Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі скаргаў павінны мець усе прадпрымальнікі, фабрыкі і палітычныя партыі


Уладзімер Глод, Менск Зь 15 красавіка пачынае афіцыйна дзейнічаць дэкрэт кіраўніка беларускай дзяржавы за № 2: "Аб удасканаленьні працы з насельніцтвам". Ад сёньняшняга дня "ўсе дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі", як запісана ў дэкрэце, павінны абавязкова мець кнігу скаргаў і прапановаў. Але паколькі ў Беларусі яшчэ з 1996 году дзейнічае закон аб зваротах грамадзянаў, а ўлады без перапынку заяўляюць пра свае велізарныя клопаты аб насельніцтве, узьнікае законнае пытаньне: навошта мець яшчэ і прэзыдэнцкі дэкрэт?

Закон аб зваротах грамадзянаў, нягледзячы на тое, што ён сапраўды працуе ўжо амаль 10 гадоў – гэта сучасны дакумэнт. Справа ў тым, што толькі летась, прычым зь ініцыятывы менавіта Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты прынялі новую рэдакцыю закону. Мабыць, таму і яны не маглі спачатку зразумець – навошта яшчэ адзін дакумэнт?

Намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, якая прадстаўляла дэкрэт дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, прывяла ім два асноўныя доказы: па-першае, пад дзеяньне закону не трапляюць індывідуальныя прадпрымальнікі; па-другое, калі дзейнічаць выключна ў межах закону, дык на гэта траціцца шмат часу. А трэба апэратыўна змагацца зь бюракратамі. Хаця, нягледзячы на адпіскі некаторых бюракратаў-чыноўнікаў, у Беларусі сытуацыя са скаргамі грамадзянаў надзвычай добрая, сьцвярджае Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) "Мы змаглі дамагчыся такога стану працы са зваротамі грамадзянаў у дзяржаве, калі ніводная скарга, ніводны зварот – пісьмовы ці вусны – не застаюцца па-за ўвагай: кожнае разглядаецца, на кожнае прымаюцца адпаведныя захады. Але часам зьвяртацца ў суд, пісаць скаргу ў вышэйстаячую інстанцыю – справа даволі клопатная. Таму прэзыдэнцкім дэкрэтам № 2 уведзеная спрошчаная, у пляне справаводзтва, больш апэратыўная форма накіраваньня і разгляду зваротаў грамадзянаў – кніга заўвагаў і прапановаў".

Як паводзілі сябе дэпутаты Палаты падчас абмеркаваньня дэкрэту? Прыкладам, Сяргей Гайдукевіч думае, што апазыцыянэры адразу кінуцца пісаць скаргі ў адпаведную кнігу Адміністрацыі прэзыдэнта. Васіль Хрол мяркуе, што цяпер канкурэнты-прадпрымальнікі будуць накіроўваць усю сваю радню, каб тая пісала скаргу за скаргай на канкурэнтаў.

Нават Сяргей Касьцян заклікаў не захапляцца кніжкамі скаргаў і прыгадаў такі выпадак. Днямі яму патэлефанавалі з Менскага райвыканкаму, спыталіся: Сяргей Іванавіч, што будзем рабіць з прадавачкай з крамы ў вёсцы Цна, на якую Вы скаргу напісалі? Аднак я ўжо 20 год як не пішу ў крамах скаргаў, пад рогат залі паведаміў дэпутат Касьцян.

А найбольш радыкальна выказаўся Віктар Кучынскі:

(Кучынскі: ) "Ці будзе патрэбны вынік ад дадзенага дэкрэту? Магу сказаць, што людзям гэта нічога ня дасьць, а арганізацыям створыць дадатковыя перашкоды – залішняя бюракратызацыя, мы патонем і завязьнем у паператворчасьці. І нічога канкрэтнага мы ад гэтага не атрымаем. Будзе толькі нейкая палітычная валтузьня: маўляў, ёсьць дэкрэт, і мы як быццам ствараем нейкае прававое поле для абароны канстытуцыйных правоў нашых людзей".

Зь сёньняшняга дня кнігі скаргаў і прапановаў мусяць быць і ў палітычных партыях. Як падрыхтаваліся да гэтага апазыцыйныя структуры? Учора напрыканцы працоўнага дня я размаўляў з сакратаром ЦК Партыі камуністаў Беларускай Аленай Скрыган. У партыйным офісе якраз чакалі сваіх прадстаўнікоў, якія паехалі за кнігай скаргаў. Як высьветлілася, гэта адмысловы дакумэнт. Атрымаць яго можна выключна ў падаткавай інспэкцыі, папярэдне трэба за яе заплаціць, дый за заяўку на кнігу таксама трэба плаціць. Партыйцы спрабавалі завесьці самаробную кнігу, але гэта забаронена. І вось пра што яшчэ паведаміла Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Атрымаем гэтую кнігу ці сёньня, ці заўтра. І думаем: а хто будзе ў нашую кнігу пісаць скаргі? Калі ў нашых сябраў партыі ёсьць пытаньні да кіраўніцтва партыі, дык яны ці пішуць у нашую газэту, ці пішуць нам, ці выказваюць іх на сваіх сходах... Хто будзе да нас прыяжджаць і пісаць скаргі?! Я лічу, што калі пісаўся гэты дэкрэт, дык зрабілі памылку. Там, дзе запісана пра арганізацыі, патрэбна было напісаць "акрамя грамадзкіх арганізацыяў". Гэтага не зрабілі. Але прызнаць памылку ніхто не захацеў. І таму такая абсурдная сытуацыя атрымалася. Палітычныя партыі, іншыя грамадзкія арганізацыі сьмяюцца над тым, што рабіць. Ці то нам ісьці ў БНФ і на іх пісаць скрагі, ці то Лябедзька будзе да нас прыходзіць і на нас пісаць..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG