Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чаму было не сабраць палітсавет АГП, даслаць абодвум прэзыдэнтам патрабаваньне ўключыць беларускае пытаньне ў парадак дня?"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 19 красавіка 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

Спадар: ) “Спадарства! Колькі можна цярпець гэты зьдзек? Сёньня даведаўся пра ўвядзеньне падатку на зямлю, на якой стаіць дом. Гэты загад мне чымсьці нагадвае казку “Чыпаліна”, дзе сіньёр Памідор увёў падатак на маланку, на дождж, на паветра. Дык можа, і мы хутка будзем плаціць грошы за тое, што мы жывем і дыхаем паветрам?”

(Ніна Ярмалінская: ) “Шаноўнае спадарства! Пытаньне аб рэфэрэндуме наконт аб’яднаньня Беларусі і Расеі нельга выносіць на абмеркаваньне шырокай грамадзкасьці, тым больш нагадваць аб ім у сродках масавай інфармацыі, як гэта было ў “Праскім акцэнце” 17 красавіка з удзелам Зянона Пазьняка. Лічу, што з боку апазыцыі, як і ў папярэднія гады, ідзе прамое падштурхоўваньне Аляксандра Лукашэнкі да правядзеньня чарговага рэфэрэндуму. Такая пазыцыя ў апазыцыі наносіць вялікую шкоду нашай краіне”.

(Сяргей Патаранскі: ) “Самае складанае, што на сёньняшні дзень нас накаляе і што маем сапраўды сур’ёзную размову і тэму для гутаркі – гэта менавіта наш дзяржаўны кантэкст у першую чаргу, як зазначыў шаноўны Ніл Сымонавіч. Сапраўды, моладзь вызначае дух нацыі. І гэта абсалютны закон, закон Божы. Таму нам, беларусам, на сёньняшні дзень трэба ўжо даўным даўно адмовіцца ад тых стэрэатыпаў, якія мы сабе навязалі і якімі мы сёньня жывем. І, на жаль, на сёньняшні дзень жывяце і вы, хаця, здаецца, вы людзі граматныя. Я кажу аб так званай паліткарэктнасьці. Зразумела, як сказаў шаноўны спадар Сяргей Астраўцоў у сваіх мэмуарах, у сваіх дзёньніках, што сапраўды трэба глядзець праўдзе ў вочы і трэба ўсе рэчы называць сваімі імёнамі. Нельга ўспрымаць Вільню як ліцьвінскі горад, нельга ўспрымаць Беласток як польскі горад, нельга ўспрымаць Смаленск як расейскі горад. Трэба гэта ўсё далучаць да нашага нацыянальнага кантэксту. І ніяк па іншаму. А калі мы гэта будзем губляць пакрысе і будзем ісьці на нейкім паваду нашых так званых эўрапейскіх тэндэнцыяў, да якіх мы так імкнемся, то мы сапраўды, як і пасьля Савецкага Саюзу, застанемся каля разьбітага карыта.

Мне здаецца, што мы самадастатковая нацыя. І я мяркую, што самая галоўная задача такіх структур як вы і ўвогуле нашай нацыянальнай эліты – гэта ў першую чаргу вяртаць нацыю да свайго нацыянальнага кантэксту, які безумоўна існуе, які безумоўна зьяўляецца сёньня прафанацыяй нашай дзяржавы. Ну, калі гэта зьяўляецца прафанацыяй для нашай дзяржавы, то чаму вы таксама ідзяце на нейкую так званую паліткарэктнасьць? Мы павінны ў такім разе казаць усё адкрыта і поўную праўду, пра каторую ведае большасьць маладога пакаленьня нашага народу.

Давайце казаць праўду! “Праўду, – як казаў Быкаў, – нічога акрамя праўды”. Давайце ўспрымаць Беларусь ня толькі ў тых межах Рэспублікі Беларусь, у якіх яна сёньня існуе! Давайце яе ўспрымаць шырэй, хаця б на культурным узроўні, на духоўным узроўні! Бо зразумела, што “Вострая брама” зьяўляецца абсалютным і вечным сымбалем беларускага народу, як і крыж Ефрасіньні Полацкай, які знаходзіцца сёньня ў архівах КДБ, па чутках, якія існуюць у беларускім народзе. І пытаньне, чаму знаходзяцца тыя самыя слуцкія паясы сёньня ня ў нас у Беларусі, хаця б на гэтай, так званай тэрыторыі 6 паветаў, дзякуй і за гэта, а менавіта дзесьці ў Польшчы ці ў Расеі, ці ў Парыжы. Чаму слуцкія рушнікі знаходзяцца сёньня ў Парыжы, Варшаве, Маскве і г.д.? Альбо рыцары беларускія, якія выдаюцца за італьянскіх, знаходзяцца сёньня ў Эрмітажы? Гэта таксама вялікае пытаньне, на якое безумоўна існуе абсалютны адказ, што, канечне ж, нас абрабавалі, канечне ж, нас ператварылі ў лапцюжную краіну. Дык давайце ня будзем лапцюжнікамі! Давайце сапраўды будзем Беларусамі зь вялікай літары, бо любая нацыя, як вядома, пішацца зь вялікай літары. І давайце вяртаць свой сапраўдны духоўны кантэкст, духоўна-культурны кантэкст, ад якога можа быць пасьля народзіцца і палітычны. Таму што, зразумела, што ўспрымаць Беларусь у тых межах, у каторых яна сёньня існуе, немагчыма! Гэта зразумела нават школьніку, які вучыцца ў беларускіх школах, якія зьнішчае Лукашэнка. Гэта відавочна. Таму давайце быць разумнымі, дапытлівымі і дальнабачнымі!”

(Віктар Бутто: ) “Пра агульную карупцыю па-беларуску ў Менску. У горадзе Менску існуе вялікая прадажнасьць сярод дзяржаўных служачых. Прадаюцца службовыя і іншыя асобы, нават за магчымасьць працаваць па прафэсіі, за павышэньне па службе і за іншага роду хабар. З-за гэтага адсутнічае правасудзьдзе і справядлівасьць. Любога прыстойнага і паважанага, добра выконваючага свае абавязкі і законапаслухмянага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь могуць наўпрост незаконна звольніць з працы, пазбавіць яго здароўя, пакінуць бяз сродкаў на існаваньне і бяз права на жыцьцё. Падобнае адбывалася ў часы сталінскіх рэпрэсіяў і іншыя гады на Беларусі. Але пасьля 1991 году, калі ўладу захапіла выканаўчая ўлада, у Менску стала вельмі небясьпечна жыць і добра працаваць немагчыма, бо прададуць і паставяць любога добрага работніка праз хабар і іншае падобнае.”

(Зіноўеў: ) “Я хацеў бы сказаць наконт нядзельнай праграмы “Праскі акцэнт”, наконт некаторых аспэктаў выступу Зянона Станіслававіча Пазьняка, а менавіта пра падстаўную апазыцыю. Вось калі я нешта апазыцыйнае кажу, мяне пытаюць: “Ты што, з БНФ?” Таму што, мусіць, ведаюць, што АГП ведае сваё месца ў грамадзтве і без дазволу не апазыцыянуе цяперашняму рэжыму. І мяне яшчэ ўразіла, не ў папрок АГП будзе сказана, артыкул Людмілы Гразновай у нумары “Народнай Волі” за люты, за тыдзень да саміту Пуціна з Бушам. Яна проста напісала, што яшчэ ёсьць магчымасьць паставіць беларускае пытаньне ў парадак дня. Чаму не сабраць палітсавет АГП, даслаць абодвум прэзыдэнтам патрабаваньне ўключыць у парадак дня? А калі лянота Людміле Гразновай факс даслаць у расейскую амбасаду, дык хай патэлефануе і прама скажа, што і да канстытуцыйнага балагану, і да адзінай валюты стаўлюся вельмі нэгатыўна. І напісала б пра гэта ў “Народнай Волі”, а мы, слухачы Радыё Свабода, толькі парадаваліся б за Беларуску зь вялікай літары, якая адкрыта заяўляе сваю грамадзянскую пазыцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG