Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ": “дадатковых мільёнаў даляраў” ад газавага транзыту Беларусь не дачакаецца


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары зьвяртаецца да тэмы беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў у газавай сфэры. Яна разважае над пэрспэктывамі транзыту праз Беларусь расейскага газу. Нядаўняя сустрэча ў Сочы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, паводле “БДГ”, ня абнадзеіла ў пытаньні будаўніцтва другой ніткі газаправоду “Ямал-Эўропа”. Падпісаньне ж расейска-нямецкага мэмарандуму, якое адбылося днямі ў Гановэры, пра сумеснае ўзьвядзеньне Паўночна-Эўрапейскага газаправоду і, наагул, робіць прывіднай ідэю другой ніткі праз беларускую тэрыторыю. Паводле выданьня, ня будзе павелічэньня аб’ёмаў продажу Масквой газу на Захад ані празь дзеючую газатранспартную сыстэму Беларусі. У выніку “дадатковых мільёнаў даляраў” ад расейскага газавага транзыту, як мяркуе “БДГ”, беларускія ўлады не дачакаюцца.

“Газэта Слонімская” распавядае сваім чытачам пра сыстэму самакіраваньня ў Польшчы на прыкладзе горада Бельска-Падляскага. Тут нядаўна пабывала група дэпутатаў з Гарадзеншчыны, у складзе якой быў і дэпутат Слонімскага раённага савету Іван Шэга. Адметна тое, што Бельск-Падляскі добра знаёмы многім слонімцам. Яшчэ ня так даўно яны прыяжджалі туды, каб зарабіць дробным гандлем. Але цяпер гэты горад, паводле ўражаньняў слонімскага дэпутата, не пазнаць: няма такіх “дабітых” вуліц, як у Слоніме, працуе аквапарк, зьявіўся сучасны супэрмаркет, мэдычныя установы маюць найноўшае абсталяваньне. “Палякі стварылі цэлую сыстэму самакіраваньня, дзе ўсе мясцовыя пытаньні вырашаюцца на месцы і дзяржава ня ўмешваецца ў іх вырашэньне”, такой высновай падзяліўся з “Газэтай Слонімскай” дэпутат Шэга. Як падкрэсьлівае выданьне, у Польшчы органы самакіраваньня поўнасьцю самастойныя і трымаюць справаздачу толькі перад сваімі выбаршчыкамі.

"Камэрцыйны кур’ер”, які выдаецца ў Бабруйску, паведамляе пра няпэўнасьць з правядзеньнем тут масавых мерапрыемстваў 1 траўня. Рэч у тым, што на гэты дзень сёлета прыпадаюць адначасова сьвята Працы і праваслаўны Вялікдзень. У гэтай сувязі, старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Міхаіл Бандарэнка выказаў сумнеў наконт мэтазгоднасьці правядзеньня ў горадзе традыцыйнай першатравеньскай дэманстрацыі працоўных. Бо многія з бабруйчанаў, як мяркуе гарадзкое начальства, аддадуць перавагу рэлігійнаму сьвяту ды пойдуць у царкву. У рэшце рэшт было вырашана абмеркаваць гэтае “далікатнае” пытаньне ў працоўных калектывах Бабруйску. І толькі пасьля згаданага абмеркаваньня, як піша “Камэрцыйны кур’ер”, кіраўніцтва гарвыканкаму зьбярэцца зноў і вынесе канчатковы “вэрдыкт” наконт дэманстрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG