Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год расейскай культуры ў Беларусі пачынаецца сёньня


Галіна Абакунчык, Менск У Менску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Году культуры Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Прывітальнае слова ўдзельнікам даслалі прэзыдэнты абедзьвюх краінаў Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Перапачаткова плянавалася, што год расейскай культуры абвесьцяць міністры Расеі і Беларусі, аднак імпрэзу адкрыцьця распачалі намесьнікі міністраў.

Прадстаўнік беларускага міністэрства Ўладзімер Рылатка зьвярнуў увагу на прэзыдэнцкае прывітаньне, але адсутнасьці міністра не патлумачыў. Намесьнік расейскага міністра культуры Дзьмітры Амунц пра свайго кіраўніка паведаміў:

(Амунц: ) “Што тычыцца нашага міністра, то па даручэньню адміністрацыі ён вымушаны быў паехаць учора ў Гішпанію. Таму нічога кепскага няма, што намесьнікі адкрываюць дні культуры. Галоўнае — вынік”.

Паводле спадара Амунца, прадстаўнікі абедзьвюх краінаў распачынаюць Год расейскай культуры ў спадзяваньні запачаткаваць новы этап у стварэньні адзінай інфармацыйнай прасторы Расеі і Беларусі. Адначасна ў Беларусі часткова альбо цалкам спынілі вяшчаньне такія радыёстанцыі, як “Маяк” і “Юнацтва”, а таксама тэлеканал “Культура”. Уладзімер Рылатка з гэтай нагоды сказаў:

(Рылатка: ) “Расейскі тэатар у нас, які працуе на расейскай мове, зьяўляецца Нацыянальным. Кожны драматычны, кожны лялечны тэатар у нас працуе на расейскай мове. Тэлебачаньне і радыё на расейскай мове вяшчаюць вельмі шмат. Як казаў прэзыдэнт краіны, расейскі чалавек павінен адчуваць сябе ў Беларусі нават лепш, чым у Расеі. Ён вельмі далікатна абараняе палітыку адносна расейскага насельніцтва”.

З нагоды афіцыйнага абвяшчэньня году расейскай культуры ў Беларусі ў Менску прайшоў спэктакль маскоўскага тэатру “Расейскі балет” “Сонная прыгажуня”. Меркаваньняў журналістаў пра тое, што гэта сымбалічна, прадстаўнікі ўрадавых структураў не падзялілі. Паводле арганізатараў, цягам году прадстаўнікі расейскай культуры пакажуць беларускім гледачам ня менш як па асобнай імпрэзе штодня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG