Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры наяўнасьці канкурэнта за Лукашэнку галасавала б толькі каля 28%


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава "Няма альтэрнатывы для Аляксандра Лукашэнкі" – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары польскага штодзёньніка "Gazeta Wyborcza", прысьвечаны дадзеным апошняга дасьледаваньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

"Gazeta Wyborcza" піша, што калі б Лукашэнка меў моцнага канкурэнта, дык за цяперашняга кіраўніка дзяржавы ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах галасавала б толькі каля 28% беларусаў, але пакуль такога канкурэнта няма, Лукашэнку гатовыя падтрымаць амаль 47% выбаршчыкаў.

“Гэты парадокс сьведчыць аб тым, што пераважная большасьць беларусаў ня ведаюць палітыка, які мог бы стаць альтэрнатывай для цяперашняга кіраўніка краіны”, – адзначае польскі штодзёньнік.

Далей газэта піша пра тое, што толькі кожны дзесяты беларус лічыць, што альтэрнатывай для Аляксандра Лукашэнкі мог бы стаць Валер Фралоў, а іншыя апазыцыйныя палітыкі маюць яшчэ меншую падтрымку.

“Паводле сацыёлягаў, вынікі апытаньня сьведчаць аб тым, што апазыцыя абрала слушную тактыку, калі было вырашана вызначыць асобу адзінага кандыдата напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і разам яго падтрымліваць”, падкрэсьлівае “Gazeta Wyborcza”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG