Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вядучыя ОНТ зарабляюць ня больш за майстра на добрым заводзе”


Іна Студзінская, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы.

“КГБ можа «разьдзьмуцца»” – мяркуе “Белорусская деловая газета”, калі Савет Рэспублікі ухваліць зьмяненьні і дапаўненьні ў Закон “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі”. Аўтар матэрыялу Сяргей Сацук зьвяртае ўвагу на дзьве папраўкі. Адна тычыцца задач КДБ: “забесьпячэньне прэзыдэнта, ураду, іншых дзяржаўных органаў зьвесткамі, неабходнымі для прыняцьця рашэньняў у палітычнай, эканамічнай, вайсковай, інфармацыйнай ды іншых сфэрах”. А вось папраўка ў артыкул 18 гучыць так: “Супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бясьпекі для выкананьня сваіх абавязкаў могуць займаць пасады ў дзяржаўных, іншых арганізацыях. За разгалошваньне зьвестак аб прыналежнасьці гэтых супрацоўнікаў да органаў дзяржбясьпекі службовыя асобы нясуць адказнасьць у адпаведнасьці з законам”, раскрывае сакрэт “БДГ”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка ў Авальнай зале зьвернецца да парлямэнту і беларускаму народу са штогадовым пасланьнем. Пра што будзе казаць цяперашні правадыр у “Красавіцкіх тэзісах”, чытайце ў сьвежым нумары “БДГ”.

***

“Витебский курьер” ў аўторак на першай старонцы друкуе іранічны рэпартаж “Ідзе мятла па горадзе”, прысьвечаны суботніку. У артыкуле “Хмары над запаведнікам” карэспандэнт “Витебского курьера” Уладзімер Шык праводзіць журналісцкае расьсьледаваньне пра шматлікія парушэньні ў Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”, дзе на запаведнай тэрыторыі будуюцца элітныя катэджы, ідзе незаконны адстрэл дзічыны.

У Віцебску пачынаецца падрыхтоўка да чарговага “Славянскага базару” – на рамонт амфітэатру спатрэбіцца як мінімум 450 мільёнаў рублёў. Дзе ўзяць такія сродкі – чытайце ў сьвежым нумары “Витебского курьера”.

***

Крычаўскі “Вольны горад” прагназуе магчымую зьмену раённага кіраўніцтва. Куды пойдзе мэр Крычава Іван Пракопаў – на павышэньне ці за краты, і хто стане ягоным пераемнікам, чытайце ў матэрыяле “Чарговы часаўшчык”.

“Вольны горад” працягвае палеміку з дэпутаткай Крычаўскага райсавету, намесьніцай старшыні райвыканкаму Зінаідай Скачковай, якая ў перадвыбарчую кампанію абяцала заасфальтаваць у горадзе ходнікі. Сваё абяцаньне яна дагэтуль ня выканала, а ў Крычаве чарговы пешаход быў зьбіты машынай на ўзбочыне вуліцы, дзе няма ходніку.

***

Лідэр беларускай хакейнай зборнай Руслан Салей не прыедзе на чэмпіянат сьвету ў Аўстрыю, таму што вырашыў застацца ў Амэрыцы зь цяжарнай жонкай. Чакаецца, што ў чэрвені ў хакеіста народзіцца дачка, піша “Комсомольская правда в Белорусии”.

“Вядучыя ОНТ зарабляюць ня больш за майстра на добрым заводзе” – сьцьвярджае тэлежурналіст Аляксандар Сярэбранікаў. Самымі прыбытковымі справамі ў сваім жыцьці ён лічыць спорт у савецкія часы і перапродаж патрыманых аўтамабіляў, якія пераганяў зь Нямеччыны і Польшчы. Інтэрвію з тэлевядоўцам пад рубрыкай “Зоркі і партманэты” чытайце ў аўторкавым нумары “Комсомольской правды в Белорусии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG