыю якога-небудзь сьвята і прызоў беларускім дзецям. І гэтым бы беларускай апазыцыя заваёўвала сымпатыі выбаршчыкаў і беларускага народу. Але калі гэтая замежная дапамога ідзе на абагачэньне беларускіх лідэраў, калі яны на гэтыя грошы набываюць кватэры і машыны, калі гэтая дапамога дазваляе Лябедзьку нідзе не працаваць і доўгія гады заможна жыць, то, канечне, у гэтым выпадку я яе не ўхваляю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG