Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы папа рымскі – Бэнэдыкт XVI


Віталь Цыганкоў, Прага Прыблізна а сёмай гадзіне паводле беларускага часу пайшоў белы дым з коміна Сыкстынскай капліцы, а празь некалькі хвілінаў пасьля гэтага загучалі званы сабору сьвятога Пятра ў Ватыкане, пацьвярджаючы факт абраньня новага пантыфіка.

Пасьля гэтага кардынал з Чылі Мэдына Эстэбэс з балькону Сыкстынскай капліцы, паводле традыцыі, на лаціне абвясьціў абраньне новага папы.

(Эстэбес: ) "Я абвяшчаю вялікую радасьць для ўсіх нас. Маем папу!"

Новым папам рымскім – кіраўніком Рымска-каталіцкай царквы, якая аб’ядноўвае звыш мільярда вернікаў ува ўсім сьвеце – быў абраны 78-гадовы нямецкі кардынал Ёзэф Ратцынгер.

Ёзэф Ратцынгер стаў 265-м пантыфікам і абраў сабе імя Бэнэдыкт XVI.

(Папа: ) “Дарагія браты і сёстры! Пасьля вялікага папы Яна Паўла Другога, кардыналы абралі мяне як простага і сьціплага працаўніка ў вінаградніку Божым”.

У працэдуры абраньня новага папы – канкляве – бралі ўдзел 115 кардыналаў з 52 краінаў. Сярод іх было 58 эўрапейцаў, зь іх 20 – італьянцы. 21 кардынал прадстаўляў Лацінскую Амэрыку, 11 – Афрыку і столькі ж – Азію. Новага папу яны абралі за даволі кароткі тэрмін – канкляў пачаўся ў панядзелак, а Бэнэдыкт XVI быў абраны ў выніку трэцяга туру галасаваньня. Можна згадаць, што Ян Павал ІІ стаў папам на трэці дзень канкляву пасьля васьмі тураў галасаваньня.

Выказваліся меркаваньні, што пасьля доўгага пантыфікату (нагадаем, Ян Павал ІІ уладарыў 27 гадоў) павінен ісьці гэтак званы кароткі пантыфікат. Гэта азначае, што наступны папа не павінен кіраваць занадта доўга проста ў сілу свайго ўзросту, таму кардыналы будуць схільныя абраць папу даволі паважнага веку. Выглядае, што гэтыя прадказваньні спраўдзіліся, бо новаму папу Ёзэфу Ратцынгеру 78 гадоў. А паводле правілаў, у канкляве могуць браць удзел толькі кардыналы, не старэйшыя за 80 гадоў.

Ратцынгер, які быў найбліжэйшым паплечнікам памерлага папы Яна Паўла ІІ, лічыцца вельмі кансэрватыўным, асабліва ў пытаньнях касьцельнай дактрыны. Ён ужо даволі доўга ўзначальваў Кангрэгацыю дактрыны Веры і выконваў абавязкі дэкана калегіі кардыналаў. На гэтай пасадзе ён стаў адзін зь нямногіх людзей у Касьцёле, хто быў асабіста знаёмы з усімі кардыналамі, якія прымалі ўдзел у канкляве. Бэнэдыкт XVI быў абраны ў даволі складаны час для каталіцкай царквы, але не чакаецца, што ён зробіць якія-небудзь істотныя зьмены. Кардынал Ратцынгэр ня раз выступаў супраць, як ён выказаўся, “дыктату рэлятывізму”, і абараняў тое, што царква традыцыйна разглядае як абсалютную праўду. “Ратцынгер ды іншыя вераць, што каталіцызм знаходзіцца ў аблозе “хрысьціянафобіі”, і зь нянавісьцю да хрысьціянаў можна змагацца толькі ўзмацненьнем хрысьціянскай ідэнтычнасьці”, -- піша сёньня газэта "Los Angeles Times".

Гл. таксама • Грамадзкія дзеячы Беларусі камэнтуюць абраньне новага папы • Якія спадзяваньні на Бэнэдыкта XVI ўскладаюць каталікі Беларусі? • Як каталіцкая царква будзе змагацца зь беднасьцю і сацыяльнай несправядлівасьцю? • Герхард Шрэдэр павіншваў новага папу • Усясьветная супольнасьць вітае новага папу
XS
SM
MD
LG