Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ": пачынаецца чарговы этап перасьледу недзяржаўных выданьняў


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары аналізуе становішча ў краіне зь недзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. Яны апынуліся пад жорсткім кантролем праваахоўных і судовых органаў. Як зазначае “БДГ”, дзяржаўная улада нібыта ня мае да гэтага дачыненьня, аднак апошнія падзеі наводзяць на думку – у гэтага працэсу ёсьць дырыжор. Стала нормай прад’яўляць незалежным СМІ судовыя пазовы. Апошнія прыклады – пазовы рэдактара “Рускай Амэрыкі” Аркадзя Мара і лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча адпаведна да “БДГ” і “Народнай волі”. Аўтар публікацыі робіць выснову, што пачынаецца чарговы этап перасьледу недзяржаўных выданьняў.

Яшчэ адна публікацыя “БДГ” прысьвечаная сытуацыі з фармаваньнем адзінай эканамічнай прасторы. У мінулую пятніцу ў Маскве вырашаўся лёс чарговага пакету дакумэнтаў на гэты конт. Вынік такі: з 29 дакумэнтаў было ўзгоднена 17. Як паведамляе газэта, Расея, Казахстан і Беларусь амаль ня маюць разыходжаньняў ў падыходзе да фармаваньня гэтай прасторы, а вось чацьверты партнэр – Украіна – згодная зь імі толькі на 50 працэнтаў.

Газэта “Інфакур’ер”, якая выдаецца ў Слуцку, паведамляе: цукар мясцовага заводу ўсё ж будзе экспартавацца ў Расею. Расейцы падазравалі, што беларусы замест уласнага прадукту, вырабленага з буракоў, экспартуюць цукар з кубінскага трысьнягу. Вынікі расьсьледаваньня, праведзенага ў Маскве, абверглі гэтае падазрэньне. І таму слуцкае прадпрыемства, піша “Інфакур’ер”, сёлета зноў будзе працаваць напоўніцу.

Бабруйская газэта “Камэрцыйны кур’ер” паведамляе пра рабаваньне могілак у гэтым горадзе. Прычым, актыўнасьць тутэйшых могілкавых злодзеяў расьце год ад году. Асаблівую ўвагу іх прыцягваюць агароджы з нержавейнага мэталю. Напрыклад, на габрэйскіх могілках не засталося, як вынікае з публікацыі, ніводнай агароджы, якую б не захацелі скрасьці рабаўнікі. Апроч агароджаў, “пад нож” ідуць шыльды, зорачкі з помнікаў. А аднойчы злавілі злодзея, які пілаваў магільны крыж. Адна з прычынаў рабаваньня, паводле “Камэрцыйнага кур’ера”, адсутнасьць на бабруйскіх могілках вартаўнікоў. Другая прычына: у Бабруйску ёсьць кропкі нелегальнага збыту крадзеных рэчаў з могілак. Тут за кіляграм той жа “нержавейкі” злодзеям плацяць ад 2 да 2,5 тысяч рублёў. Потым гэты мэталь вывозіцца ў Расею, дзе, як зазначае бабруйскае выданьне, рэалізуецца ўжо па значна большай цане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG