Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 65-я ўгодкі Катынскай трагедыі палякі прыгадваюць і забітых у Беларусі суайчыньнікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 16 красавіка ў Польшчы прыгадваюць 65-я ўгодкі падзеяў, якія маюць агульны назоў Катынская трагедыя: расстрэлаў супрацоўнікамі НКВД 22 тысячаў польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, навукоўцаў у Катыні, Харкаве, Медным і іншых месцах. У сувязі з гэтай датай у Польшчы ізноў падкрэсьліваюць, што беларускія ўлады адмаўляюцца ісьці на супрацоўніцтва з польскімі навукоўцамі, каб высьветліць імёны палякаў, забітых у Курапатах.

З амаль 22 тысячаў забітых польскіх палонных прыкладна 7 тысячаў былі расстраляныя на тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Дагэтуль невядомыя імёны і месцы пахаваньняў большасьці зь іх.

Як паведаміў напярэдадні сакратар Рады аховы памяці пра змаганьне й пакутніцтва Польшчы Анджэй Пшэвозьнік, з Украінай у гэтай справе супрацоўніцтва паляпшаецца – ужо знойдзеныя месцы, дзе пахаваная прынамсі частка забітых з “украінскага катынскага сьпісу”, абмяркоўваецца пытаньне пабудовы мэмарыяльнага комплексу ў Харкаве.

Што да Беларусі, дык, паводле спадара Пшэвозьніка, “зь Менскам ужо некалькі гадоў няма ніякага супрацоўніцтва ў гэтай справе, бо ўлады адказваюць, што працы ў Курапатах немагчымыя”.

“У Беларусі высьвятленьне якіх-кольвечы падрабязнасьцяў катынскай справы немагчымае з прычыны пазыцыі ўладаў. З вуснаў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў можна і сёньня пачуць, што рэшткі тых, хто ляжыць у Курапатах – гэта справа... немцаў”, адзначыў Анджэй Пшэвозьнік у адмысловым артыкуле, прысьвечаным 65-м угодкам Катынскай трагедыі.

Спадар Пшэвозьнік падкрэсьліў таксама, што Курапацкі лес ужо стаўся месцам пілігрымак жыхароў Беларусі, Расеі і Польшчы, але “надалей актуальнымі застаюцца пытаньні аб сьпісе імёнаў ахвяраў, дакладным месцы пахаваньня і акалічнасьцях сьмерці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG