Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейнасьць узброеных фармаваньняў суседзяў на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны


Юры Дракахруст, Прага 9 траўня сёлета спаўняецца 60 гадоў перамозе дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі над нацысцкай Нямеччынай. У нашым цыклі “Беларусь на вайне” мы спрабуем яшчэ раз прыгадаць перагорнутыя старонкі гісторыі. Памяць вялікіх выпрабаваньняў і выжываньня, сьмерці і жыцьця, памылак і выкупленьня, вернасьці і здрады – у цыклі перадачаў Радыё Свабода “Беларусь на вайне”.

Сёньня мы прапануем вам чарговую перадачу гэтага цыклю. Тэма выпуску – дзеяньні узброеных фармаваньняў суседніх краінаў на тэрыторыі Беларусі падчас вайны. Які быў характар і мэты гэтых фармаваньняў? Чаму для карных апэрацыяў на тэрыторыі Беларусі шырока выкарыстоўваліся сілы з суседніх краінаў? Чым адрозьнівалася стаўленьне нацыстаў да беларусаў ад стаўленьня да суседніх зь Беларусьсю народаў?

Гэтыя тэмы ў чарговай перадачы цыклю “Беларусь на вайне” абмяркоўваюць гісторыкі Эмануіл Іофэ і Ігар Кузьняцоў.

(Дракахруст: ) "Падчас Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі акрамя нямецкіх войскаў і адміністрацыі, чырвоных партызанаў і беларускіх злучэньняў, у той ці іншай ступені зьвязанай зь немцамі дзейнічалі таксама фармаваньні з суседніх краінаў і рэспублікаў былога СССР. У розныя пэрыяды вайны яны знаходзіліся ў складаных адносінах з уласна беларускімі акторамі. Але напачатку – дзейныя асобы. Хто яны былі?"

(Іофэ: ) "На тэрыторыі Беларусі ў часы Другой усясьветнай вайны дзейнічалі фармаваньні ўкраінскія, літоўскія, латыскія, эстонскія, а таксама расейскія і польскія. Акрамя польскай Арміі Краёвай (АК), гэта былі пераважна паліцэйскія злучэньні. АК падпарадкоўвалася польскаму ўраду ў Лёндане, астатнія супрацоўнічалі зь нямецкімі акупантамі".

(Дракахруст: ) "Спадар Іофэ, Вы прыгадалі Ўкраінскую паўстанцкую армію (УПА). Яна таксама была супрацоўнічала зь немцамі?"

(Іофэ: ) "Яны трохі зь немцамі ваявалі, а трохі і супрацоўнічалі. З УПА сапраўды ўсё было больш складана. У нас яна дзейнічала на тэрыторыі Берасьцейшчыны. Мы насамрэч ня можам сказаць, што яны толькі супрацоўнічалі з ворагам, у адрозьненьні, скажам, ад беларускіх паліцэйскіх батальёнаў".

(Дракахруст: ) "Спынімся на гэтых нацыянальных суседзкіх рухах, не зьвязаных наўпрост з нацыстамі. Якімі былі іх дзеяньні, іх мэты ў Беларусі? Адказвае Ігар Кузьняцоў".

(Кузьняцоў: ) "Калі мы возьмем сытуацыю, якая была ў Заходняй Беларусі, то беларусы-каталікі перш за ўсё падтрымлівалі Армію Краёву (АК). Звычайна польскія партызаны спраўна плацілі за харчы, якія бралі ў мясцовага насельніцтва, а людзі Панамарэнкі заўсёды бралі задарма, ды яшчэ і ўжывалі рэпрэсіўныя акцыі.

У Заходняй Беларусі з боку як палякаў, гэтак і беларускага насельніцтва адсутнічала падтрымка партызанскіх злучэньняў, якія фармаваліся з Масквы Цэнтральным штабам партызанскага руху. Вядомы факт, што напачатку 1944 года гэтыя партызанскія фармаваньні былі вымушаныя сысьці зь Вілейскай, Гарадзенскай і іншых абласьцей, бо яны фактычна не знаходзілі там падтрымкі.

Да 1943 году палякі не рабілі аніякіх варожых дзеяньняў супраць савецкіх партызанаў, праводзіліся нават супольныя апэрацыі. Але з красавіка 1943 году савецкі ўрад зьмяніў стаўленьне да польскага ўраду ў Лёндане, і з саюзьнікаў яны ператварыліся ў праціўнікаў.

У раёне Аўгустоўскіх лясоў месьцілася вялікая колькасьць злучэньняў польскай абароны да трох тысячаў чалавек. Гэтыя фармаваньні арганізавалі вядомую апэрацыю ў Паставах, дзе былі забітыя больш за 400 немцаў і паліцаяў. Яны даволі актыўна дзейнічалі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а з 1943 году яны вялі баявыя дзеяньні як супраць партызанаў, гэтак і супраць немцаў. Існуе статыстыка, што прыблізна палова апэрацыяў рабілася супраць нацыстаў, і каля паловы – супраць савецкіх партызанаў.

Што тычыцца беларускага Палесься, то яно ўваходзіла ў рэйхскамісарыят "Украіна". Варта сказаць, што і Ўкраінская Паўстанская Армія (УПА) таксама разглядала гэтыя тэрыторыі як спрадвечна ўкраінскія землі. У палескіх лясох дзейнічалі злучэньні ўкраінскіх нацыяналістаў, так званыя злучэньні Тараса Бульбы, паводле розных крыніцаў колькасьцю ад 5 да 15 тысячаў чалавек".

(Дракахруст: ) "Цяпер пяройдзем да суседзкіх калябарацыйных фармаваньняў. Спадар Іофэ, як складаліся іх адносіны зь беларускім насельніцтвам, чырвонымі партызанамі і зь беларускімі калябарантамі?"

(Іофэ: ) "Немцы імкнуліся, каб сярод калябарацыйных арганізацыяў не было яднаньня. Апроч нападаў палякаў і партызанаў беларускія калябарацыяністы адбівалі новага ворага – украінізацыю. Напрыклад, была спроба ўкраінізаваць 104-ы батальён Беларускай краёвай абароны (БКА) у Кобрыне.

Батальён быў арганізаваны напачатку 1943 году нямецкім камісарам акругі "Берасьце" для барацьбы з партызанамі. Камандзірам батальёна быў беларус Ляйковіч, камандзірамі ротаў таксама былі беларусы. У 1943 годзе на просьбу ўкраінскага прадстаўніцтва, якое супрацоўнічала зь немцамі, у батальён былі ўлітыя 150 украінцаў для ўкраінізацыі злучэньня. Афіцэры-беларусы былі адхіленыя ад пасадаў, іх месцы занялі ўкраінцы, у батальёне была ўведзеная ўкраінская мова.

Пачаліся сутычкі на нацыянальнай глебе. Немцам стала вядома пра гэта, і ў батальёне было праведзенае галасаваньне сярод асабістага складу. Яго вынікі пераканалі немцаў, што злучэньне зьяўляецца не ўкраінскім, а беларускім.

Між тым сябры мясцовага аддзелу АУН пачалі пагражаць беларускім вайскоўцам і патрабаваць, каб яны запісваліся ў немцаў украінцамі. Са свайго боку беларусы абяцалі ўкраінцам дапамогу з уладкаваньнем ва ўкраінскія батальёны. У адказ пачаўся тэрор, у траўні 1943 году ўкраінскія вайскоўцы батальёну пачалі страляніну па афіцэрах-беларусах. Пасьля перастрэлкі ўкраінцы зьбеглі ў лес. Немцамі батальён быў расфармаваны, а яго вайскоўцы былі разьмеркаваныя па іншых беларускіх злучэньнях.

Немцы імкнуліся да таго, каб адбываліся такія міжнацыянальныя сутычкі, каб немцы маглі быць гаспадарамі і арбітрамі ў гэтых спрэчках".

(Дракахруст: ) "Спадар Кузьняцоў, чым адрозьнівалася акупацыйная палітыка немцаў у Беларусі і ў сумежных краінах?"

(Кузьняцоў: ) "Можна прывесьці характэрнае выказваньне Розэнбэрга, які яшчэ ў 1942 годзе заявіў, што "у Беларусі і на Ўкраіне за 20 гадоў панаваньня бальшавікі разбурылі ўсе асновы цывілізацыі".

Нямецкія ўлады лічылі Беларусь больш пракамуністычнай і адпаведна меры тут ужываліся больш жорсткія, чым ў той жа Прыбалтыцы ці на Ўкраіне.

Існуе шмат фактараў, чаму на Ўкраіне не было такога масавага партызанскага руху, як у Беларусі. Па-першае, украінскія землі былі багацейшыя. Па-другое, ва Ўкраіне за харчовыя пастаўкі немцы часам плацілі. Па-трэцяе, варта ўлічыць, што і прыродныя ўмовы ў Беларусі былі больш спрыяльныя для партызанскага руху. Яшчэ адзін важны чыньнік палягае ў тым, што нацыянальныя арганізацыі ў Беларусі не былі нагэтулькі папулярнымі, як ва Ўкраіне. Ва Ўкраіне менш быў разьвіты прасавецкі партызанскі рух, у той жа час больш шырока быў разгорнуты нацыянальны рух".

(Дракахруст: ) "Вядома, што на тэрыторыі Беларусі немцы шырока выкарыстоўвалі для карных апэрацыяў калябарацыйныя злучэньні з суседніх краінаў. А чаму гэта адбывалася?"

(Іофэ: ) "Партызанскі рух стаў настолькі шырокім, што для змаганьня зь ім не хапала беларускіх паліцэйскіх сілаў, не хапала мясцовых калябарантаў. Акрамя таго немцы лічылі, што ў пытаньні зьнішчэньня габрэйскага насельніцтва некаторыя паліцэйскія праяўляюць залішнюю мяккасьць, ім трэба былі людзі жорсткія, "пазбаўленыя комплексаў", як яны казалі. Немцы меркавалі, што гэтыя задачы лепш выконваюць украінскія і літоўскія злучэньні, такія як сумнавядомы 118-ы шуцманшафтбатальён пад кіраўніцтвам Рыгора Васюры ці 2-гі паліцэйскі батальён пад кіраўніцтвам Антанаса Імпулявічуса. Расстрэл літоўскімі паліцэйскімі габрэйскага насельніцтва Слуцку выклікаў нават бурны пратэст самога Кубэ.

Немцы любілі ваяваць чужымі рукамі, каб больш людзей было запэцкана крывей. Я зараз падрыхтаваў матэрыял аб ролі калябарантаў у зьнішчэньні менскага гэта. Тое, што мы казалі на немцаў, гэта большай часткай рабілі калябаранты".

(Кузьняцоў: ) У асноўным ўсе карныя апэрацыі на тэрыторыі Беларусі рабілі фармаваньні эстонскія, латыскія, літоўскія і ўкраінскія. Я прывяду прыклад па ўкраінскіх злучэньнях. На аснове знакамітага палку "Нахт''ігаль" (салавей), які быў сфармаваны ва Львове, быў створаны 201-ы батальён ахоўнай паліцыі, які ў 1942-м годзе быў перадысьлякаваны ў Беларусь. Цікавы факт – у сьнежні 1942 году ўкраінцы з гэтага батальёна выступілі супраць карнай палітыкі немцаў і адмовіліся працягваць кантракты. У студзені 1943 году яны ўсе пад канвоем былі пераведзеныя ва Львоў, а частка камандзіраў батальёну была расстраляная. Так што нават адносна паліцэйскіх батальёнаў савецкая трактоўка падзеяў не заўсёды адпавядае рэчаіснасьці.

Што тычыцца прыбалтыйскіх фармаваньняў, то ў Беларусі дзейнічаў 288-ы эстонскі паліцэйскі батальён, больш за 15 паліцэйскіх батальёнаў, сфармаваных у Літве, напрыклад 3-ці батальён дзейнічаў у Баранавічах, 255-ы – у Магілёве. Цікавая асаблівасьць – з гэтых 15 літоўскіх батальёнаў 4 батальёны былі сфармаваныя на тэрыторыі Беларусі, зь іх два – у Магілёве. Так што ў іх складзе былі ня толькі літоўцы, але і беларусы, аднак называліся яны літоўскія паліцэйскія батальёны.

Па латыскіх злучэньнях была падобная ж карціна, латыскія батальёны, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, фармаваліся як на тэрыторыі Латвіі, гэтак і ў самой Беларусі. 24-ы латыскі батальён дзейнічаў супраць партызанаў у раёне Стоўбцаў, 268-ы – Картуз-Бярозава, 271-ы батальён дзейнічаў пад Слонімам.

Варта прыгадаць таксама знакамітую латыскую 15-ю дывізію СС. На тэрыторыі Беларусі былі і свае фармаваньні – эскадрон Барыса Рагулі, беларускія паліцэйскія батальёны, Беларуская краёвая абарона (БКА), 30-я беларуская дывізія СС. Цікава, што сярод з амаль 12 тысячаў яе салдатаў беларусы складалі 7 тысячаў.

Ужываньне прыбалтыйскіх фармаваньняў і злучэньняў украінскіх нацыяналістаў было абумоўлена тым, што беларускім фармаваньням немцы менш давяралі. У вачох нямецкага кіраўніцтва Беларусь была самай пракамуністычнай рэспублікай. Таму немцы праводзілі тут больш жорсткую палітыку і ўжываньне нетутэйшых паліцэйскіх злучэньняў адпавядала гэтай палітыцы. Гэтыя батальёны дзейнічалі тут, потым адбывалася замена, яны адводзіліся назад у Прыбалтыку ці Ўкраіну, на іх месцы фармаваліся новыя ці прыходзілі новыя".

(Дракахруст: ) "І апошняе пытаньне, якое на першы погляд ляжыць крыху ўбаку ад нашай тэмы. Як адрозьнівалася стаўленьне нацысцкай адміністрацыі да незалежніцкіх памкненьняў у Беларусі і іншых акупаваных немцамі краінах? Адказ на гэтае пытаньне дапамагае зразумець і рознасьць у ступенях аўтаноміі фармаваньняў, якія немцы дазвалялі ствараць на тых ці іншых акупаваных тэрыторыях".

(Іофэ: ) "У адпаведнасьці з генэральнай лініяй кіраўніцтва Рэйху, асабліва калі немцы атрымлівалі перамогі, яны і ня думалі нікому даваць незалежнасьці. Літоўцы пасьля пачатку вайны стварылі незалежны ўрад у Коўне (Каўнасе), 5 жніўня немцы яго распусьцілі. Была спроба Бандэры, украінскіх нацыяналістаў, у канцы чэрвеня стварыць незалежны ўрад – немцы арыштавалі шмат каго зь іх. Што тычыцца Беларусі, то, шчыра кажучы, немцы лічылі, што ў адрозьненьні ад украінцы і прыбалтаў, беларусы ня мелі аніякіх падставаў для стварэньня ўласнай дзяржавы.

Быў хітры, падступны, разумны вораг – Вільгельм Кубэ. Ён адразу пачаў заігрываць зь беларускімі незалежніцкімі сіламі, з нацыянальна сьвядомымі беларусамі, ужо ў кастрычніку 1941 году дзеля гэтага ствараецца так званая Беларуская нацыянальная самапомач (БНС). Але ўсё гэта было марыянэткавым, немцы заўсёды цьвёрда трымалі ў сваіх рукох кантроль над БНС, што было не да спадобы яе кіраўнікам, якія марылі ператварыць яе ў орган беларускага дзяржаўнага кіраваньня".

(Кузьняцоў: ) "Я яшчэ раз вярнуся да словаў Розэнбэрга. Прыбалтыйскія дзяржавы былі і па духу, і па мэнталітэту бліжэй да немцаў, там была вялікая нямецкая дыяспара. Таму Прыбалтыцы давалі больш правоў. У той жа час палітыка акупацыйных уладаў была паўсюль аднолькавая – ніводная краіна істотнай аўтаноміі, тым болей незалежнасьці не магла мець нават у пэрспэктыве ані літоўцы, ані латышы, ані эстонцы. Тое самае тычылася і Беларусі і Ўкраіны.

Паводле нацысцкай дактрыны, эстонцы, літоўцы і латышы павінны былі быць германізаванымі, а славянскія народы ў значнай ступені падлягалі зьнішчэньню, меркавалася пакінуць прыкладна 10% насельніцтва для вырашэньня гаспадарчых пытаньняў. І гэтым таксама тлумачыцца тое, што ў Беларусі была крыху іншая сытуацыя, чым у Прыбалтыцы і нават ва Ўкраіне".
XS
SM
MD
LG