Беларускія ўлады не пакінулі рэзалюцыю Камісіі ААН ў правах чалавека без увагі. У сваіх камэнтарах прадстаўнікі МЗС Беларусі, дзяржаўныя мэдыі ацанілі гэты дакумэнт як палітычны ціск на Беларусь і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы. Гаворыць намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Руслан Есін:
(Есін: ) “Пазыцыя Беларусі застаецца нязьменнай: мы не прымаем рэзалюцыі ні па форме, ні па сутнасьці. Яна ня мае обавязковай юрыдычнай сілы і носіць рэкамэндаўчы характар. Гэта яшчэ адзін дакумэнт, які асядзе ў архіве сакратарыяту камісіі”.
Руслан Есін назваў рэзалюцыю спробай навязаць Беларусі спэцдакладчыка, якога яна лічыць непрымальным. Размова ідзе пра добра вядомага ў Беларусі Адрыяна Сэвэрына, аўтара гэтай рэзалюцыі.
Адзін зь лідэраў апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, які асабіста знаёмы са спадаром Сэвэрынам, так тлумачыць непрыняцьцё ўладамі ягонай фігуры:
(Мілінкевіч: ) “Сэвэрын — гэта чалавек вельмі прынцыповы. Яшчэ калісьці ён рабіў спробу ў Бухарэсьце пасадзіць за стол перамоваў уладу і апазыцыю. Апазыцыя прыехала, і я ў тым ліку быў у гэтай дэлегацыі, а ад улады нікога не было. Ён сапраўды доўга верыў, што з уладай можна працаваць, што яе можна выхоўваць, далучаць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. А сёньня гэта чалавек, які выдатна ведае сытуацыю, і ў гэтым сэнсе ён небясьпечны — прнцыповы плюс вельмі інфармаваны”.
На думку спадара Мілінкевіча, справа дэмакратызацыі Беларусі перш за ўсё датычыць яе грамадзянаў, але міжнародная падтрымка, міжнародная інфармацыя пра Беларусь таксама патрэбная.
(Мілінкевіч: ) “Падтрымка менавіта ААН — надзвычай важная, таму што гэта найменш палітызаваная, найбольш незалежная і найбольш прадстаўнічая міжнародная арганізацыя. Рэзалюцыі ААН прымаюцца надзвычай асьцярожна, і тое, што там Беларусь, як кажуць, дапякла, гэта для нас вельмі важна, бо мы гаварылі аб гэтым даўно”.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава мяркуе, што рэзалюцыя камісіі ААН сьведчыць аб тым, што адносіны беларускіх уладаў і міжнародных арганізацыяў зайшлі ў тупік.
(Абрамава: ) “Развязваньне гэтага гордзіевага вузла разглядаецца з боку патэнцыйных зьнешніх партнэраў Беларусі, я маю на ўвазе эўрапейскіх і амэрыканскіх, не ў варыянце эвалюцыі, а ў варыянце зьмены ўлады ў Беларусі. Гордзіеў вузел можа быць толькі расьсечаны”.
Рэакцыю беларускіх уладаў на рэзалюцыю ААН, іх заявы пра ўмяшаньне ва ўнутраныя справы спадарыня Абрамава назвала “стылем СССР 1970-х гадоў”, калі Савецкі Саюз адхіляў аналягічныя прэтэнзіі заходніх дзяржаваў. Цяпер зусім іншы час, калі пашыраецца дэмакратычная будова сьвету, і такія падыходы неактуальныя.
(Абрамава: ) “Канечне, Беларусь не зьяўляецца дэмакратыяй у эўрапейскай вэрсіі. Безумоўна, перш за ўсё па лініі палітычных і грамадзянскіх правоў да Беларусі прад’яўляецца шмат справядлівых прэтэнзіяў. Думаю, што ўсё і адразу ў адпаведнасьці з гэтымі прэтэнзіямі, якія вылучаюцца дастаткова даўно, выканаць у нашай краіне дастаткова складана. Перш за ўсё таму, што значная частка людзей даволі абыякава ставіцца да пытаньня правоў чалавека, грамадзянскіх і палітычных правоў. Нашмат больш іх цікавяць сацыяльна-эканамічныя правы”.
Гл. таксама ААН вінаваціць беларускія ўлады ў парушэньні правоў чалавека