Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адпачывалі чыноўнікі з Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта на Браслаўскіх азёрах?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Заведзеная крымінальная справа аб злоўжываньнях у Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”, які падпарадкаваны Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Беларусі. У тым ліку расьсьледуюцца факты незаконнай забудовы тэрыторыі парку дзяржаўнымі чыноўнікамі.

Зьвесткі пра тое, што заведзеная крымінальная справа аб злоўжываньнях у Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры” пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў. А паводле крыніцы ў Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта, былы дырэктар Нацыянальнага парку Уладзімір Сянькоўскі ўжо больш за тыдзень як звольнены з пасады. Нібыта асноўныя прэтэнзіі сьледчых тычацца яго, але падрабязнасьцяў яны не паведамляюць.

Зь іншых крыніцаў удалося высьветліць, чым хутчэй за ўсё зацікавіліся сьледчыя ў дзейнасьці былога кіраўніка Нацыянальнага парку: нібыта іх цікавяць апэрацыі аб продажы сабраных у парку чарніцаў, незаконна злоўленай рыбы і факты забудовы катэджамі прыродаахоўных тэрыторыях вакол Браслаўскіх азёраў.

Паводле супрацоўніка Нацыянальнага парку, які прасіў не называць ягонага імя, вакол Браслаўскіх азёраў рознымі чыноўнікамі і проста багатымі людзьмі незаконна пабудавана некалькі дзесяткаў катэджаў. Будавацца на беразе ў прыродаахоўнай зоне магчыма толькі з дазволу дзяржаўных інстанцыяў, у тым ліку патрэбны подпіс дырэктара Нацыянальнага парку. Што былы дырэктар Уладзімір Сянькоўскі такія дазволы мог даваць, мой субяседнік не сумняецца:

(Спадар: ) “Будуюць, так бы мовіць, па-крутому. Дамы на берагах, катэджы. Хто плотам абгарадзіўся, хто падыходы да вады зрабіў. І плюс сам дырэктар пабудаваў такі дом, потым яго прадаў”.

Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры “ быў створаны ў 1995 годзе і неўзабаве перайшоў у падпарадкаваньне Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Дырэктарам парку ня вельмі шанцавала. Папярэднік цяпер ўжо былога дырэктара Уладзіміра Сянькоўскага Пётр Міхалап быў асуджаны за злоўжываньні і на 4 гады пазбаўлены волі. Аднак ягоны прыклад мала паспрыяў, каб на тэрыторыі парка справы пайшлі лепей.

Асабліва гэтаму перашкаджала надзвычай гарачая любоў да парку высокіх кіраўнікоў з Менску. “Яны ўсе лічыць наш парк сваёй вотчынай”, казаў мой субяседнік. Ён згадаў, што часта гасьцямі парку былі начальнікі з Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта і, у прыватнасьці, наведвала яго былая кіраўніца справамі Галіна Жураўкова.

(Спадар: ) “Жураўкова тая яшчэ была…Чамусьці, калі сьледзтва па яе справе ішло, да нас ніхто не прыехаў і не спытаў, чым яна тут адзначылася. Як адпачывала. І ў лазьню, і ў возера, і ўсё там. І, канешне, за чый кошт гэта было”.

Паводле зьвестак, справай аб злоўжываньнях ў Нацыянальным парку "Браслаўскія азёры" займаюцца ня толькі сьледчыя зь міліцыі, але і з рэспубліканскай пракуратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG