Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскі дэмакрат абвінавачвае лідэрку мясцовай арганізацыі КПБ у паклёпе


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Крычаўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, рэдактар недзяржаўнага выданьня “Вольны горад” Сяргей Няроўны спрабуе прыцягнуць да адказнасьці за паклёп і абразы лідэра раённай суполкі праўладнай КПБ, намесьніцу старшыні райсавету Зінаіду Скачкову.

Крычаўскі канфлікт зьвязаны з давыбарамі ў абласны савет, якія прайшлі ў раёне 20 сакавіка. Альтэрнатыву кандыдатцы ад улады склаў, хаця і не перамог, лідэр раённай арганізацыі АГП Сяргей Няроўны. За дзень да выбараў у раённай газэце “Ленінскі кліч” Зінаіда Скачкова, давераная асоба суперніцы Сяргея Няроўнага, выступіла з артыкулам супраць кандыдата ад апазыцыі. Вось як пра гэта гаворыць Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Там, акрамя нахабнай хлусьні, больш нічога не было. Напрыклад, яна сьцьвярджае, што я іду на выбары паводле ўказкі дзядзькі Сэма. Вядома, гэта хлусьня. Гэта асабістае рашэньне — ісьці на выбары альбо не, ніякі дзядзька Сэм ці нехта іншы мне ўказваць ня могуць”.

Няроўны звярнуўся ў Крычаўскі райаддзел міліцыі з заявай: ён прасіў правесьці расьсьледаваньне і распачаць крымінальную справу супраць Зінаіды Скачковай. Аднак міліцыянты адмовіліся гэта рабіць. З дакумэнту, які атрымаў у адказ на сваю заяву Сяргей Няроўны, вынікае, што грамадзянка Скачкова толькі выказала сваю асабістую думку. Сама спадарыня Скачкова таксама ўпэўнена, што ніякага паклёпу ў яе артыкуле няма.

(Скачкова: ) “Я ніякага паклёпу не пісала, а тое, што ёсьць на самай справе. Пад кожным словам я яшчэ падпішуся!”

Зінаіда Скачкова скардзіцца, што на яе паклёпнічае незарэгістраваная газэта “Вольны горад”, якой кіруе Сяргей Няроўны. Яна паведаміла, што крычаўскія дэпутаты зьвернуцца да парлямэнту з просьбай зрабіць больш жорсткімі патрабаваньні да газэтаў з абмежаваным накладам.

А Сяргей Няроўны лічыць свае прэтэнзіі да Зінаіды Скачковай справядлівымі, хаця і гаворыць, што прыцягнуць да адказнасьці чалавека, якога падтрымлівае і абараняе ўлада, сёньня практычна немагчыма. Тым ня менш, адмову раённай міліцыі распачаць крымінальную справу крычаўскі сябра АГП абскардзіць у пракуратуры і Магілёўскай абласной управе ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG