Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле крыніцы ў Крамлі, праз год у Беларусі і Расеі маюць адбыцца рэфэрэндумы аб аб’яднаньні ў адну дзяржаву


Аляксей Знаткевіч, Прага Расейскі незалежны ваенны аналітык Павал Фельгенгаўэр у сёньняшнім артыкуле ў газэце “Moscow Times” піша, са спасылкай на крыніцу ў Крамлі, што прыкладна праз год у Беларусі і Расеі маюць адбыцца рэфэрэндумы аб аб’яднаньні ў адну дзяржаву. Пра гэта нібыта дамовіліся лідэры дзьвюх краін Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на нядаўняй сустрэчы ў расейскім горадзе Сочы.

Хоць афіцыйныя прэсавыя паведамленьні назвалі сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі на мінулым тыдні рабочай і плянавай, яе вынікам стала ня толькі дамоўленасьць захаваць цэны на расейскі газ для Беларусі на наступны год, піша Павал Фельгенгаўэр. Паводле ягонай крыніцы ў Крамлі, два лідэры папярэдне дамовіліся ў найбліжэйшыя год-паўтара правесьці рэфэрэндум аб аб’яднаньні, стварыць супольны парлямэнт і аб’яднаць міністэрствы абароны ды замежных справаў. Паводле дамоўленасьці, Пуцін нібыта мае стаць прэзыдэнтам агульнай дзяржавы, а Лукашэнка – віцэ-прэзыдэнтам. Вось што гаворыць Павал Фельгенгаўэр.

(Фельгенгаўэр: ) “Зразумела, што ў нас бывае, што неяк вырашаць, а потым дзесяць разоў перавырашаюць, але крыніца ў прынцыпе інфармаваная – чалавек асабіста знаёмы з Пуціным, у тым ліку. Гэты чалавек быў там у Сочы, размаўляў зь беларускай дэлегацыяй, і сам ён даволі інфармаваны і высокапастаўлены”.

Фельгенгаўэр піша, што боязь згубіць уладу збліжае Лукашэнку і Пуціна. Паводле аналітыка, пазыцыі Пуціна апошнім часам пахіснуліся, бо ўсё большая частка кіроўчай эліты, у тым ліку ў войску і службах бясьпекі, яго не падтрымлівае.

(Фельгенгаўэр: ) “Мне гэтая інфармацыя падалася магчымай, то бок ня выключанай, менавіта таму, што яна ўзмацняе пазыцыі і Лукашэнкі, і Пуціна, а галоўнае, іх атачэньня, якое напалоханае разьвіцьцём падзеяў у СНД. Таму мне падаецца, што такі варыянт сапраўды абмяркоўваецца”.

Павал Фельгенгаўэр таксама робіць выснову, што калі сцэнар аб’яднаньня будзе зьдзейсьнены, то выступленьні супраць кіроўчага рэжыму ў Маскве могуць здушыць пры дапамозе беларускіх сілаў бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG