Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя остарбайтэры зь Беларусі наведаюць Нямеччыну


Сьвятлана Курс, Менск У 60-годзьдзе вызваленьня канцлягероў група з 30-і беларусаў – былых вязьняў канцлягероў – наведае Нямеччыну зь місіяй прымірэньня. Шмат хто з остарбайтэраў ня супраць сустрэцца са сваімі былымі гаспадарамі, каб згадаць мінулыя часы.

Як ставяцца людзі ўжо сталага веку да падзеяў сваёй маладосьці – ці здолелі яны прабачыць Нямеччыне за гады пакутаў? Заўчора я прысутнічала на канцэрце, які арганізаваў нямецкі бок для былых остарбайтэраў і вязьняў канцлягероў. На імпрэзе былі каля тысячы колішніх ахвяраў нацызму. Зь некаторымі давялося пагутарыць. Мая спадарожніца, вядомая мастацтвазнаўца, дзівілася: маўляў, у афіцыйных мэдыях столькі "ўра-патрыятызму", пагрозаў патэнцыйнаму ворагу, а гэтыя людзі, якія перажылі пекла – вельмі будзённыя, сьціплыя, неварожыя. Пра тое, што зь імі здарылася, яны гавораць без праклёнаў і помпы. Гэта ўразіла найперш.

Распавядае Зінаіда Гарачка, жыхарка мястэчка Высачаны Віцебскай вобласьці. У 1941 ёй было 10 год.

(Гарачка: ) “Нас пехатою пагналі да Масюкоўшчыны. Тут быў лягер для ваеннапалонных і перамешчаных асобаў. Адсюль нас пагрузілі праз пару дзён у закрытыя вагоны, напхалі і – nach Deutschland! Па дарогах Нямеччыны нас гналі ў паўночны Рэйн-Вэстфалію, у горад Зыген. Гэта быў канцэнтрацыйны лягер, я працавала аўтагеншчыцай, паяла мэталічныя трубы. Перад вызваленьнем немцы загналі нас у бункер, каб зьнішчыць. Нас вызвалілі амэрыканцы. І давезьлі да Шварцвальда, да амэрыканскай часткі. Мы тыдзень там знаходзіліся. Яны давалі нам гарохавы суп і маленькія кавалачкі кілбасы. Я і цяпер люблю гарохавы суп”.

Надзея Дземідовіч да вайны была сіратою. Жыла ў дзіцячым доме.

(Надзея Дземідовіч: ) “Мне было васямнаццаць гадоў. І я патрапіла ў лягер у Штутгарце. І баўэры нас выбіралі. І я патрапіла да баўэраў – старэнькія фраў і ман, а дзяцей няма. Карова была, куры былі. Потым мяне ўзяў пекар, у яго было трое дзяцей, два хлопчыкі і дзяўчынка Эльза. Каб я яе цяпер пабачыла, я з задавальненьнем бы прытуліла яе да сябе".

Ці атрымалі гэтыя людзі кампэнсацыю за свае пакуты, і як яны да яе ставяцца? Беларускі фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне” скончыў прыём дакумэнтаў на выплату кампэнсацыяў ахвярам фашызму. Больш за 129 тыс. чалавек атрымалі ад 5 да 15 тыс. нямецкіх марак у пераліку на эўра. Зразумела, што яны беларускім старым нялішнія.

Адна з былых вязьняў канцлягеру распавяла, зрэшты, што яе сяброўка так і памерла, не атрымаўшы кампэнсацыі. У гэтым выпадку грошы атрымліваюць спадкаемцы. Як той казаў, справядлівасьць можа настаць запозна. Ад 2001 г., калі пачаліся выплаты кампэнсацыяў, больш за 18 тыс. былых ахвяраў нацызму сканалі, не дачакаўшыся. 43 беларусы атрымалі кампэнсацыю, калі ім было за 100 год, паўтары тысячы – добра за 90.
XS
SM
MD
LG