Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” агучыў плян мерапрыемстваў на 26 красавіка


Альгерд Невяроўскі, Менск Сябры аргкамітэту дзеля правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” распавялі пра плян мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў Менску 26 красавіка з нагоды 19 гадавіны чарнобыльскай катастрофы.

Паводле арганізатараў “Чарнобыльскага шляху”, у гэты дзень удзельнікі акцыі спачатку перададуць у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі заявы з патрабаваньнем зрабіць канкрэтныя захады дзеля ліквідацыі наступстваў ядзернай катастрофы, а пасьля возьмуць удзел у мітынгу каля Чарнобыльскай капліцы.

Плян мерапрыемстваў, зьвязаных з 19-й гадавінай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, зацьверджаны аргкамітэтам, у які ўвайшлі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ, “Маладога фронту”, Партыі свабоды ды іншых дэмакратычных арганізацыяў. Пра фармат акцыі 26 красавіка распавядае каардынатар аргкамітэту Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “У 18 гадзінаў мы заклікаем людзей прынесьці свае заявы і кінуць іх у скрыню для заяваў грамадзянаў, якая вісіць на рэзыдэнцыі. Заявы з патрабаваньнем спыніць вытворчасьць сельгаспрадукцыі на забруджаных тэрыторыях, прыбраць абмежаваньне на вываз дзяцей за мяжу для аздараўленьня і адмяніць прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў у чарнобыльскую зону. Усё гэта пад лёзунгам “Абаронім здароўе нашых дзяцей!” І другое, мы замовілі мітынг з 19 да 23 гадзінаў ля Чарнобыльскай капліцы ў раёне вуліцы Карастаянавай”.

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” падрыхтавалі тысячы асобнікаў заявы-звароту да Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць раздаваць людзям.

У аргкамітэце лічаць, што перадача зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі стане легальнай падставай для збору людзей у цэнтры Менску, пасьля чаго ўдзельнікі акцыі накіруюцца на мітынг да Чарнобыльскай капліцы. Арганізатары гавораць, што зробяць усё магчымае, каб “Чарнобыльскі шлях” прайшоў мірна. Гаворыць сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Мы ўсьведамляем, што “Чарнобыльскі шлях” ёсьць акцыяй жалобнай. Гэта гадавіна вялікай трагедыі для беларускага народу, і таму мы зробім усё магчымае, каб акцыя адбывалася вельмі мірна. Але разам з тым, “Чарнобыльскі шлях” мусіць прадэманстраваць еднасьць дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Але сябры аргкамітэту не выключаюць, што ў гэты дзень улады могуць ужыць сілу супраць дэманстрантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG