Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс сустракаецца ў Вільні з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі


Алесь Дашчынскі, Менск 20 красавіка дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла: "Беларусь адкінута назад з-за прыроды цяперашняга рэжыму, і яе немагчыма куды-небудзь інтэграваць. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу". Нагадаю, гэтую заяву спадарыня Райс зрабіла ў размове з журналістамі, якія суправаджалі яе ў самалёце па дарозе ў Маскву. Паводле дзяржсакратара, “Расея больш, чым хто-небудзь яшчэ, выйграла б ад рэфармаванай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі дзякуючы патэнцыялу для гандлёвых і эканамічных стасункаў, ня кажучы ўжо пра роднасныя сувязі паміж народамі". Пасьля візыту ў Маскву Кандаліза Райс накіравалася ў Вільню, дзе сёньня правядзе шэраг сустрэч, у тым ліку і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Чаго чакаюць у Менску ад гэтай сустрэчы?

Зь дзяржсакратаром ЗША сустрэнецца дэлегацыя зь сямі чалавек, якая рэпрэзэнтуе грамадзянскую супольнасьць краіны. Сёньняшні дыялёг з Кандалізай Райс аналітыкі лічаць знакам таго, што цікавасьць да беларускай праблематыкі выйшла на новы якасны ўзровень.

Сябрам беларускай дэлегацыі зьяўляецца старшыня грамадзкай арганізацыі "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна. Вось яе меркаваньне:

(Пеціна: ) "Я чакаю большай увагі да Беларусі, і я так думаю, што наша дэлегацыя зможа данесьці канкрэтную інфармацыю пра становішча ў Беларусі і прыцягнуць увагу да нашай сытуацыі. Мы маем вялікую патрэбу ў інфармацыйнай падтрымцы, бо практычна ў Беларусі людзі ня ведаюць, што ў сваёй краіне адбываецца. У нас як бы дзьве краіны: адна тая, у якой жыве ўлада й імкнецца выставіць усё грамадзтва пад сябе, і другая краіна – гэта тыя людзі, якія бачаць падзеі ў іншым сьвятле. І таму трэба нам данесьці да кожнага грамадзяніна, што адбываецца з нашай краінай".

Прыехала ў Вільню і прадстаўніца грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем!” Сьвятлана Завадзкая, жонка апэратара ОРТ, які зьнік шэсьць гадоў таму. Спадарыня Сьвятлана плянуе закрануць тэму палітычных зьнікненьняў у Беларусі і спадзяецца тут на падтрымку амэрыканскага боку...

(Завадзкая: ) "...А па-другое, хацелася б патлумачыць, як мы бачым будучыню нашай краіны, як мы бачым выйсьце зь цяперашняй сытуацыі. Канешне, чакаем нейкай дапамогі, падтрымкі, пэўнай пазыцыі ЗША. Хацелася б, каб ЗША і Эўропа мелі кансалідаваную пазыцыю адносна Беларусі”.

Ці сапраўды апазыцыя ездзіць у Вільню і ў Вашынгтон нібыта выключна дзеля таго, каб прасіць грошай? Нагадаю, што пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка ў сваім пасланьні Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу. Кіраўнік Беларусі цьвердзіць: у яго ёсьць стэнаграма аднаго, як ён сказаў, "закрытага, сакрэтнага зборышча" ў Вільні. Паводле Лукашэнкі там было адно, цытую: "Дайце грошы, дайце грошы, няма грошай, дайце грошы, ня будзе рэвалюцыi, заўтра дасьце, будзе позна, давайце сёньня!" Эўрапейцы кажуць: "Не-не, пачакайце, пачакайце, грошы дадзім толькі афіцыйна, праз праграму TACIS і гэтак далей, а ў чамаданах, мяшках – небясьпечна". Паводле Лукашэнкі, яму вядома, хто і куды вязе грошы. І яшчэ адна цытата беларускага кіраўніка пра паездку апазыцыі ў Вашынгтон, дзе, нібыта, яны пачулі: “Хлопцы, вы яшчэ не дарасьлі да таго, каб мы вам мільёны адразу так увалілі, давайце падцягвайцеся, а мы паглядзім”.

Камэнтуючы гэты сьпіч Лукашэнкі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які быў на сустрэчах і ў Вільні, і ў Вашынгтоне, адзначыў: тыя дыскусіі ня мелі закрытага характару. Шырока вядома, напрыклад, што сёлета ЗША выдзяляюць для Беларусі 6 з паловай мільёнаў даляраў. Але гэтыя сродкі ідуць у тым ліку і на праграмы, у якіх задзейнічаныя дзяржаўныя структуры. Сярод іх – чарнобыльскія і гуманітарныя праекты, падтрымка жаночых, моладзевых і рэгіянальных структураў. Паводле спадара Лябедзькі, на падтрымку дэмакратыі выдзелена значна меншая частка ад гэтай сумы. Аднак у пасланьні кіраўніка краіны акцэнты расстаўлены з дакладнасьцю да наадварот...

(Лябедзька: ) "Я думаю, што ў Аляксандра Рыгоравіча вялікія фінансавыя праблемы, таму яго гэтая тэма і клапоціць. Тое, што гаворыць Аляксандар Рыгоравіч, трэба дзяліць на 100, а можа і на 500. Насамрэч размова з такога пункту гледжаньня – "грошы, грошы, грошы" – абсалютна беспэрспэктыўная. Ніхто з паважаных асобаў: ні Кандаліза Райс, ні міністры замежных справаў, ні кіраўнікі дзяржаў пра гэта ня будуць размаўляць. Я магу пацьвердзіць, што на ўсіх сустрэчах ішла размова пра адно – пра Беларусь, пра яе пэрспэктыву, пра людзей, пра падтрымку незалежнай прэсы, пра камунікацыі з “трэцім” сэктарам. Але гэта не пытаньне “грошы, грошы, грошы”. Гэта пытаньне – "Беларусь, Беларусь, Беларусь..."

Палітоляг Аляксандар Фядута даўно ўжо выступае за празрыстасьць у такіх далікатных пытаньнях, як фінансавая падтрымка структураў грамадзянскай супольнасьці. Ён лічыць, што сустракацца апазыцыя павінна з усімі. Але варта ўсьведамляць, ці не замяняюць сустрэчы з замежнікамі тыя сустрэчы, якія трэба праводзіць апазыцыі ў самой Беларусі?

(Фядута: ) "Я лічыў і лічу, што да тых часоў, пакуль беларуская апазыцыя ня знойдзе палітычных інвэстараў у самой нашай краіне, да тых часоў яна ня здольная будзе прыйсьці да ўлады. Кожны раз, калі беларускае тэлебачаньне кажа, што вось схапілі чарговага кур''ера, які вёз грошы – глупства ўсё гэта! Бо на палітычную дзейнасьць грошы можна знайсьці ў самой Беларусі. Гэта ня тыя грошы, якія абавязкова трэба везьці праз мяжу. Казаць бясконца: "Вось дайце нам грошы – і мы здолеем перамагчы Лукашэнку", ну, у гэта амаль ніхто ня верыць. Пытаюцца па-іншаму: чым трэба дапамагчы, акрамя грошай? Вось у гэтым кірунку ЗША і Эўразьвяз зрабілі пэўныя крокі: пачаліся меры па ціску на Пуціна, на Расею, і гэта вельмі пазытыўна. Без Расеі беларускае пытаньне Захад вырашыць ня здольны”.

Тым часам міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў Інтэрфаксу: “будучыню Беларусі будзе вызначаць народ, а не Кандаліза Райс”. Гэта быў яго камэнтар да заявы дзяржсакратара ЗША ў інтэрвію радыё “Эхо Москвы”. Гаворачы пра сёньняшнюю сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, Кандаліза Райс адзначыла: “нікому не выгадная гэтая апошняя дыктатура ў Эўропе, якім зьяўляецца ўрад Лукашэнкі ў Беларусі. Прырода гэтага рэжыму такая, што ён адкідае назад Беларусь, і яе немагчыма інтэграваць нікуды, так што беларускі народ заслугоўвае лепшага”.

Глядзі таксама: Кандаліза Райс: "Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG