Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая эфэктыўнасьць галадоўкі як мэтаду пратэсту ў сучаснай Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск Галадоўка стала адной з распаўсюджаных формаў пратэсту ў Беларусі. Цягам апошніх дзесяці гадоў яна актыўна выкарыстоўваецца ня толькі дзеля палітычных, але і эканамічных мэтаў. Аднак наколькі гэты сродак барацьбы эфэктыўны?

У 1995 годзе галадоўка дэпутатаў на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму была спыненая сілай. Як рэагуе ўлада на падобныя акцыі пратэсту сёньня? За лепшае лічыцца ігнараваньне галадовак. Можна прыгадаць, аднак, пару прыкладаў, калі ўпартасьць галадоўнікаў перамагала.

Так, у 2003 годзе ў Ваўкавыску галадоўку аб''явіў уладальнік бізнэсу таксовак і грузаперавозак Мікалай Аўтуховіч і 30 ягоных супрацоўнікаў. Гэта быў адказ на жорсткія штрафныя санкцыі падаткавай інспэкцыі і неадэкватныя дзеяньні сілавікоў: нагадаю, тады былі праведзеныя арышты таксовак непасрэдна на маршрутах. Пасьля шпіталізацыі 4-х галадоўнікаў гэтыя машыны вярнулі.

Пераможнай называюць таксама 25-дзённую галадоўку Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка ў 1996 годзе пасьля “Чарнобыльскага шляху”. Абодвух палітыкаў улады былі вымушаныя выпусьціць з-пад варты. Спадар Юры быў дастаўлены ў шпіталь, а недзе праз год спынілі ўзбуджаную супраць яго крымінальную справу. Юры Хадыка прыгадвае: тое адбылося пасьля заступніцтва тагачаснага расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына і двох нобэлеўскіх ляўрэатаў. Аднак спадар Хадыка лічыць, што для перамогі, акрамя моцнай грамадзкай падтрымкі, павінна быць ясная, моцная нагода і рашучасьць.

(Хадыка: ) "У мяне такая нагода была. Мяне без усялякіх падставаў схапілі, кінулі адразу ў турму, таму мая галадоўка ішла пры чысьцейшых умовах, ніякай ежы, ніякіх адлучак дахаты не было. Яны там самі хваляваліся, усталявалі за мной мэдычны кантроль... І яшчэ адзін фактар, што ў мяне пасьля трох тыдняў пачаў падаць ціск крывяны, тады яны сабралі кансыліюм, і фармальна мяне адпусьціў кансыліюм у сувязі з ускладненьнем стана здароўя. Мяне памясьцілі ў 2-ю гарадзкую лякарню. Гэта вельмі рызыкоўная справа, але яна мае сэнс, калі ёсьць спадзяваньні, што яна выкліча рэзананс у грамадзтве. Тады быў такі час, што яшчэ не "збранзавеў" рэжым, ён ня быў такі самаўпэўнены, таму ціск з розных бакоў аказаўся эфэктыўным”.

Аднак большая частка галадовак пратэсту ня мела посьпеху. Нагадаю падзеі мінулай восені ў Ваўкавыску, дзе трое чалавек пратэставалі супраць фальшаваньня ўладамі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Праз два тыдні двое зь іх былі шпіталізаваныя. Аднак улады не зьвярнулі на тое аніякае ўвагі. Ці згадаем леташнюю 13-дзённую галадоўку прадпрымальнікаў у Віцебску: галадоўнікаў наведала афіцыйная камісія зь Менску, аднак улады не пайшлі на саступкі.

Рэдактар незалежнай ваўкавыскай “Мясцовай газэты” Андрэй Шантаровіч аб''явіў галадоўку супраць таго, што міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад ягонага выданьня. Пасьля галадоўкі ўлады зьвінавацілі журналіста ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету, і суд аштрафаваў спадара Шантаровіча.

Нарэшце, згадаем леташнюю галадоўку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча, якую падтрымалі сябры партый АГП і БНФ. Акцыя адбывалася пад лёзунгам: “Не – трэцяму тэрміну!”,“За справядлівыя выбары!”,“Свабоду Марынічу!”. Улады не выканалі гэтых патрабаваньняў,а папраўкі да выбарчага заканадаўства, прапанаваныя галадоўнікамі, былі праігнараваныя.

Калі галадоўка ня мае посьпеху, то ці варта да яе зьвяртацца? Удзельніца мінулагодняй дэпутацкай галадоўкі, сябра АГП Марына Багдановіч лічыць, што незалежна ад выніку сэнс у галадоўках ёсьць.

(Багдановіч: ) "Гэта нейкая ахвярнасьць дзеля нейкіх рэчаў, ты ахвяруеш сваім здароўем, але я ў нашай краіне іншых шляхоў ужо не знаходжу. Кропля камень точыць. Няма іншай магчымасьці даносіць да людзей тое, што мы хочам сказаць. Гэта адзіны спосаб дайсьці да іх розумаў і сэрцаў”.

А як ставяцца да акцый галадоўнікаў іхныя сваякі, знаёмцы? Марына Багдановіч кажа, што двое яе дзяцей з разуменьнем паставіліся да ўдзелу ў гэтай акцыі.

(Багдановіч: ) "Так, яны паважаюць мае прынцыпы і мой аўтарытэт узрос, таму што я на справе даказвала свае прынцыпы. Гэта вельмі важна. Маёй малодшай дачцэ было ўсяго 9 гадоў, і яна вельмі сьлёзна да гэтага аднеслася, яна перажывала, але яна трымалася. Яна разумела, што гэта важна і ўсяляк падтрымлівала мяне”.

Прафэсар Юры Хадыка таксама прыгадвае, што з боку сям’і была падтрымка, хаця сама па сабе галадоўка вельмі небясьпечная рэч для здароўя.

(Хадыка: ) "У мяне сыны, аднаму было 30 з гакам, а другому было каля 20, таму ніякіх праблем сыны мне не ставілі. А жонка, калі яна дамаглася спатканьня са мной у турме, то сама, паколькі яе інакш не пускалі, словамі казала: "Ты канчай галадоўку!", а на руцэ напісала “Працягвай!” Яна, дарэчы, была тады пачатковым арганізатарам вулічнага супраціву, яна езьдзіла з плякатам на сьпіне “Свабоду Хадыку!” Мітынгі, якія адбываліся пад сьценамі вязьніцы, яна таксама сама арганізоўвала, так што жонка была маёй апорай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG