Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзы пратэстуюць супраць дзяржаўнага кантролю над памерам заробкаў


Ул. інф. Кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) падтрымлівае пратэст Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) з нагоды далейшага узмацненьня дзяржаўнага рэгуляваньня заработнай платы ў арганізацыях рэальнага сэктара эканомікі.

Нагадаем, ФПБ накіравала ў Савет міністраў Беларусі заяву, у якой гаворыцца, што пастанова ураду "Аб некаторых пытаньнях рэгуляваньня аплаты працы работнікаў камэрцыйных арганізацый" прынятая ў парушэньне 63-га артыкула Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае рэгуляваньне памераў аплаты працы работнікаў на падставе калектыўнага дагавору.

ФПБ патрабуе прааналізаваць, з удзелам прафсаюзаў, дзеяньне згаданай пастановы па выніках за сакавік гэтага году і прыняць спыніць адміністрацыйныя мэтады абмежаваньня росту заработнай платы.

"Мы шчыра вітаем дзеяньні фэдэрацыі, скіраваныя на абарону правоў працоўных і прафсаюзаў. Аб''ектыўна гэта тыя дзеяньні, што закліканыя прадухіліць дзеяньне не самай лепшай пастановы Саўміна, – паведаміў Белапан лідэр БКДП Аляксандар Ярашук. – Калі ФПБ гатовая актыўна і пасьлядоўна змагацца за адмену гэтай пастановы, мы гатовы бачыць іх разам з намі на акцыі пратэсту, прысьвечанай менавіта гэтай пастанове".

Як ужо паведамляў Белапан, Мінгарвыканкам дазволіў Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) правесьці 13 красавіка два пікеты ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор і ў парку імя 50-годзьдзя кастрычніка.

"Нас ня вельмі задавальняе месца ў парку імя 50-годзьдзя кастрычніка. Цяпер нашы прадстаўнікі праводзяць кансультацыі з ГУЎС Мінгарвыканкама. Калі гэта будзе непасрэдна ў парку, то няма сэнсу праводзіць пікет у лесе, – зазначыў А.Ярашук. – Калі нам дадуць месца на мяжы парку і вуліцы Ванеева, – на досыць ажыўленай трасе горада, – тады пікетаў будзе два. Калі не – мы адмовімся ад гэтага месца і засяродзім усе намаганьні на плошчы Бангалор".

Акцыя пройдзе 13 красавіка з 15 да 18 гадзін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG