Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Беларусі – эўрапейскім калегам: “Не вучыце нас жыць”


Уладзімер Глод, Менск Жорсткая заява пра сытуацыю ў Беларусі, якую зрабілі міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу на сваім паседжаньні ў Люксэмбургу 15 красавіка, выклікала водгук з боку афіцыйных беларускіх структураў.

Сёньня, скарыстаўшыся падыходам кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Беларусі да журналістаў пасьля сумеснага выязнога сэмінару дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і супрацоўнікаў МЗС, я папрасіў Сяргей Мартынава пракамэнтаваць заяву ягоных калегаў з краінаў Эўразьвязу. Вядома, што міністар замежных справаў Люксэмбургу Жан Асэльборн (Люксэмбург цяпер старшынюе ў Эўразьвязе) ад імя сваіх калегаў назваў сытуацыю ў Беларусі дыктатурай.

Спадар Мартынаў пачаў адказ з таго, што папракнуў свайго калегу зь Люксэмбургу, які, як лічыць беларускі міністар, ня вельмі добра ведае геаграфію Эўропы:

(Мартынаў: ) “Я хачу сказаць, што ў дзейнага старшыні Эўразьвязу, мабыць, няма акрэсьленага ўяўленьня аб геаграфіі Эўропы. Ён, прынамсі, назваў Беларусь краінай, якая знаходзіцца на межах Эўропы. Калі хтосьці спрабуе ставіць знак роўнасьці паміж Эўразьвязам і Эўропай, дык гэта яшчэ ня так. Гэта першае. Другое, пра што я хачу сказаць: Эўразьвяз, на жаль, працягвае глядзець на Беларусь праз скажоныя лінзы. Праблема падвойных стандартаў застаецца, як і раней, актуальнай для Эўразьвязу. Далей магу проста сказаць, што палітыка, якую ўжывае Эўразьвяз адносна Беларусі з 1997 году, выглядае непераканаўчай. І далейшы працяг і паглыбленьне такой палітыкі прывядуць да тых жа самых вынікаў”.

Што тычыцца пашырэньня супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам, дык беларускі міністар не абвяргае такой пэрспэктывы. Але адначасова ён раіць эўрапейцам не навязваць Беларусі сваіх поглядаў:

(Мартынаў: ) “Са свайго боку мы б заклікалі Эўразьвяз у будучым не вучыць Беларусь жыць. Няхай яны спачатку ўважліва паглядзяць на ўласных сябраў Эўразьвязу. Сярод іх ёсьць такія, дзе чвэрць насельніцтва ня мае права голасу. Ёсьць і такія краіны, якія заахвочваюць фашызм у розных яго формах. І другое: мы заклікаем Эўразьвяз да таго, каб разам зь Беларусьсю, а не на закрытых сэмінарах, ставіць дакладную праграму паляпшэньня адносінаў паміж сур’ёзнай арганізацыяй, якую мы паважаем і зь якой хочам мець добрыя стасункі, і незалежнай сувэрэннай дзяржавай, якая хутка разьвіваецца і ўпэўненая ў сабе — Рэспублікай Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG