Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі знаходзіцца дэлегацыя аб’яднаньня Маладыя дэмакраты Польшчы


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэта – моладзевая арганізацыя вядомай польскай лібэральнай партыі Грамадзянская плятформа. Маладыя польскія дэмакраты правялі шэраг сустрэчаў зь лідэрамі беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве з моладзевай арганізацыяй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі.

Дэлегацыя Маладых польскіх дэмакратаў прыехала ў Беларусь на запрашэньне моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу. Спачатку палякі наведалі Горадню, дзе правялі сустрэчу з прадстаўнікамі моладзевых дэмакратычных арганізацыяў, пасьля ў Менску сустрэліся зь лідэрамі партыяў-удзельніцаў сталай нарады дэмакратычных сілаў.

Кіраўнік польскай дэлегацыі, старшыня арганізацыі Маладыя дэмакраты Польшчы Янэк Артэмоўскі падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сустрэчаў зь беларускай апазыцыяй:

(Артэмоўскі: ) “Мы знаходзімся пад вельмі моцным уражаньнем ад таго, як прафэсійна падыходзяць беларускія арганізацыі да прэзыдэнцкіх выбараў. Тым больш што ў Польшчы існуе стэрэатып аб беларускай апазыцыі як падзеленай і ня здольнай да паразуменьня. Лічу – тое, што мы тут бачым, дае вялікія надзеі на тое, што будзе адзіны кандыдат, а гэта значыць, вялікі шанец на посьпех. Гэта ўдалася зрабіць у Польшчы, апошнім часам удалося ва Ўкраіне. Відавочным ёсьць тое, што асноўнай умовай перамогі ёсьць адзінства”.

Маладыя польскія дэмакраты прыехалі ў Беларусь каб даведацца, якога кшталту падтрымку яны могуць аказаць сваім беларускім калегам у справе барацьбы за вяртаньне Беларусі на эўрапейскі й дэмакратычны шлях разьвіцьця. У выніку, паміж арганізацыяй Маладыя дэмакраты Польшчы і Моладзевым хрысьціянска-сацыяльным саюзам Беларусі было падпісана адмысловае пагадненьне.

Паводле гэтага дакумэнту, маладыя дэмакраты Польшчы й Беларусі пагадзіліся займаць узгодненую пазыцыю ў міжнародных арганізацыях, выпрацоўваць адзіныя падыходы па важных пытаньнях, зьдзяйсьняць інфармацыйны абмен, праводзіць сумесныя сэмінары, канфэрэнцыі, ажыцьцяўляць праекты, скіраваныя на папулярызацыю дэмакратычных каштоўнасьцяў, эўрапейкай інтэграцыі, рэгіянальнага польска-беларускага супрацоўніцтва. Прадстаўнікі маладых польскіх дэмакратаў паабяцалі падтрымліваць усе праекты дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, скіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. У прыватнасьці – праект па стварэньні тэлеканалу і радыёстанцыі, якія будуць вяшчаць на Беларусь.

Паводле Янэка Артэмоўскага, у выпадку, калі партыя Грамадзянская плятформа, сябрамі якой яны зьяўляюцца, пераможа на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах (а верагоднасьць гэтага вельмі вялікая) і сфармуе новы польскі ўрад, то праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю, могуць быць ажыцьцёўленыя ўжо ў самы бліжэйшы час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG